Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

Трэба адкрыць «адкрытае грамадства». Па матывах выступу Джорджа Сораса на Давосаўскай канферэнцыі

Гадоў пятнаццаць назад адзін прафесар філасофіі распавёў анегдатычны выпадак са сваёй выкладчыцкай практыкі (гэта было на адным з польскіх універсітэтаў). Пачынаўся новы навучальны год, і на першай лекцыі па тэорыі пазнання ён тлумачыў студэнтам умовы праходжання курсу. Сярод іншага сказаў, што для паспяховага праходжання «вам неабходна азнаёміцца з працамі Карла Попера». Пасля лекцыі падышла да яго адна студэнтка і з недаўменнем спытала: «Ці вы ўсур’ёз казалі, што для праходжання курсу нам трэба чытаць «Гары Потэра»? Хоць гэта быў адзінкавы казус і мог мець выпадковы характар, то ўсё ж было нешта знамянальнае ў тым, што ў кантэксце тэорыі пазнання ўзнікла асацыяцыя не з Карлам Поперам – прадстаўніком крытычнага рацыяналізму, а з Гары Потэрам – сімвалам магічнага ірацыяналізму.

         Нешта падобнае можна сказаць і пра адкрытае грамадства. Хоць не чуваць, каб хтось паблытаў адкрытае грамадства з Акадэміяй Чарадзейства «Хогвартс», але гэта слабое суцяшэнне, зважаючы, што людзі паўсюдна блытаюць яго з самымі рознымі рэчамі: ідэалогіяй эмансіпацыі, лева-цэнтрысцкай палітыкай, глабалізацыяй, Дэмакратычнай партыяй ЗША, рэлятывізмам, бязвізавым рэжымам ігд. Адсюль пастулат: трэба адкрыць «адкрытае грамадства».

Дзе мяжа паміж адкрытым і закрытым грамадствам?

         Праблема пагрозы для «адкрытага грамадства» або «ліберальнага парадку» ўжо каторы раз ўздымаецца падчас Мюнхенскіх канферэнцыяў па бяспецы. У 2017 годзе Вольфганг Ішынгер, старшыня МКБ, з горыччу адзначаў, што зараз назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадства», прычым унутры заходняга свету. У канферэнцыйным рапарце 2018 года гэта тэма зноў паўстала, да таго ж з’явіўся там своеасаблівы дыягназ: «Трамп і яму падобныя лідэры ў іншых частках Захаду прасоўваюць неліберальнае разуменне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на ліберальных каштоўнасцях і дэмакратычных дасягненнях»[1]. Эксперты Мюнхенскай канферэнцыі-2018, як бачна з кантэксту, атаесамляюць «адкрытае грамадства» і «ліберальныя каштоўнасці», скуль можна высноўваць, што гісторыя, культура і рэлігія пазначаны як несумяшчальныя з адкрытым грамадствам. Гэта – прыклад аднаго з многіх непаразуменняў вакол гэтага канцэпту.

         Кім – водле Попера – з’яўляюцца «ворагі» адкрытага грамадства? Кансерватары? Няпраўда, бо ў шэрагах Вялікага Пакалення, якое праклала ў старажытнай Грэцыі шлях да адкрытага грамадства, сустракаем Сафокла і Фукідыда, выбітных кансерватараў. Рэлігія? Няпраўда, бо вучэнне Ісуса Хрыста і як мінімум некаторыя плыні хрысціянства Попер успрымае як этапы станаўлення адкрытага грамадства. Камунізм? У значнай ступені так, але і тут Попер пакідае поле для магчымасцяў: прыкладам, наяўны ў марксісцкіх плынях акцэнт на актыўнасць чалавека ў ажыццяўленні грамадска-палітычных зменаў – гэта таксама элемент адкрытага грамадства. Нацыяналізм? Тут справа неадназначная, бо Попер апераваў пераважна тэрмінам «трыбалізм», якое мела даволі акрэсленае значэнне: поўнае падпарадкаванне індывіда племянному інтарэсу шляхам прыдзялення яму сталага месца ў грамадскай іерархіі. Паколькі мадэрны нацыяналізм далёка не заўсёды з’яўляецца трыбалізмам, няма падстаў абвяшчаць і яго несумяшчальным з адкрытым грамадствам.

