“Народные массы трусливы и слабоумны”
Валерыя Навадворская
Праз тры тыдні пасля пачатку вайны ў Ізраілі Лукашэнка прыпыніў сваё тактычнае маўчанне і загаварыў. Дарэчы, такое фірменнае маўчанне ў незразумелых/неадназначных сітуацыях даволі часта прыносіла яму палітычныя балы і для яго было б лепш працягваць маўчаць і на гэты раз. Аднак ведаючы ягоныя сяброўскія стасункі з Катарам, Іранам та Турэччынай, а таксама шматлікія антысеміцкія выказванні апошніх 30 год складана было чакаць чагосці іншага.
Яшчэ па старой савецкай традыцыі з 60-70-х “Ротшыльды з Ракфелерамі” з дапамогай ізраільскай ваеншчыны і сіанісцкіх змоўнікаў свараць “брацкія народы” якія проста хочуць жыць ды гадаваць дзетак, “амерыкосы” спрабуюць захаваць сваё дамінуючае становішча і недапусціць пабудовы шматпалярнага свету і таму развязвае войны па ўсім свеце. У адрас Ізраіля панесліся абвінавачванні ў тым, што кіраўніцтва краіны не дае магчымасці будаўніцтва незалежнай палестынскай дзяржавы, а толькі “заганяе іх пад зямлю”, што амерыканцы выкарыстоўваючы Ізраіль спрабуюць знішчыць Іран, змяніць там уладу (наогул такая заўзятая абарона Ірана ў гэтай гаворцы займае адмысловае месца) і немагчыма было забыцца згадаць палітычны крызіс у Ізраілі, або як гэта было “сапраўдную бойню”, прычым абвінавачванні ў празе вайны Лукашэнка прад’явіў усім бакам гэтага супрацьстаяння – як Нетаньяху і ягонаму ўраду, так і палітычным апанентам.
Далей быў элегантны пераход да пытанняў Еўропы, Украіны, выбараў у Польшчы і міграцыйнага крызісу. І зноў трэці сказ супярэчыў другому, а чацвёрты першаму. Па выніку ўсё зліваецца ў такую кашу, што калі спрабаваць гэта аналізаваць, то адразу можна рабіць выснову, што апісаныя падзеі адбываюцца ў нейкім іншым свеце, які грунтуецца на ўрыўках фактаў з рэальнага свету і падмацоўваецца “суверэннай” логікай.
Роўна тое ж самае можна сказаць і пра тую рыторыку, якая панавала ў дзяржаўных прапагандысцкіх медыя апошнія тры тыдні. Змешана ўсё што толькі можна, рыторыка змяняецца па некалькі разоў у адным 10-ці хвілінным эфіры, перакручваецца па некалькі разоў у артыкулах і паўсюль запраўляецца бясконцай канспіралогіяй і па запаведах гебельса – жахлівай брэхнёй. Уласна па вялікаму рахунку рухаюцца яны па той жа каляіне, што і іх расейскія калегі.
Пачалося ўсё ў першы ж дзень з рт-шных легіянэраў “Мінскай праўды” та іх ужо адлітых у граніце “Действия палестинцев – это победа Москвы и Минска”. У тэлеграм каналах з непрыхаваным захапленнем выкладваліся антысеміцкія публікацыі, усяляк высмейваліся з’ехаўшыя ў Ізраіль зоркі шоўбізнесу, выкладваліся фейкі (падмацаваныя твітамі вядомай трампісткі Марджары Тэйлар Грын) аб тым, што Україна ўзбройвала хамас (які па логікі прапагандыстаў добры, але з другога боку “гэта іншае”) ды гэтак далей. Асабліва вызначыліся каналы «Белорусский силовик», «Бондарева. Без купюр», ну і канешне “Жёлтые сливы». На іхным фоне нават Азаронак выглядаў неяк млява.
Маса супярэчнай інфармацыі суцэльным патокам аб’яднана мабыць адзіным пасылам – мы заўсёды правы і ва ўсім вінаваты “Запад”. Некаторыя з тэорый якія публікаваліся настолькі пераходяць усе магчымыя грані, што на платформах накшталт ютуба нават за пераказ гэтага можна атрымаць бан назаўжды.
Паступова па меры развіцця падзей рытырока прапагандыстаў усё больш схілялася да “преступлений израильской военщины”, вярнуў свае пазіцыі Азаронак, пачаліся нават заклікі да гуманізму, абвінавачванні і закліі спыніць ужыванне “сионистским режимом” забароненай зброі, пашыраліся тэорыі змовы, што ў падзеях у Бучы і на поўдні Ізраілю адны сцэнарысты і пастаноўшчыкі (такія смелыя тэорыі могуць выйсці бокам тэарэтыкам, бо, як кажуць, галоўнае ня выйсці на сябе).
Асобна хацелася б адзначыць рапарты аб тым, наколькі прафессійна працуюць беларускія дыпламаты ў Ізраілі, як арганізоўваецца эвакуацыя грамадзян Беларусі з рэгіёну і наколькі гэтаму перашкаджаюць краіны “Запада”.
У некаторым сэнсе пераломным момантам стала гісторыя з лякарняй у Газе, якой на бт адразу назвалі “чорным лебедзем”. Пасля гэтага пазіцыі ўмоўных Кедмі і Сатаноўскага (калі праводзіць аналогіі з расейскай прапагандай, якая фактычна адрозніваецца толькі некаторымі фармальнымі момантамі) цалкам знікла з радараў, а ў бой ірванулі “першы палестынец” Максім Шаучэнка і процьма так званых “экспертаў” з Турцыі (Окай Дэпрэм), Ірану(Хаял Муаззін) ды некаторых іншых краін. Актыўна пачаліся перапосты і цытаванне еўрапейскіх і амерыканскіх выданняў з відавочна антысеміцкім ухілам. Не адзін выпуск навін не абыходзіўся без рэпартажаў аб дэманстрацыях у падтрымку палестыны. Асаблівая ўвага надавалась дзеянням еўрапейскай паліцыі ды пастаянным адсылкам да падзей жніўня 2020 года.
Працягвалася гэта больш за тыдзень, але потым градус істэрыі быў некалькі зніжаны, Кедмі зноўку вярнуўся да Лебедзевай у якасці эксперта і былога супрацоўніка спецслужбаў, а агульная рыторыка максімальна наблізілася да таго, што выказаў Лукашэнка.
Падводзячы вынікі можна пазначыць наступнае – працягваецца масіраваная апрацоўка насельніцтва з мэтай канчатковага “збаўлення ад хімеры сумлення”. Апраўдоўваецца гэта ўсё натуральна крывадушнасцю і ілжывасцю ворагаў. Ня варта недаацэніваць наступствы ўсяго гэтага. Створаны медыйны фон, які гуляе вырашальную ролю пры любой сістэме, за адсутнасцю альтэрнатывы, нежаданнем большасці разбірацца ў працэсах і старанна фільтраваць інфармацыю ўжо сёння прыводзіць да жахлівых вынікаў. “У кожным чалавеку сядзіць свіння. Мы хочам, каб яна рохкала як мага гучней і строга па нашых загадах” – гэты прынцып ужо раней згаданага рэйхспрапагандыста з жахлівай хуткасцю працягвае рэалізоўвацца ў Беларусі, кожны дзень перабудоўваючы яе на сапраўдны БНДР.
Dobrovolnik Michal