14 снежня Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі аб’явіла Міхаіла Кавелашвілі абраным прэзідэнтам краіны. Выбары ўпершыню прайшлі па змененай сістэме. Прэзідэнта абірала калегія выбаршчыкаў, бо згодна з зацверджанымі ў 2017 годзе папраўкамі ў Канстытуцыю Грузіі, кіраўніка дзяржавы выбіраюць не ўсе грамадзяне краіны шляхам прамога галасавання, а спецыяльная Выбарчая калегія. У яе склад уваходзяць 300 прадстаўнікоў: усе 150 дэпутатаў парламента; 20 чальцоў вышэйшага прадстаўнічага органа Абхазскай аўтаномнай рэспублікі; 21 прадстаўнік Аджарыі; 109 дэлегатаў ад органаў мясцовага самакіравання (сакрэбула), якіх прызначаюць палітычныя партыі на падставе квот Цэнтрвыбаркама.
На выбарах М.Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам, яго вылучыла кіруючая партыя «Грузінская мара». Ён прадстаўляе саюзную ёй партыю «Сіла народа», якая выступае з папулісцкіх антызаходніх пазіцый. Па афіцыйных дадзеных, за Кавелашвілі прагаласавалі 224 выбаршчыкі з 300 пры неабходных 200 галасах. Большасць дэлегатаў (211 чалавек) прадстаўлялі кіруючую партыю «Грузінская мара». Прадстаўнікі апазіцыі байкатавалі паседжанне, заявіўшы, што не прызнаюць легітымнасць выбараў. Каля будынка парламента Грузіі ў Тбілісі, дзе праходзіла галасаванне, прайшлі масавыя акцыі пратэсту.
Міхаіл Кавелашвілі ў мінулым вядомы футбаліст, чэмпіён Расіі 1995 года ў складзе каманды «Спартак-Аланія» з Уладзікаўказа. Быў дэпутатам парламента 3-х скліканняў. Раней спрабаваў стаць прэзідэнтам рэспубліканскай федэрацыі футбола, але яму адмовілі з-за адсутнасці вышэйшай адукацыі. Цяпер ён стане шостым кіраўніком дзяржавы ў сучаснай гісторыі Грузіі. Дзякуючы гэтаму ў палітычнай гульні, калі казаць футбольнай тэрміналогіяй, кіруючая партыя «Грузінская мара» завалодала мячом.
Знешнепалітычная спецыфіка моманту дэманструе наступнае. Новага прэзідэнта краіны Міхаіла Кавелашвілі, няхай і пад акампанемент пратэстаў, але выбралі/прызначылі. Міжнароднае прызнанне хаця і вельмі важнае, але першасным для ўладаў не з’яўляецца. У той жа час, вельмі важна, як сябе павядзе адміністрацыя новага прэзідэнта ЗША і сам Д. Трамп. Якімі будуць іх дзеянні ў адносінах да Грузіі? Апазіцыя і ўлады сцвярджаюць, што кожнай з іх удалося павярнуць сітуацыю ў свой бок.
Пры гэтым у ЗША цяпер «уладная перазменка», і тамтэйшым палітыкам зараз проста не да Грузіі, а значыць – калі спроба істотна змяніць унутрыпалітычную сітуацыю ў нейкім выглядзе (уключаючы т.зв. «каляровую рэвалюцыю») і рыхтуецца, – гэта будзе чыстай вады ініцыятыва структур недзяржаўнага характару. Пры гэтым зразумела, што Грузія амерыканцам і еўрапейцам далёка не абыякавая. Хаця б таму, што яны вельмі шмат уклалі ў яе, спадзеючыся зрабіць Грузію ўзорнай «мадэллю Захаду» на Каўказе і нават за межамі рэгіёну.
З боку Еўразвязу магчымыя персанальныя санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў Грузіі. Але лічыцца, што яны да іх падрыхтаваліся – закрылі рахункі, вывелі сродкі. Для чыноўнікаў рэжыму на коне стаіць пытанне аб фактычна 20-гадовым бязмежным праўленні, таму часткай камфорту можна паступіцца. Тым больш, што іншыя магчымыя рашэнні, акрамя персанальных санкцый, ЕЗ пакуль нават не разглядаў і не абмяркоўваў, бо Брусель аддае перавагу руху крок за крокам, акрамя таго, шмат што могуць заблакаваць Венгрыя і Славакія.