         З другога боку, тыповым «ворагам» адкрытага грамадства была наватарская канцэпцыя Платона, нягледзячы на тое, што змяшчала ў сабе пастулат гендэрнай роўнасці, адмову ад «традыцыйнага разумення» сям’і і разрыў з шэрагам культурных традыцыі тагачаснай Грэцыі. Ворагам была таксама філасофія Георга Гегеля, і гэта пры тым, што ад моманту паўстання і да сённяшняга дня яна ўтварае крыніцу натхнення для многіх прагрэсісцкіх і ліберальных рухаў.

         Такім чынам, мяжа паміж «адкрытым» і «закрытым» грамадствам не праходзіць уздоўж звычаёвых ліній: ліберал – кансерватар, левы – правы, атэіст – веруючы, прагрэсіст – традыцыяналіст ігд. А сёння трэба сказаць больш: па меры таго, як леваліберальны трэнд пачаў станавіцца мэйнстрымам, рознага роду вузкалобыя канфармісты пачалі ціснуцца пад гэты парасон, забіраючы з сабой і свае даўнія манеры: этыкеткавую аргументацыю, веру ў гістарычнае наканаванне, патрабаванне прывілеяў для сваёй ідэалогіі інш.

Чаму крытык дэмакратыі стаў сімвалам адкрытага грамадства?

         Дык у чым – водле Попера – палягае адкрытае грамадства? Попер быў крайне скептычны да дэфініцый як даследчага метаду, таму няма сэнсу ў яго шукаць нейкай «кананічнай дэфініцыі». Шмат чаго, аднак, можам даведацца, звярнуўшы ўвагу на тое, хто – на яго думку – з’яўляецца сімвалам «адкрывання грамадства». Гэтым сімвалам быў старажытнагрэцкі філосаф Сакрат. Кім быў Сакрат і чаму менавіта ён стаў галоўным героем «адкрытага грамадства»?

         Гістарычны Сакрат быў, як вядома, асуджаны на смерць афінскім дэмакратычным судом. Платонаўскі Сакрат (той, каторы явіцца як адна з дзеючых асобаў у дыялогах Платона) быў крытыкам Афінаў і крытыкам дэмакратыі як такой. Складана сказаць, наколькі погляды платонаўскага Сакрата супадалі з поглядамі гістарычнага Сакрата, аднак з вялікай дозай праўдападабенства можна сцвердзіць, што той другі Сакрат не належаў да кола энтузіястаў дэмакратыі[2]. Але пры ўсім гэтым Попер піша, што Сакрат быў «найвялікшым пашыральнікам гэтай веры, гзн. адкрытага грамадства». Як так сталася, што чалавек, які (а) быў асуджаны на смерць дэмакратычнай дзяржавай; (б) (імаверна) быў крытыкам Афінаў; (в) (імаверна) быў крытыкам дэмакратыі, а прынамсі некаторых яе інстытутаў – такі чалавек абвешчаны найвялікшым пашыральнікам адкрытага грамадства? Адказ гучыць так: бо ён прасоўваў крытычнае мысленне.

         Рацыянальная дыскусія, крытычнае мысленне, вера (sic!) у розум – вось што ляжыць у аснове адкрытага грамадства ў разуменні Попера. Джордж Сорас слушна нагадаў аб гэтым у свай давосаўскай прамове. (Што да яго шматгадовай практыкі раздаваць направа і налева біркі «ворага» і «сябра» адкрытага грамадства – гэта ўжо іншая тэма.) Адкрытае грамадства на тое і «адкрытае», што ў ім зведзены да мінімуму ідэалагічныя ці палітычныя бар’еры, затое асаблівае значэнне набываюць базавыя прынцыпы рацыянальнай дыскусіі.

