Расія-Ірана: супярэчлівае сяброўства

На прыканцы 2023 года Тэгеран адчытаў прадстаўніка Расіі пасля заявы аб трох астравах у Персідскім заліве, спрэчных паміж Ісламскай Рэспублікай Іран (ІРІ) і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі (ААЭ). На сайце знешнепалітычнага ведамства Ірана гэта пададзена наступным чынам: іранскі МЗС выклікаў часовага паверанага ў справах РФ і выказаў яму рашучы пратэст з-за пазіцыі Масквы па пытанні прыналежнасці выспаў Абу-Муса, Малы Томб і Вялікі Томб.

Гэта адбылося праз некалькі дзён пасля таго, як на VI сесіі Расійска-Арабскага форума па супрацоўніцтве, які прайшоў у Марока, была прынята дэкларацыя аб урэгуляванні астраўнога канфлікту шляхам перамоваў, што Іран катэгарычна не задавальняе. Тэгеран заявіў аб сваім «вечным» суверэнітэце над астравамі і падкрэсліў, што абвяргае любыя прэтэнзіі на іх як «непрымальныя». Часоваму паверанаму ў справах РФ у іранскім МЗС указалі на неабходнасць павагі тэрытарыяльнай цэласнасці краін, падкрэсліўшы, што гэта прызнаны і асноўны прынцып адносін паміж народамі.

Фактычна, усё гэта стала паўтарэннем ліпеньскага скандалу з маскоўскай міністэрскай сустрэчай паміж Расіяй і краінамі Персідскага заліва, пасля завяршэння якой расійская дыпламатыя змагла прывесці ў шаленства іранскіх партнёраў подпісам пад прыкладна такім жа тэкстам выніковай заявы.

У выпадку з астравамі Расiя патрапіла ў чужы канфлікт, у якім любое яе рашэнне выклікае незадавальненне бакоў. З аднаго боку спрэчныя астравы аспрэчваюцца Іранам – пастаўшчыком узбраенняў для РФ, з другога – ААЭ — пральняй для адмывання шэрых і чорных грошай з РФ. І кожны з бакоў чакае, што Крэмль падтрымае ў гэтай спрэчцы менавіта яго. Іран, які распрацаваў у пачатку студзеня ўдарны дрон спецыяльна для Расіі і паабяцаў паставіць ёй балістычныя ракеты малай далёкасці, упэўнены, што Масква павінна падтрымліваць менавіта яго.

Пры гэтым рэжым Ірана знаходзіцца прыкладна ў такой жа сітуацыі, як і яго партнёры ў Расіі – калі ўнутранае развіццё ўжо немагчыма, а ўвесь рэсурс развіцця ў выглядзе экспартных галін краіны падмялi пад сябе сілавікамі (КВІР і ФСБ і іх адгалінаваннi-падабенства), якія сталі суб’ектам эканамічнай дзейнасці і кантралююць ўсе астатнія сферы. Фактычна ІРІ і РФ сёння – гэта тэрыторыі палітычных армiй, заточаных і здольных толькі на агрэсію, войны і захопы/адціскі. Як следства, на Блізкім Усходзе яны ўжо пачынаюць паводiць сябе як павукi ў слоіку.

Напрыклад, у Сірыі праіранскія проксі спрабуюць адціснуць у расейскіх «калегаў» актывы ПВК «Вагнер» — перш за ўсё нафтавыя аб’екты, якія кантраляваліся расейцамі. Сюды ж варта аднесці кантроль над мясцовым наркабізнесам, бо цяперашні сірыйскі рэжым, які падтрымліваецца Тэгеранам і Масквой, ужо існуе фактычна ў асноўным за кошт ператварэння ў наркакартэль, што прызнаюць нават крамлёўскія прапагандысты.

