Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

“Крэмль не разьвітаўся з ідэяй дадушыць аўтаномію Лукашэнкі й Назарбаева”

Даючы Менску шчодрыя нафтавыя ільготы, Масква намагаецца “не спугнуць здабычу” – папярэджвае палітоляг Павал Усаў.

Крэмль не разьвітаўся з ідэяй зацягнуць Беларусь і Казахстан у Эўразійскі зьвяз – лічыць палітоляг Павал Усаў. Таму Расея магла даць шчодрыя нафтавыя ільготы Беларусі з мэтай “не спугнуць здабычу”. У сёньняшнім “Палітычным люстэрку” Павал Усаў і Аляксандар Папко высьвятляюць, ці пашле Лукашэнка беларускіх міратворцаў на Данбас і ці пагражаюць незалежнасьці Беларусі самі беларусы.

Першага кастрычніка Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку сваю даўнюю памочніцу Натальлю Пяткевіч. У апошнія месяцы свае пасады пакінулі Алег Праляскоўскі й Леў Крыштаповіч. Пра што можа сьведчыць чарговая адстаўка вернага паплечніка Лукашэнкі? Якая яе прычына?

П. Усаў: Натальля Пяткевіч не адзін раз траціла сваю пасаду, а затым зноў зьяўлялася на палітычным Алімпе. Таму я не разглядаю ператасоўкі Пяткевіч ці Праляскоўскага як нешта знакавае. Вакол Лукашэнкі насамрэч не так шмат людзей, на якіх ён мог бы разьлічваць. Звальненьне Пяткевіч можа быць зьвязанае з карупцыйнымі скандаламі. Вядома, што будаўнічыя фірмы, якія “крышавала” Пяткевіч, мелі выгадныя ўмовы ў Менску. Яе маглі адправіць у адстаўку, каб панізіць незадаволенасьць жыхароў Менска тым, што адбываецца ў будаўнічай сфэры. Але я ня думаю, што звальненьне Пяткевіч сьведчыць пра ўнутраную трансфармацыю палітычнай сыстэмы.

У інтэрвію тэлеканалу Euronews Аляксандар Лукашэнка заявіў, што можа адправіць беларускіх міратворцаў на Данбас. Ці сур’ёзная гэта заява, і як да яе паставіцца беларускае грамадзтва й самі вайскоўцы?

П. Усаў: Я ўпэўнены, што словы Лукашэнкі – гэта ўсяго толькі пустая дэклярацыя. Рэалізаваць яе цяжка з некалькіх прычынаў. Па-першае, міратворцаў высылае не прэзыдэнт Беларусі, а ААН. Рашэньне, каго й куды высылаць, прымае Рада Бясьпекі. Па-другое, ў Беларусі няма адпаведных рэсурсаў. У 2007 годзе была створаная спэцыяльная міратворчая рота, якая пакуль складаецца ўсяго з 30 вайскоўцаў, але ў выпадку неабходнасьці можа быць пашырана да 200. Аднак 200 вайскоўцаў ня вырашаць сытуацыі. Трэцяя прычына – гэта небясьпека міратворчых апэрацыяў. Напрыклад, у Малі за апошні месяц загінулі 10 міратворцаў. У такой сур’ёзнай гарачай кропцы, якая цяпер стварылася на Данбасе, беларускія міратворцы могуць панесьці вялікія страты, што адаб’ецца на адносінах насельніцтва да Лукашэнкі.

Беларусы ва ўкраінскім канфлікце захоўваюць прарасейскую пазыцыю – сьцьвярджаюць экспэрты НІСЭПД. На мінулым тыдні яны апублікавалі вынікі верасьнёўскага апытаньня. Больш за 50% беларусаў лічаць украінскія ўлады “фашыстамі”. 13% беларусаў заявілі, што ў выпадку ўводу расейскіх войскаў у Беларусь, “будуць вітаць такія дзеяньні”. 40% заявілі, што дастасуюцца да сытуацыі й ня будуць супраціўляцца. Наколькі сур’ёзная пагроза для сувэрэнітэту Беларусі сыходзіць ад саміх беларусаў?

П. Усаў: Незалежнасьць – гэта штодзённая праца, як і дэмакратыя, які грамадзянскія свабоды. Наяўнасьць гэтых элемэнтаў залежыць ад самаго грамадзтва. Калі беларусы абыякава ставяцца да будучыні сваёй краіны й абсалютна індыфэрэнтна падыходзяць да таго, будзе Беларусь у складзе Расеі ці не, то гэта сьведчыць пра тое, што краіна можа страціць незалежнасьць. Шмат якія сацыёлягі й антраполягі ўжо казалі, што Беларусь зьяўляецца “дзяржавай без народу”. А дзяржава без народу ня можа доўга існаваць.

Масква кампэнсуе Беларусі страты ад павышэньня ў Расеі падатку на здабычу карысных выкапняў і адначасовае зьніжэньне экспартных мытаў. Пра гэта заявіў у аўторак расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч. Баючыся страціць апошняга саюзьніка, Масква гатовая пайсьці на любыя саступкі Аляксандру Лукашэнку?

П. Усаў: Я ня веру, што ў Лукашэнкі ёсьць сілы й рэсурсы, каб дэнансаваць дамову аб стварэньні Эўразійскага зьвязу. Тым ня менш, у апошнія часы мы бачым, што Лукашэнка імкнецца ў адносінах з Захадам і Ўкраінай пазыцыянаваць сябе як незалежнага гульца. Пазыцыя Захаду да рэжыму Лукашэнкі ўжо зьмякчылася. Можна прадбачыць магчымасьць разгортваньня новага дыялёгу.

У такой сытуацыі ўвядзеньне ў сілу дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага зьвязу можа апынуцца пад пытаньнем. Казахстан таксама даволі крытычна ставіцца да палітыкі Расеі. Таму Масква стараецца “не спугнуць здабычу”. Яна хоча ўцягнуць Беларусь і Казахстан у структуры Эўразійскага зьвязу, дзе Крэмль спадзяецца “дадушыць” аўтаномію як Лукашэнкі, так і Назарбаева.

Размаўляў Аляксандар Папко

— See more at: http://www.radyjo.net/4/91/Artykul/183710#sthash.P3jeN1Ro.dpuf