Галоўным метадолагам пасля смерці ГэПэ (Георгія Пятровіча) Шчадравіцкага стаў ягоны сын Пётр (Шчадравіцкі-малодшы). У новай, постперабудоўнай Расіі, дзякуючы ягонай актыўнасці і знаёмствам па камсамольскай і іншым лініям, паслядоўнікі вучэння нябожчыка гуру з лёгкасцю здолелі знайсці сваё месца ў ідэалагічнай сферы і сістэме новай улады, а таксама аказаліся страшна запатрабаваныя ў палітыцы.
Пётр Шчадравіцкі
У 1990-я гг. у Расійскай Федэрацыі і іншых постсавецкіх утварэннях з’явіліся палітычныя партыі і выбраныя органы. Выбары ішлі ўвесь час і хутка высветлілася, што гэта мерапрыемствы, якія ніхто ў краіне не ўмее нармальна арганізоўваць і праводзіць. А па новых правілах палітычнай гульні камусьці цяпер трэба было кансультаваць кандыдатаў, кіраваць штабамі, навучаць агітатараў, крэатывіць/прыдумляць — як і чым здзіўляць і прыцягваць выбаршчыкаў на вялізнай тэрыторыі.
За гэтую працу і ўзяліся метадолагі, стаўшы «піянерамі постсавецкага палітычнага PR». Першым расійскім паліттэхнолагам (а таксама «вядучым гуманітарным тэхнолагам Рускага Свету») называюць (з яго ж падачы) Яфіма Астроўскага, які далучыўся да руху метадолагаў якраз у 1990-х гг. і шмат часу працаваў з сынам ГэПэ Пятром Шчадравіцкім.
Метадолаг Яфім Астроўскі
Менавіта Я. Астроўскі ўцягнуў у палітычны бізнэс Глеба Паўлоўскага і Марата Гельмана, якія стварылі «Фонд эфектыўнай палітыкі». У пачатку 1990-х Астроўскі высунуў канцэпцыю амбіцыйнага метапраекта «Будзь рускім — купляй рускае«. Вёў рэзанансныя выбарчыя кампаніі, у тым ліку вядомага аферыста, заснавальніка фінансавай піраміды МММ Сяргея Маўродзі, які дзякуючы гэтаму паспяхова абраўся ў Дзяржаўную думу РФ, каб атрымаць дэпутацкую недатыкальнасць. Таксама Астроўскі займаўся ў 1996 годзе выбарчай кампаніяй мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака, падчас якой пазнаёміўся з Уладзімірам Пуціным.
Яшчэ раней, на ізлёце СССР, Я. Астроўскі пазнаёміўся з будучым прэм’ер-міністрам РФ і цяперашнім кіраўніком пуцінскай прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргеем Кірыенкам. Разам яны былі ў ліку заснавальнікаў руху «Сургуцкая альтэрнатыва», які быў створаны для правядзення радыкальных рэформаў унутры савецкага камсамола (УЛКСМ) і актыўным функцыянерам якім ужо быў на той момант С. Кірыенка. Дзякуючы Астроўскаму, які кансультаваў у тым ліку т.зв. стачачныя камітэты ў Пракоп’еўску (Кузбас) і Карагандзе (КазССР), прадстаўнікоў гэтага руху тады нават сталі называць «дысідэнтамі ад камсамола».
Сам Кірыенка ў 1990-х гг. быў адным з самых паспяховых «камсамольскіх» праектаў метадалагічнай «школы»: пасля краху СССР малады камсорг-кар’ерыст гэтак імкліва пайшоў уверх па кар’ернай лесвіцы, што менш чым за 10 гадоў прайшоў шлях ад ініцыятыўнага камсамольскага актывіста да прэм’ер-міністра i нават атрымаў мянушку «кіндэрсюрпрыз». Узначаліўшы ў 1998 годзе ўрад РФ, С. Кірыенка прызначыў піцерскага знаёмца Астроўскага У. Пуціна кіраўніком галоўнай расійскай спецслужбы ФСБ, адкрыўшы тым самым апошняму шлях да вяршыняў улады ў Маскве.
1998: прэм'ер-міністр РФ С. Кірыенка прызначае У. Пуціна кіраўніком ФСБ (ВІДЭА)
Фармальна кіроўны досвед, атрыманы Кірыенкам у крэсле прэм’ер-міністра РФ, лічыцца не зусім удалым, таму што ў гэты перыяд 1998 года ў краіне адбыўся дэфолт, пасля якога ён накіраваўся ў адстаўку. Аднак сыходзіць з палітыкі Кірыенка не збіраўся. Тым больш што яму на «ўзмацненне» былі падцягнуты старыя сябры-метадолагі на чале з Пятром Шчадравіцкім і Яфімам Астроўскім, якія ўвайшлі ў яго асяроддзе. Дзякуючы ім праз 20 гадоў Кірыенка зноў узначаліць ключавую пасаду ў сістэме кіравання РФ – на гэты раз адміністрацыю прэзідэнта, якім апынецца яго ж пратэжэ У. Пуцін.
