Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

Віна і адказнасць

«Усе антыліберальныя сілы аб’ядноўваюцца супраць усяго ліберальнага.»

А. Мелер ван дэн Брук

Не паспеў зменшыцца ажыятаж, звязаны з інтэрв’ю Такера Карлсана як увага сусветных СМІ зноў апынулася прыкаваным да Расійскай Федэрацыі, але ўжо з іншай нагоды — гібелі за кратамі Аляксея Навальнага. Пры ўсім скептычным стаўленні да дзейнасці і асабліва поглядаў і выказванняў Аляксея, той злараднасці, якую можна назіраць у сетцы я не падзяляю. Тым больш улічваючы колькі палонных украінцаў і рэпрэсаваных беларусаў зараз знаходзяцца ў жахлівых умовах зняволення і ўспамінаючы пра тых, хто ўжо загінуў за кратамі. І на жаль, навіны пра іх гібель не атрымліваюць нават адной сотай долі ўвагі…

Гаворачы аб адказных і вінаватых варта разумець, што адказных прама ці ўскосна можа быць велізарнае мноства, але вінаватыя толькі тыя, хто ствараюць і падтрымліваюць дадзеную сістэму. І ў Беларусі і тым больш у Расіі гэта без перабольшання сотні тысяч людзей і пераважная большасць з іх не тое што віны, але нават долі адказнасці хоць за што-небудзь не адчуваюць. І спяць яны абсалютна спакойна, задаволеныя сабой.

Адказнасць жа шырэйшае паняцце і тут жадалася бы вярнуцца да таго самага нашумелага інтэрв’ю. 

Першае, што хацелася б адзначыць, гэта фармат і працягласць інтэрв’ю. Больш за ўсё гэта было падобна на выступленне сакратара ЦК наконт чарговай гадавіны стварэння Савецкага Саюза або смерці таварыша Леніна. Калягістарычная тырада ад самога Рурыка і да сённяшняга дня практычна ў стылі такіх легендарных фрыкаў як Валерый Чудзінаў або Анатоль Фаменка. Натуральна ўнутраная публіка ўспрымае гэта як «божье откровение». Putinversteher у Еўропе таксама цалкам падыходзіць падобны фармат. Але амерыканскі redneck (аўдыторыя Карлсана) да такіх двухгадзінных казачных гісторый не гатовы (там наогул не ўспрымаюцца ніякія гістарычныя прыклады, што было раней 19 стагоддзя) і хутчэй пасля пяці хвілін пераключыцца на бейсбол. Аднак гэта зусім не азначае, што гэты глядач не атрымаў ніякіх сэнсаў.

І якраз тут можна перайсці да другога пункта, цытуючы «наше всё» А. С. Пушкіна:

Оставьте: это спор славян между собой

Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою,

Вопрос, которого не разрешите вы.

Што павінен думаць просты глядач, які нават не ў стане паказаць Расію і Украіну на глобусе, прагледзеўшы хоць 5 хвілін дадзенага шоу: нешта там, дзесьці на іншай планеце славяне спрачаюцца адзін з другім і прычым тут мы і нашы падаткі? І гэта ж увесь час паўтарае Пуцін: «Вам что заняться нечем?»

Сотні экспертаў і палітыкаў так доўга працавалі над тым, каб сфарміраваць разуменне таго, што гэта не рэгіянальны, а глабальны канфлікт, што гэта барацьба за каштоўнасці і міравы парадак, а зараз адным інтэрв’ю створана адчуванне таго, што гэта праблемы іншых планет, пасеяна сумненне, за рахунак якога ўсе шматгадовыя працы фактычна памнажаюцца на нуль. 