Грузія – важная краіна для рэгіёну і маючых у ім цікавасць дзяржаваў, праз якую праходзяць транскаспійскія і чарнаморскія маршруты. Яна з’яўляецца натуральным калідорам звязнасці рэгіёну, таму кантроль над ёй каштуе дастаткова дорага. Цяпер актыўнасць на гэтым напрамку дэманструе Турцыя, проксі якой скупляюць газатранспартную сістэму Грузіі. Напрыклад, газаправоды ў рэгіёнах Грузіі набывае Азербайджанская SOCAR Gas Georgia (асноўны пастаўшчык у Грузію як прыроднага газу, так і нафты і нафтапрадуктаў).
Інфармацыйны фон прэзідэнцкай кампаніі звёў у цень паведамлення, што ўрад Грузіі ўхваліў прамы продаж газаправодаў у раёнах на захадзе краіны кампаніі за 19,8 млн лары ($ 7 млн), адпаведнае распараджэнне падпісаў прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ. Размова ідзе аб прыватызацыі 41 газаправода ў сёлах рэгіёнаў Імэрэці, Гурыя і Самэгрэла — Земо Сванэці. Працэс разлічаны на 17 гадоў, і выплаты па графіку дзяржаве пачнуцца з 2032 года. SOCAR будзе плаціць амаль па 2 млн лары ў год на працягу 10 гадоў.
Пакуль невядома, якія праблемы прынясе Грузіі і крушэнне 15 снежня двух расійскіх танкераў у Керчанскім праліве, якое па ацэнцы Greenpeace можа стаць адной з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у Чорным моры. Ад месца крушэння танкераў, да грузінскага Поці 650 кіламетраў, да Батумі каля 700 кіламетраў. Адпаведна, калі не ўдасца нейтралізаваць разліў нафтапрадуктаў, гэта можа нанесці ўрон расліннаму і жывёльнаму свету, а таксама вельмі цяжка адбіцца на берагавой лініі і эканоміцы рэгіёну.
Унутрыпалітычная спецыфіка моманту дэманструе наступнае. У Тбілісі зараз кіруе рэжым, які пераймае практыку ўтрымання ўлады ў рэжыма Пуціна. Ключавая праблема дэмакратычных пераўтварэнняў у Грузіі заключаецца ў тым, што ў свой час рэформы М. Саакашвілі праваліліся на верхнім эшалоне ўлады. Па сутнасці верхавіну эліты (наменклатурна-чэкісцкую, злодзейскую «воровскую», алiгархiчную і г.д.), у адрозненне ад нізавых карупцыянераў яны не закранулі. І яна па-ранейшаму амаль нічым не адрозніваецца ад таго, што мае месца ў Расіі.
Цяперашні «паўценявы гаспадар» Грузіі Іванішвілі – гэта свайго роду сумесь Пуціна і Беразоўскага ў адной асобе. У свой час ён сябраваў з апошнім і асабліва з яго лепшым сябрам Бадры Патаркацышвілі. Падчас свайго жыцця ў ельцынскай РФ, Іванішвілі быў па сутнасці восьмым членам т.зв. алігархічнай «сямібанкіршчыны».
Пры Ельцыне гэты грузінскі алігарх, які стаў тады мільярдэрам, быў «русафілам», затым адышоў ад рускіх і наблізіўся да Еўропы, атрымаў французскі пашпарт, уклаўся ў актывы ў Францыі. Аднак зараз у Грузіі ён вырашыў, што сваю ўладу будзе ўтрымліваць з дапамогай патрыярхата і аўтарытэту царквы, якая ў Грузіі яшчэ больш кансэрватыўная, чым у Расіі.
Да гэтага варта дадаць яшчэ і расійскі ўплыў, які, зразумела, ёсць, але не настолькі моцны, як пра гэта кажуць лібералы і апазіцыянеры. З іншага боку, і сама гэтая ліберальная апазіцыя не настолькі моцная, як ёй здавалася. Гэтыя людзі лічылі, што рэформы Саакашвілі ўмацавалі іх становішча, ачысцілі грузінскае грамадства і яно цяпер значна больш дэмакратычнае і менш карупцыйнае, чым, напрыклад, украінскае.
Нажаль, гэта не так. Рэжым у Грузіі, асабліва яго верхавіна, карумпаваны не менш за ўкраінскi і тым больш расійскi, і дзейнічае па падобных з імі схемах. Ён вельмі хоча ўтрымацца ва ўладзе як мага даўжэй, таму і выбірае пуцінскі шлях i метады. А зусім не таму, што Іванішвілі русафіл ці прыхільнік Пуціна. Паўценявы гаспадар Грузіі і яго паплечнікі ўвогуле маюць мала зносін з Расіяй і не любяць яе, але цяперашні рэжым у Тбілісі ўсімі сіламі захоўвае сваю сутнасць, якая аналагічная той, што сядзіць у Маскве.
