Сёньня беларусам даводзіцца змагацца за права суб’ектнага існаваньне ў жаданай цывілізацыйнай прасторы – Эўропе. Акрамя вайсковай адвагі нам патрэбна мужнасьць, каб крытычна паставіцца да сацыяльнага вопыту савецкіх і постсавецкіх часоў і набыць звычку думаць сябе як нацыянальная дэмакратычная супольнасьць.
Шлях да беларусізацыі ляжыць праз пераасэнсаваньне, а часам і вызначэньне грамадзкіх каштоўнасьцей. Дыскусія аб каштоўнасьцях дапамагае акрэсьліць агульныя ідэалы, адказаць хто мы як нацыя і як мы бачым вольную Беларусь. Таму прапаную паразважаць над тым, якое месца ў нашым грамадзтве займае разуменьне агульнага дабра.
«Не жывіце цалкам ізалявана, замыкаючыся ў сабе, як быццам вы ўжо ўратаваныя, але зьбірайцеся замест гэтага, каб шукаць разам — агульнае дабро». (Пасланьне Варнавы, 1-2 ст. н. э.)
Агульнае дабро гэта адна з маральных падстаў грамадзтва, якая ў палітычную думку прыйшла з хрысьціянства. Яшчэ Сьвяты Аўгусьцін сцвярджаў, што дабрабыт чалавека заключаецца ў дабры ўсяго грамадзтва, агульным дабры.
Сучаснае каталіцкае сацыяльнае вучэньне разглядае агульнае дабро не толькі як «сацыяльныя ўмовы», якія дазваляюць людзям рэалізаваць сябе, але і як канчатковую мэту чалавечага жыцьця. Згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касьцёла чалавечая асоба не можа зьдзейсьніцца ў сабе, а толькі “з” іншымі і “для” іншых”. «Мэтай жыцьця ў грамадзтве з’яўляецца гістарычна дасягальнае агульнае дабро».
Паводле хрысьціянскай канцэпцыі агульнага дабра дзяржава павінна забясьпечваць шанаваньне і разьвіцьцё асобы, дабрабыт грамадзтва, мір і справядлівасьць.
Існуе таксама карпаратывістычная дактрына агульнага дабра, якая большае значэньне адводзіць абавязкам грамадзян у дачыненьні да дзяржавы. Згодна з гэтай канцэпцыяй дабро дзяржавы пераважае дабро асобы і дзяржава можа абмяжоўваць яе свабоды.
Пасрэднае ці беспасрэднае аднясеньне да агульнага дабра сустркаецца ў большасьці сучасных дзяржаўных канстытуцый.
У выпадку канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аднясеньне пасрэднае. У артыкуле 2 канстытуцыі чытаем:
Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю грамадзтва і дзяржавы.
Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэньне ўмоў для свабоднага і годнага разьвіцьця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананьне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
У другім разьдзеле Канстытуцыі пералічваюцца такія абавязкі грамадзяніна перад дзяржавай як ахова прыроднага асяроддзя (арт. 55), выплаты дзяржаўных падаткаў (арт. 56), абарона Рэспублікі Беларусі (арт. 57).
Для параўнаньня ў канстытуцыі Польшчы правадаўцы сцвердзілі наўпрост: “Рэчпаспалітая Польшча – агульнае дабро ўсіх грамадзян” (арт. 1).
Ці маглі бы мы спрабаваць акрэсьліць, чым ёсьць агульнае дабро для беларусаў?
У сучаснай Рэспубліцы Беларусь чалавек пазбаўлены ўсіх правоў, а краіна ўцягнутая ў міжнароднае вайсковае злачынства – агрэсію супраць Украіны. Таму цяпер бачу нашае агульнае дабро не ў дзяржаве, а перадусім у грамадзянскай супольнасьці. Праз грамадзянскую супольнасьць народ рэалізуе свой сувэрэнітэт, сваю волю. Гэта грамадзянскія супольнасьці ад імя ўсяго народа засноўваюць сучасныя дзяржавы.i Менавіта ў грамадзянскай супольнасьці, дзе адбываецца бесьперапынная камунікацыя, родзіцца ўяўленьне агульнага дабра. Дзяржава не павінна вызначаць “што для народа лепш”, навязваць свае каштоўнасьці. Няхай вопыт 30 гадовай дыктатуры вучыць нас быць насьцярожанымі да любой улады, нават дэмакратычнай, і клапаціцца пра нашае агульнае дабро – грамадзянскую супольнасьць.
Бэла Зак