Рыхтуецца да публікацыі новае даследванне Chatham House па Беларусі. Рыгор Астапеня ужо трохі прыадчыніў таямніцу і ў сумесным эфіры з Арцёмам Шрайбманам і Жэні Сугак распавёў након найбольш вядомых у беларусаў з гарадоў, узростам да 35 гадоў, палітычных каментатараў, блогераў, журналістаў. Гэны пункт у апытанні быў адкрытым, удзельнікі самі называлі свае варыянты.
Адразу адзначу, што сёння ў Беларусі немагчыма зрабіць якаснае, рэпрэзентатыўнае сацыялагічнае даследванне. Але пэўныя тэндэнцыі па тых даследваннях, што робяцца, пабачыць можна.
Дык вось першым у спісу ідзе адзін з галоўных расейскіх прапагандыстаў, без перабольшання сімвал эпохі, Уладзімір Салаўёў. Далей на другім месцы таксама расейскі, але ўжо “ліберальны” прапагандыст Максім Кац. Дарэчы вельмі раю відэа ўкраінскага ютубера з каналу Укропчык, якое ён прысвяціў дзейнасці Каца (усё зроблена па адкрытых крыніцах). Також сімвалічна, што зусім нядаўна Кац выходзіў у эфір на канале Салаўёва, але гэта ўжо дробязі.
Далей ідуць Дудь, Скабеева, Азаронак (першы “беларус” у спісе, але які), Сабчак, Гардзеева, Півавараў, Собалеў, Майкал Накі, Неўзораў, Варламаў, Шрайбман (ажно на 13 месцы), Фейгін, Гардон (кіеўскі), Папоў (муж Скабеевай), Арастовіч, Сіманян, Марат Мінскі, Парфёнаў і г.д.
“Вось ты кажаш пра зацягнуўшуюся інтэграцыю. Дык яна ужо здарылась! Адныя расейцы!” – адрэагавала на спіс Жэня Сугак. Далей адбылася невялічкая дыскусія па выніку якой была зроблена наступная выснова: апазыцыйная да рэжыму беларуская моладзь абірае расейскі “ліберальны” свет, а таксама пра навіны з беларусі шмат хто дазнаецца з расейскіх медыя, а ў беларускім ютубе адбываецца рэгрэс. Як напісаў адзін гледач з Беларусі Шрайбману: “Почему вас нет на Дожде?»
У нядаўна апублікаваным даследванні цэнтра Вардамацкага дадзеныя таксама не дадаюць аптымізму. Паводле дадзеных пераважная большасць апытаных выступае альбо за захаванне інтэграцыі з РФ, альбо за ўвогуле амаль немагчымы варыянт інтэграцыі адначасова і да РФ, і да Еўрапейскага Звязу (19,1%). 35% падтрымліваюць АДКБ і толькі 4%(у рамках пагрэшнасці) станоўча ставяцца да НАТА, 44,5% за саюз з Расеяй і толькі крыху менш за 14% за еўраінтэграцыю. І адносна статыстыкі за мінулыя гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да росту менавіта прарасейскіх настрояў – тыя хто раней вагаўся, сёння абіраюць Расею.
Таксама ў гэных даследваннях можна пабачыць, што для большасці беларусаў да сёння галоўнымі з’яўляюцца першыя дзве ступені піраміды Маслоў: “чарка, шкварка, інамарка, камуналка” і “абы не было вайны”(а тое што вайна на знішчэнне ўжо ідзе – бачыць ня хочуць). Усё іншае – толькі пасля паляпшэння ўласнага матэрыяльнага становішча і тое ня факт.
Трэба адзначыць, што гэта вялікая праблема і ня толькі для беларусаў, калі паўстае дылема паміж дабрабытам і будаўніцтвам уласнай нацыянальнай дзяржавы. Бо свабода – гэта такая рэч, за якую ў тым ліку трэба плаціць і эканамічным дабрабытам. Магчыма, калі б Беларусь ня выйшла са складу СССР, то у нас быў бы такі ўзровень жыцця як у расеян (або як кажуць “як у Маскеве”). І менавіта гэнымі словамі сёння з беларусамі гавораць усе расейскія прапагандысты ад Салаўёва, праз Сабчак, да Каца: калі мы будзем разам – у вас будзе танны газ, танна нафта, усё будзе лепш – вышэйшыя зарплаты та пенсіі і гэтак далей.
Але трэба разумець – няма эканамічных чыннікаў, якія спрыяюць імкненню народа да свабоды. Таму нельга вымяраць жаданне нацыі жыць ва ўласнай дзяржаве эканамічнымі катэгорыямі. Незалежнасць і свабода – гэта тое, што не вымяраецца эканамічнымі катэгорыямі. Як прыклад: Літва абвясціла незалежнасць у той час, калі СССР яшчэ існаваў і адразу атрымала эканамічную блакаду. У Вільнюс, Рыгу, Тбілісі ўводзілі танкі ў той час, калі беларусы (ў большасці) галасавалі за камуністычную партыю на выбарах у Вярхоуны савет БССР. І толькі калі СССР разбурыўся, Беларусь атрымала вакно магчымасці, каб абвясціць незалежнасць (у гэнай падзеі цяжка перабольшыць ролю дэпутатаў ад адносна невялічкай фракцыі БНФ у Вярхоўным савеце).
Калі казаць наконт ўласнай самаідэтыфікацыі, то ізноўку паўстае пытанне мовы. Такі дыскурс пакуль больш ідзе ва ўкраінскай інфапрасторы, але паступова пачынаецца і ў нас – калі кажуць, што рассейская мова – спадчына ня толькі Расеі і ня трэба аддаваць яе толькі Расеі.