Іншых рэсурсаў у клана Башара Асада ўжо фактычна не засталося. Прамысловасць знішчана, радовішчы прыродных рэсурсаў захоплены: большая частка нафты пад кантролем ЗША, фасфаты – пад кантролем расійскіх і іранскіх сілавікоў, сельскагаспадарчыя тэрыторыі ў Ракке – амерыкацы, курды, Турцыя, Іран і г.д. А ўлада каштуе дорага, таму зараз яна аплачваецца наркотыкам каптагон, які мільярдамі таблетак вырабляецца ў сямейных лабараторыях Асада.

Яшчэ адна праблема ў адносінах паміж РФ і Іранам нарастае ў сувязі з актывізацыяй дзейнасці хусітаў. Нягледзячы на тое, што МЗС РФ не хавае свайго задавальнення тэрарызмам АнсарАлах ў Чырвоным моры, па факце менавіта Расіі, а не краінам Захаду і іх саюзнікам, давядзецца несці максімальныя для яе эканомікі выдаткі ад дзеянняў гэтых іранскіх проксі.

Калі дзякуючы падтрымліваемым Іранам экстрэмістам Чырвонае мора стане фактычна несуднаходным, Катар проста пераправіць свае газавозы ў абыход Афрыкі. У тым ліку таму, што еўрапейскі кірунак для яго не прыярытэтны – асноўныя пакупнікі катарскага газу знаходзяцца ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Таму нават поўная страта Еўропы для Катара не будзе нечым фатальным. Проста рынак ЕС у такім выпадку будзе амаль цалкам належаць амерыканскаму ЗПГ. Гандаль нафтай фактычна пацерпіць яшчэ менш – краіны Персідскага заліва зноў жа перанакіруюць свае танкеры ў Паўднёва-Усходнюю Азію ўзамен Еўропы, а еўрапейскі кірунак зоймуць ЗША.

Парадокс, але ў горшых умовах зараз аказваюцца менавіта расійскія сыравіннікі-нафтавікі – дзякуючы іранскім проксі, ім таксама давядзецца перанакіроўваць свае танкеры вакол Афрыкі. Аднак пры гэтым пакупнікі расейскай нафты знаходзяцца ў Азіі (Індыя, Кітай), а перакінуць сваю нафту ў Еўропу па зразумелых прычынах расейскія кампаніі не могуць. Таму менавіта яны будуць мацней за іншых у выніку несці выдаткі ад змены маршруту. А мяняць, хутчэй за ўсё, прыйдзецца – хусіты ўжо абстралялі расейскі танкер, могуць атакаваць і яшчэ.

Характэрна, што літаральна на наступны дзень, пасля таго як ракетамі саюзнікаў Ірана ў Йемене быў атакаваны танкер, які перавозіў расійскую нафту, а авіяцыя ЗША і Брытаніі нанесла ўдары па йеменскім порце Хадэйда і месцах пуску хусіцкіх ракет па караблях у Чырвоным моры, расійскі сенатар Касачоў заявіў, што гэтыя ўдары «нелегітымныя», бо ў іх «няма легітымных мэт».

Верагодна, ракетныя ўдары іранскіх проксі па гандлёвых судах – на думку прадстаўніка заканадаўчай улады РФ, – актам тэрарызму не з’яўляюцца. Логіка падобнага кшталту заканатворцаў – калi ААН не прызнала АнсарАлах тэрарыстамі, то яны і не тэрарысты. Аднак па такой логіцы ўсе зняволеныя, якія сядзяць у расійскіх і іранскіх турмах па абвінавачанні ў тэрарызме, таксама з’яўляюцца бязвінна асуджанымі, бо ў дачыненні да іх няма рэзалюцыі ААН аб прызнанні іх тэрарыстамі.

Супярэчнасці і праблемы існуюць і назапашваюцца паміж Расіяй і Іранам не толькі ў Блізкаўсходнім, але і ў Каспійскім і іншых рэгіёнах. У канцы восені 2023 года расейскі экспарт праз Іран сутыкнуўся з сур’ёзнымі цяжкасцямі. Маскоўскае выданне «Коммерсант» прызнае, што развіццё аднаго з самых гучных і распіяраных сумесных праектаў РФ і ІРІ, які павінен звязаць Індыйскі акіян і Балтыку – т.зв. транспартнага калідора Поўнач-Поўдзень – праз Каспійскае мора і Іран сутыкаецца з вялікімі праблемамі па наступных прычынах.

