Дух нацыі

Бела-чырвона-белы сцяг гэта ўжо непахісны дух адроджанай нацыі, гэта сымбаль барацьбы супраць тыраніі і ён будзе існаваць і функцыянаваць як звыш ідэя пакуль функцыянуе гэты рэжым і сам Лукашэнка. Пасля чаго сцяг безумоўна стане адзіным дзяржаўным сымбалем Беларусі.

Бела-чырвона-белы колер гэта духоўнае выражэнне усяго чалавечага, што ёсць у беларускім грамадстве: годнасць, праўда, смеласць, мужнасць, сумленнасць, ахвярнасць, прыгажосць, будучыня. Усе тое, што супрацьстаіць чорнаму, хлусліваму, змрочнаму, баязліваму. Забараніць бела-чырвона-белы сцяг гэта тое самае, што забараніць Праўду, ці жыццё.Зрэшты, гэты сцяг і без таго быў фармальна забаронены ў гэтай сістэме. Лукашэнка і ягонае стада змагаліся з нышымі сымбалямі 20 год пры дапамозе ўсіх мажлівых рэсурсаў: ад ідэалогіі да судоў. Але, як мы бачым, сцяг і герб не толькі выжылі, але перамаглі, зліліся з палітычнай культурай.

Сёння, забарона Сцяга азначае толькі дадатковае ўзвялічванне нашага сымбаля, ушанаванне яго, прызнанне, што сістэма не мае нічога і не будзе мець на ўзроўню ідэі, каб супрацьстаяць народнаму Сцягу. Відавочна, што камуністычныя знакі паміраюць разам з дыктатарам, і тое, што атаясамліваецца са смерцю, Карпенковым і канцэнтрацыйнымі лагерамі не мае права на існаванне.

Фактычна цалкам падарвана універсальная (ідэйная, духоўная) легітымнасць лукашэнкаўскай дзяржавы і таго грамадства, што ён намагаўся пабудаваць.А гэта значыць, што не гледзячы на забароны ідэя сцяга будзе і далей раз’ядаць лукашэнкаўскую ідэалогію. Кіроўная групоўка можа бясконца забараняць розныя рэчы: мову, словы (белы і чырвоны), абрэвіятуру БЧБ, камбінацыю адзення і растрачваць на гэта ўнутраныя рэсурсы, вычэрпваць сябе і прыспешваць сваю смерць. Гістэрыя і параноя сістэмы будзе настолькі гіпертрафіраваная, што некалькі лісткоў бела-чырвона-белага колеру, якія з’явяцца на заводах, ці ўніверсітэтах могуць паралізаваць іх працу.

Сцяг на дрэве больш страшны для сістэмы чым галалёд і збанкруціўшыся завод, ці кавід. З ідэяй, якая ахапіла народ, якая звязаная з надзеяй на лепшае, на новае немагчыма змагацца, і нават немагчыма забіць. Як напрыклад Рымская Імперыя спрабавала забіць хрысціянскі рух. Варта ўзгадаць, што «рымская прапаганда» малявала хрысціян крыважэрнымі, якія п’юць чалавечую кроў і прыносяць дзяцей у ахвяру свайму богу. Рабіла з іх «фашыстаў». Нічога не мяняецца, і чым больш актыўна тыранія змагаецца з сымбалямі духа, тым хутчэй прыйдзе яе распад.

Павел Усаў