І праблема, якой ужо дзясяткі калі не сотні гадоў, звязаная шмат у чым з тым, што на «захадзе» стала спрацоўвае расейскі наратыў — не заўважаць культуры іншых народаў, якія жывуць у складзе або ў непасрэднай зоне ўплыву гэтай псеўдаімперыі. Бо калі сур’ёзна паглыбляцца ў гісторыю, то на гэтых тэрыторыях знаходзіліся найстаражытныя дзяржавы, разгромленыя Масквой або зніклыя па іншых прычынах (як да прыкладу ардынскае нашэсце). Тут можна ўспомніць і аб Кіеўскім княстве, і аб Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, і аб мностве дзяржаў, якія існавалі тысячы гадоў у рэгіёнах Каўказа і Цэнтральнай Азіі, і канешне пра Вялікае княства і Рэч Паспалітую. А ў выніку ўсё зводзіцца да апошніх 500 гадоў гісторыі спачатку Маскоўскага княства, а потым царства, імперыі і г.д. І атрымліваецца, што Расея стагоддзямі пакарала і даводзіла да поўнай дэградацыі значна больш развітыя народы, але пры гэтым у свеце менавіта Расея ўспрымаецца як культурны пасіянарый на дадзенай тэрыторыі, а культуры іншых народаў з’яўляюцца перыферыйнымі і аграрнымі. І гэта пры тым, што такой да прыкладу рэчы, як магдэбургскае права і ўвогуле вольных гарадоў як такіх у Расіі не было ніколі. Бо менавіта горад з’яўляецца тым цэнтрам, у якім вольныя людзі і фармуюць саму цывілізацыю. Гісторыя ж Масквы пачынаецца са знішчэння веча князем Андрэем Багалюбскім і гэты дыктат бесперапынна працягваецца ўжо практычна тысячу гадоў.

Гаворачы аб сённяшнім дні, можна вылучыць некалькі ключавых момантаў у якіх цывілізаваны свет «даў пас» Расіі, што і прывяло да той катастрофы, якую мы можам назіраць сёння. Першы з момантаў – перамовы па Сірыі і іх парушэнне рэжымам Башара Асада, калі была выкарыстаная хімічная зброя і за гэтым не было абсалютна ніякіх дзеянняў у адказ. Тады дыктатуры ўсяго свету адчулі наколькі ў дадзены момант нерашучыя кіраўнікі «заходніх» краін. Літаральна за некалькі гадоў да гэтага дэмакратычныя краіны маглі ўзяць на сябе адказнасць і даць адпор аўтарытарным краінам, але гэта выклікала ўсеагульнае раздражненне і галоўным чынам у насельніцтва саміх жа дэмакратычных краін. І вось свет змяніўся і цяпер ужо дыктатуры беспакарана ўрываюцца ў іншыя краіны, а дэмакратыі проста назіраюць за ўсім гэтым і «выказваюць глыбокую заклапочанасць».

Другі момант, які знішчыў міжнароднае права, гэта Крым. Першая анэксія тэрыторыі ў Еўропе пасля Другой Сусветнай Вайны фактычна ня мела для Расіі ніякіх сур’ёзных наступстваў, адначасова з гэтым знішчыўшы сусветны парадак, які фармаваўся апошнія 70 гадоў. Наступныя гады «прымірэння агрэсара» са спробамі дамовіцца з Пуціным толькі пагоршылі сітуацыю, пераканаўшы апошняга ў поўнай беспакаранасці за ягоныя дзеянні. І ён умела разыгрывае гэтую карту і сёння, прыкідваючыся звар’яцелым і пагражаючы вуснамі Мядзведзева ядзерным апакаліпсісам.

Пакуль «Захад» не зразумее, што ранейшы сусветны парадак знішчаны і неабходна пайсці на рызыку і дзейнічаць рашуча, каб сфарміраваць новы, свет прырэчаны на далейшыя войны. У канчатковым выніку працяг існуючай палітыкі, як і ў мінулы раз, прывядзе да чарговай сусветнай вайны. І адна з галоўных прычын гэтаму — нерашучасць, непрафесіяналізм, адсутнасць пасіянарнасці і жадання браць на сябе хоць нейкую долю адказнасці. Варта толькі было Макрону заікнуцца аб французскіх вайскоўцаў, якія могуць быць накіраваныя ва Украіну, як на яго абрынулася хваля крытыкі не толькі ад французскага грамадства, але і ад ключавых саюзнікаў па NATO.

Да беларусаў і ўкраінцаў можна прад’яўляць любыя прэтэнзіі, але гэта так ці інакш постсавецкае грамадства. І калі ўкраінцы толькі-толькі пачалі разумець, што такое сусветная палітыка і ўвогуле цікавіцца светам, то беларусы працягваюць знаходзіцца ў цывілізацыйным халадзільніку выхаду з якога пакуль не відаць. Але «вялікія заходнія дзяржавы» ні ў якім халадзільніку не знаходзіліся, бачылі ўсю карціну свету і маглі скласці 2+2, а фактычна эліты дэманструюць абсалютна правінцыйнае мысленне і ірацыянальны страх.

Асноўная выснова, якая сама напрошваецца: маладушнасць нас усіх загубіць. І ўжо не атрымаецца перакласці ўсю адказнасць выключна на дыктатуры.

Dobrovolnik Michal

29.02.2024