Адгэтуль і запазычанне ў Крамля шаблону для барацьбы з іншадумцамі, заканадаўча абвешчанымі «інаагентамі». Першапачаткова гэта быў амерыканскі закон, які прынялi ў 1938 годзе супраць уплыву Гітлера і нацызму. Пуцін скрывіў яго сутнасць, запазычыўшы для ўмацавання свайго рэжыму – пасля т.зв. «справы Магніцкага» – больш за дзесяць гадоў таму, а сёлета ў Крамля яго з падобнымі мэтамі канчаткова запазычыў дэ-юрэ ужо i рэжым Іванішвілі.
Усё гэта і ператварае цяперашні грузінскі рэжым у нібы сябра Крамля, які спрабуе выкарыстоўваць у сябе такую ж самую як у РФ мадэль утрымання ўлады. З пункту гледжання Іванішвілі і Ко – тое, што дэманструе сеннешняя РФ – гэта даволі ўстойлівая мадэль, якая дазваляе захоўвацца на вяршыні ўладнай піраміды старым сем’ям і той самай верхавіне эліты, да якой, на жаль, у Грузіі так і не дабраліся рэформы Саакашвілі.
Выбары/прызначэнне шостым прэзідэнтам Міхаіла Кавелашвілі паказалі, што гэтая вярхушка і цяперашні рэжым Грузіі у цэлым не баяцца пратэстаў або санкцый, упэўненыя ў сваёй сіле, а таксама ідуць да пастаўленых мэтаў напралом.
Апазіцыя ж свой наймацнейшы матывавальны для масавай акцыі пратэсту шанец першапачаткова фактычна не выкарыстала. Памітынгаваўшы з 7-й гадзiны раніцы да позняй ночы, пасвісцеўшы і папiнаўшы мяч на праспекце Руставелі, працiўнікі рэжыму разышліся па дамам. I гэта пры тым, што далей пратэставаць супраць факта, які ўжо адбыўся, заўсёды складаней, чым адразу не дапусціць яго.
Цяпер жа адабраць «мяч» у «Грузінскай мары» – задача для апазіцыі стала яшчэ больш цяжкай, да таго ж ускладняемай наступнымі фактарамі. Выходзіць штодня ў снежні-студзені на масавыя акцыі пратэсту, не сустракаючы супраціву ўладаў, практычна нерэальна. У тым ліку з пункту гледжання ўмоў надвор’я. Для масавай забастоўкі, якая часта абмяркоўваецца апазіцыянерамі, перад навагоднімі святамі застаецца мала часу.
Як следства, па стане на сярэдзіну снежня 2024 года на палітычным полі Грузіі склалася наступная сітуацыя. Аднапартыйны Парламент пачаў сваю працу, 89 дэпутатаў кіруючай партыі «Грузінская мара» прымаюць прапанаваныя імі ж самімі законы. Апазіцыя працу галоўнага заканадаўчага органа байкатуе і мандаты атрымліваць не плануе.
Больш за трыццаць апазіцыянераў і ўдзельнікаў пратэстаў лістапада-снежня знаходзяцца ў СІЗА. Ім пагражае да 9 гадоў пазбаўлення волі (некаторым да 6 гадоў). Яшчэ 272 асобы атрымалі адміністрацыйнае пакаранне. Нягледзячы на гучныя заявы аб працягу барацьбы, крымінальны пераслед, з’яўляецца сур’ёзным ударам па радыкальным крыле і магчымасці ўзмацнення пратэстаў.
Дзеючы прэзідэнт Саламе Зурабішвілі заявіла, што не прызнае выбары ў сувязі з нелегітымнасцю самога парламента, а таму перадаваць паўнамоцтвы не мае намеру і аддасць іх толькі прэзідэнту, абранаму парламентам, які будзе абраны легітымна і без парушэнняў.
Важнымi рэперна-бiфуркацыйнымi кропкамi ў пратэстах застаюцца пазбаўленне дзейнага прэзідэнта С. Зурабішвілі паўнамоцтваў, а таксама інаўгурацыя 29 снежня «новага кіраўніка дзяржавы» М. Кавелашвілі.