         Розніца паміж адкрытым і закрытым грамадствам – гэта не розніца ідэалогій, а розніца мысленчай культуры. Культура закрытага грамадства характарызуецца наступнымі рысамі:

         (а) наканавальніцтва: перакананне наконт таго, што сілы гісторыі, прыроды, эвалюцыі або багоў кіруюць грамадскім працэсам, а людзі могуць усяго толькі «падладзіцца» пад гэты працэс;

         (б) наіўны натуралізм: успрыманне звычаяў, нормаў і традыцый як «законаў прыроды», якія немагчыма змяніць і на якія немагчыма паўплываць;

         (в) арганіцызм: перакананне, што грамадствы, народы, класы, дзяржавы, культурныя групы ўяўляюць з сябе арганічныя цэласці і характарызуюцца сваёй унутранай «сутнасцю» (напр. «сутнасна талерантны народ», «сутнасна прыгнятальніцкі клас» ігд.);

         (г) рэлятывізм: перакананне, што няма аб’ектыўнай праўды і што сцвярджэнне праўды заўжды залежыць ад «пункту гледжання»;

         (д) розныя формы ірацыяналізму ўзведзеныя ў ранг вызначальнікаў грамадска-палітычнага жыцця: містыцызм, эстэтызм, утапізм, абсалютызацыя аўтарытэтаў ігд.

         Было б цікава прааналізаваць «ліберальную дэмакратыю» апошніх 25 гадоў на прадмет мысленчай культуры. Колькі ў ёй аказалася б рудыментаў закрытага грамадства, а колькі – праяў грамадства адкрытага? Гэта задача на маштабнае і часаёмкае даследаванне. На дадзены момант абмяжуемся двума падагульняльнымі сцвярджэннямі:

         (1) Няпраўда, што «культура, рэлігія і гісторыя» несумяшчальныя з адкрытым грамадствам. Несумяшчальным можа быць той ці іншы ўжытак з гэтых рэчаў, але тое самае можна сказаць пра шэраг рэчаў, якія прынята лічыць «прагрэсіўнымі»: эмансіпацыйны дыскурс, мультыкультуралізм, сацыялізм і інш.

         (2) Падзел паміж закрытым і адкрытым грамадствам праходзіць не па лініі правыя – левыя, рэлігія – атэізм, кансерватары – прагрэсісты, а па лініі крытычнае мысленне – інэрцыйнае мысленне.

* * *

         Трэба адкрыць «адкрытае грамадства». Перадусім яго варта адкрыць у самым літаральным сэнсе: узяць кнігу Карла Попера «Адкрытае грамадства і яго ворагі» і пачытаць. Не для таго, каб знайсці «гатовыя адказы» (гэта супярэчыла б прынцыпу крытыцызму), а для таго, каб прыгадаць, што ляжала ў аснове гэтай канцэпцыі. Веданне, што было ў аснове – гэта перадумова ўдасканальвання, крытыкавання або відазмянення дадзенай канцэпцыі.

         Па-другое, «адкрытае грамадства» трэба адкрыць у пераносным сэнсе, гэта значыць вызваліць ліберальны дыскурс ад непатрэбных табу, шкодных стэрэатыпаў, штампаў, замаскіраваных спосабаў выключэння, інтэлектуальнага прымітывізму ігд., якімі так моцна пазначана публічная прастора заходніх грамадстваў (усходнія грамадствы – гэта тэма на асобную гутарку).

Пётр Рудкоўскі


[1]     Munich Security Report 2018 To the Brink – and Back?  https://www.securityconference.de/en/discussion/munich-security-report/munich-security-report-2018/ p. 8.

[2]     Попер лічыць, што Платон перавярнуў дагары нагамі погляды свайго настаўніка, але гэта ўсяго толькі дапушчэнне, якое як мінімум раўнасільнае з дапушчэннем, што Платон гэтыя погляды ўсяго толькі мадыфікаваў (а не змяніў радыкальна).