Усё яшчэ не ўзгоднена плацежная сістэма. У Іране прыняты наяўныя разлікі і працягваюцца перамовы аб злучэнні сістэм «Мір» і «Шэтаб». На Каспійскім моры не хапае глыбакаводных партоў. Казахстанскі Атыраў у цяперашні час апынуўся ў 30 км ад мора з-за абмялення, Актаў таксама дробны порт. Глыбакаводнымі застаюцца Баку і Махачкала. Яшчэ адна праблема – адсутнасць адзінага аператара, які кіраваў бы гэтым транзітна-транспартным калідорам. Пад пытаннем застаецца і характар транспарціроўкі грузаў праз Іран – там аўтамабільныя перавозкі танней чыгуначных.

У лістападзе Іран прапанаваў Арменіі замяніць іранскімі аналагамі расейскі газ і ўсё іншае, звязанае з энергетыкай і бяспекай, г.зн. з двума паказчыкамі, па якіх Ерэван крытычна залежыць ад Расіі. Аб тым, што Іран гатовы рэзка павялічыць пастаўкі газу ў Арменію, паведаміў у інтэрв’ю Civilnet пасол Ісламскай рэспублікі ў Ерэване Мехдзі Собхані. Паводле яго слоў, размова можа ісці аб нарошчванні экспарту ў 3-4 разы ў рамках праграмы «Газ у абмен на электраэнергію», якая дзейнічае з канца 2000-х, а ў жніўні была прадоўжана да 2030 года.

У рамках гэтага пагаднення Арменія штогод імпартуе 300-500 млн кубаметраў іранскага газу, у абмен на які Ерэванская ЦЭЦ пастаўляе ў Іран электрычнасць па «курсе» 3 кВт⋅г за 1 кубаметр. У Расіі пры гэтым закупляецца каля 2,5 млрд кубоў, што дазваляе «Газпрому» займаць прыкладна 85% армянскага рынку. У Тэгеране, як вынікае са слоў пасла, гатовы нарасціць пастаўкі да 1,5-2 млрд кубаметраў у год, што пакрые тры чвэрці патрэбнасцей Арменіі і можа дапамагчы Ерэвану скончыць з газавай залежнасцю ад Крамля.

Арменія, у сваю чаргу, выказвае імкненне развіваць гандлёвыя адносіны з Іранам і спадзяецца павялічыць абарот з 350 млн долараў у 2021 годзе да мільярда долараў у 2024 годзе. Пры гэтым энергетычная сфера адносіцца для Ерэвана да найбольш перспектыўных галін супрацоўніцтва. Само развіццё супрацоўніцтва звязана з імкненнем зменшыць эканамічную залежнасць ад Масквы.

Зараз паміж Іранам і Арменіяй дзейнічае дамова, па якой Іран пастаўляе газ, а Арменія ў адказ пастаўляе электрычнасць. Тэрмін дзеяння дамовы заканчваецца ў 2026 годзе, але бакі вырашылі падоўжыць яго да 2030 года. Калі Іран зойме 75% рынку Арменіі па забеспячэнні яе газам, з’явяцца аб’ектыўныя прычыны для таго, каб армянскае кіраўніцтва закрыла тэму саюзніцтва з Расіяй, якое яго адкрыта гняце.

Такім чынам падыходы Ірана і Расіі да іх «блізкаўсходняй» і «каспійскай» палітыкі не даюць узаемадзеянню гэтых краін перарасці ў нешта большае. Іншыя сферы, акрамя звязаных з ваеннай агрэсіўнасцю, агульнай базы для нарошчвання супрацоўніцтва Масквы і Тэгерана таксама не ствараюць.

(c) ceapp.info