Але што патрэбна аддаваць Расеі?
Расея сама ўсё узяла, калі прынесла расейскую мову на нашыя землі і прымусіла выхадцаў з гэных земляў рабіць выбар на карысць імперыі. Галоўны прыклад сёння – нобелеўская лаўрадка па літаратуры Святлана Алексіевіч. Таму нічога ня трэба нікому аддаваць, бо усё гэта – расейская культура. Няма ніякага значэння на якой тэрыторыі яна з’яўляецца. Калі яна з’яўляецца на расейскай мове – яна расейская. Буць дзе: у Беларусі, Літве, Польшы, ЗША, або Ізраілі. Калі людзі робяць выбар на карысць расейскай мовы, то гэта – расейская культура і ёсць часткай таго самага “Русского мира”.
Таму творы Алексіевіч, Філіпенкі ды іншых мусяць быць перакладзены на беларускую мову, каб наступныя пакаленні, якія, я яшчэ спадзяюсь, будуць размаўляць па беларуску, маглі чытаць іх на той мове, да моўнай і культурнай прасторы якой, як я мяркую, хочуць мець дачыненне названыя аўтары. Калі мы хочам заставіць нешта часткай менавіта нашай, беларускай, культурнай спадчыны, то трэба перакласці гэта на ўласную мову.
Таксама можна пачуць, што людзі, якія падтрымліваюць незалежную Беларусь, ды нават тыя, хто зара б’ецца з рассейскім светам на баку Украіны, размаўляюць расейскай мовай. “А какая разница на каком языке разговаривать?» — нажаль неразуменне важлівасці гэтага пытання ператворвае сёння Беларусь на краіну, пра якую прэзідэнты суседніх краін ужо кажуць: губернія Рассеі.
Сёння, аднак, абсалютна відавочна, што людзі, якія змагаюцца за існаванне незалежнай Беларусі, могуць размаўляць на любой мове, бо сама наша краіна з’яўляецца спадчынай шматгадовай, жахлівай і злачыннай русіфікацыі. Па выніку мы з’яўляемся краінай, у якой усё беларускае амаль цалкам загнана такім чынам, каб культура ня мела сучаснага вымярэння. Гэта не азначае, што калі мы хочам пабудаваць незалежную нацыянальную дзяржаву (а мы дарэчы нават ня ведаем ці будзем мець такі шанец, бо пакуль верагоднасць таго, што Беларусь перастане існаваць увогуле і будзе той самай губерніяй толькі павялічваецца) мы мусім пакідаць некалькі дзяржаўных моў. Нам, калі мы хочам увогуле зберагчыся як нацыя (пакуль нават ня цалкам сфармаваная), неабходны нацыянальный кансэнсус. Трэба разумець, што калі мы хочам каб Беларусь была, гэта мусіць быць такая звычайная краіна як Польша або Чэхіяй, дзе не размаўляюць расейскай мовай. Там расейскую мову ведаюць людзі старэйшага ўзросту, якія памятаюць, калі тыя краіны былі пад акупацыяй чырвонай імперыі. Або будзе такая Беларусь, або тут канчаткова будзе Расея, а таксама будзь які рэгіён які застанеццца расейскамоўным рана ці позна стане часткай расейскай дзяржавы.
Таму нам трэба па першае даць магчымасць нашым дзецям вывучаць беларускую мову і мець якасную беларускамоўную культурную прастору(як першы крок – пачніце размауляць з дзецьмі па беларуску), бо гэта – нашая будучыня і каб яна надыйшла неабходна выхаваць першае пакаленне, якое без усялякіх сумневаў будзе казаць, што яны – беларусы. Гэта не пытанне этнічнага паходжання, гэта пытанне самавызначэння. Па другое – шанаваць тых людзей, якія зрабілі выбар на карысць беларускай мовы і культуры тады, калі можна было зрабіць іншы, нашмат больш камфортны выбар. Як адзін з нядаўніх і вельмі паказальных прыкладаў тут – Мікіта Мелкзёраў. Усе людзі, якія працуюць над стварэннем беларускай культурнай прасторы з’яўляюцца як мінімум білінгвамі і ведаюць іншыя мовы значна лепей, чым беларускую і могуць тварыць гэнымі мовамі значна лепш, чым па беларуску. Уладзімір Мулявін быў расейцам з Расеі, але зрабіў вялічэзны ўнёсак менавіта ў беларускую культурную прастору і шмат кім успрымаецца выключна як беларускі музыка і кампазітар.
Неабходна каб беларусы пазбавіліся сваіх комплексаў, бо нам заўсёды прывівалі ідэю, што той, хто размаўляе на беларускай мове – маргінал, калхазан і г.д. Нам нельга сароміцца саміх сябе! Інакш трэба вызнаць, што беларусам не патрэбна Беларусь і мы ізноўку прыйдзем да губерніі.
Пакуль што, нажаль, нават у эміграцыі моладзь працягвае сароміцца свайго паходжання і сваёй мовы. Зміцер Лукашук у Ідэі Х кажа: вось прыехаў беларус у Польшчу, Нямеччыну або Штаты і праз невялікі час з’явіўся новы паляк, немец або амерыканец. Але я з ім не пагаджусь і гэта было б яшчэ вельмі добра калі б ён быў правы, бо пабачыўшы як гэта сапраўды выглядае, з большасці з’яўляюцца менавіта новыя расейцы у эміграцыі.
Калі ў бліжэйшыя гады мы ня здолеем пераадоліць гэныя тэндэнцыі – нашыя нашчадкі больш нідзе не ўбачаць ніякай Беларусі.
Dobrovolnik Michal