Па-за ўсякім сумневам, дзеянні ФСБ і КДБ па захопу «тэрарыстаў» у Маскве мелі выразную палітычную задуму, звязаную з рэалізацыяй цэлага шэрагу крокаў, накіраваных на захоп Беларусі. Пазіцыя Пуціна, агучаная ў яго сённяшнім пасланні, адносна змовы супраць Лукашэнкі не толькі «легітымізавала» факт замаху, але і запусціла механізмы па ажыццяўленні шырокамаштабнай атакі на незалежнасць Беларусі.
«Змова» ужо прадстаўлена як спроба агрэсіўных дзеянняў Захаду супраць «законных» уладаў Беларусі, з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, з перспектывай яе акупацыі. Адпаведна, відавочна варожыя дзеянні заходніх дзяржаваў даюць поўнае права Расеі абараніць свайго хаўрусніка.
Падобныя правакацыйныя практыкі, якія арганізоўвалі таталітарныя дзяржавы для развязвання вайны або акупацыі суседніх тэрыторыяў, добра вядомыя. Напэўна самай паказальнай была аперацыя «Кансервы», якую ажыццявілі гітлераўцы ў 1939 годзе і якая стала прамой падставай для нападу Германіі на Польшчу, што прывяло да пачатку Другой Сусветнай вайны. Расея таксама неаднаразова ладзіла інфармацыйныя і іншыя правакацыйныя дзеянні, каб стварыць умоўна законныя падставы для ажыццяўлення агрэсіі, да прыкладу ў адносінах да Украіны: акупацыя Крыму і развязванне вайны на Данбасе.
Што тычыцца Беларусі, то тут мы таксама маем справу з ідэалагічнай і інфармацыйнай падрыхтоўкай для пашырэння расейскага вайскова-стратэгічнай прысутнасці ў Беларусі, ці яе інтэграцыйнага захопу. Істотнае адрозненне толькі ў тым, што цяперашняя аперацыя «Кансервы» рэалізуецца з вымушана-добраахвотнай згоды Лукашэнкі.
Мэта дадзенай правакацыі ў тым, каб паказаць, што менавіта Захад стаіць за арганізацыяй палітычнага крызісу ў Беларусі, і што іх дэструктыўная палітыка падштурхнула Лукашэнку да радыкальных дзеянняў па абароне суверэнітэту Беларусі з дапамогай Расеі. І што ў гэтым выпадку Масква вымушаная выступаць як гарант бяспекі для насельніцтва саюзнай дзяржавы. Маскоўская правакацыя ў нейкай ступені павінна схаваць той факт, што Лукашэнка страціў здольнасць кіраваць дзяржавай.
У сітуацыі, якая склалася, можна разглядаць два магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, у выніку чаго будзе канчаткова знішчаны суверэнітэт краіны:
Падпісанне ўсіх дарожных карт па паглыбленай інтэграцыі. Што фактычна азначае эканамічнае, а ў перспектыве і палітычнае паглынанне Беларусі ў межах саюзнай дзяржавы. Гэта таксама ўключае маштабнае разгортванне расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі нашай краіны.
Размяшчэнне расейскага вайсковага кантынгенту (вайсковай базы) на тэрыторыі Беларусі, альбо стварэнне актыўнага змешанага беларуска-расейскага вайсковага падраздзялення ў рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў. Гэта можа адбыцца літаральна на працягу некалькіх дзён, тым больш, што для гэтага таксама ёсць усе фармальныя падставы прапісаныя ў Саюзнай дамове і ў шэрагу іншых дакументах, якія тычацца ваенна-стратэгічнай супрацы дзвюх краін.
У сваю чаргу, ваенна-тэхнічныя магчымасці, умовы знаходжання расейскага ваеннага кантынгенту могуць быць акрэсленыя спецыяльным дэкрэтам Лукашэнкі.
У любым выпадку Масква падрыхтавала інфармацыйны, ідэалагічны і палітычны плацдарм для таго, каб Беларусь цалкам перайшла пад геапалітычны кантроль Расеі.
Павел Усаў/belsat.eu