Стартам гэтага працэсу можна лічыць зіму 1998 года, калі С. Кірыенка і метадолагі з ягонага атачэння заснавалі рух «Новая сіла», які ўжо на наступны год павінен быў пайсці на выбары ў Дзярждуму РФ. Непасрэдна перадвыбарнай кампаніяй займаліся два самыя ўплывовыя паліттэхнолагі, дакладней, метадолагі – Яфім Астроўскі і Пётр Шчадравіцкі.
Сама арганізацыя, як «новая сіла», першапачаткова прапаноўвала расейскім выбарцам і палітыкам небывала прагрэсіўную павестку, якая моцна нагадвала «мыследзейныя» ідэалагічныя канструкцыі нябожчыка ГэПэ Шчадравіцкага: пераход на новую палітычную мову і стварэнне інтэрнэт-парламента – каб абмяркоўваць «агульнанацыянальную стратэгію Расіі ў новым тысячагоддзі». Літаральна праз некалькі месяцаў з гэтага інфармацыйнага зачыну пачне выкрышталізоўвацца тэорыя і палітычная мова ідэалогіі «Рускага свету» – менавіта ў тым выглядзе, у якім яны сёння ўжо вядомыя на практыцы жыхарам Украіны і постсавецкай прасторы.
У тым жа 1998 годзе Кірыенка правёў і ўласную анлайн-канферэнцыю, падчас якой адказаў на 52 пытанні. А ў 1999 годзе, за шмат месяцаў да перадачы ельцынскай «сям’ёй» улады Пуціну, Кірыенка заявіў, што накіруе прэзідэнту Барысу Ельцыну план мірнай перадачы ўлады, прапанаваўшы правесці маштабную атэстацыю чыноўнікаў. Тады ж Кірыенка, Астроўскі і Шчадравіцкі-малодшы разам падрыхтавалі артыкул, звязаны з канцэпцыяй і ідэалогіяй «Рускага свету». Ён выйшаў ў 1999 годзе пад загалоўкам «Расія. Краіна, якой не было».
Пасля таго, як «Новая сіла» Кірыенка-Астроўскага ўвайшла ў т.зв. блок «Саюза правых сіл» (СПС), Кірыенка, нараўне з Барысам Нямцовым, Ірынай Хакамадай і Анатолем Чубайсам, стаў адной з ключавых фігур новай палітычнай арганiзацыі. Першыя трое ўзначалілі партыйны спіс, а Чубайс застаўся шэрым кардыналам у складзе СПС. (Дзякуючы гэтаму крыху пазней «Новая сіла» метадолагаў пройдзе ў Дзярждуму РФ, а яе «франтмэн» Кірыенка стане кіраўніком фракцыі).
Пры гэтым у 1999 годзе «ліберальны» СПС актыўна падтрымліваў Пуціна, у бытнасць таго прэм’ер-міністрам. А асяроддзем і “сям’ёй” Ельцына гэтая арганізацыя разглядалася як рэзервовая партыя ўлады. Пры гэтым асноўнай партыяй улады планавалася зрабіць блок «Адзінства», з якога ў будучыні вылупіцца «Адзіная Расія», якую на тых выбарах узначальваў цяперашні міністр абароны РФ Сяргей Шайгу.
Пры гэтым абедзве партыі – і СПС, і «Адзінства» – у ідэалагічным і паліттэхналагічным плане курыраваў «Фонд эфектыўнай палітыкі», кіруемы Глебам Паўлоўскім і Маратам Гельманам, якія пратэжыравалiся і ўвайшлi у расійскую палітыку дзякуючы метадолагу Яфіму Астроўскаму.
Г. Паўлоўскі курыраваў кампанію «Адзінства», а М. Гельман – кампанію Кірыенкi, які вылучыўся не толькі ў Дзярждуму, але яшчэ і ў мэры Масквы – у процівагу Юрыю Лужкову, які спрабаваў разам з Яўгенам Прымаковым стварыць альтэрнатыву актыўна прасоўваўшай на пасаду прэзідэнта свайго пераемніка камандзе «сям’і» Ельцына (Чубайс-Кірыенка і Ко, як і абслугоўваўшыя іх метадолагі, былі яе часткай).
Дзякуючы адкрыўшымся на пераломе 1990-х і 2000-х гг. магчымасцям і замене першай асобы, гэтая кампанія з актыўным удзелам Пятра Шчадравіцкага і іншых метадолагаў, занялася таксама канструяваннем і праектаваннем будучыні ўсёй палітычнай сістэмы Расіі. Менавіта тады метадолагі і прыдумалі канцэпцыю «Рускага Свету». Гэты канцэпт, як адно з рашэнняў (для Крамля) праблемы распадаючагася постсавецкага асяроддзя, сканструявалі тры метадолага-паліттэхнолага Пётр Шчадравіцкі, Яфім Астроўскі і Сяргей Градзіроўскі.
«Працэс пайшоў» у 1999 годзе, калі быў ажыццёўлены адзін з найбольш вядомых праектаў П. Шчадравіцкага – распрацоўка канцэпцыі і групы пілотных праектаў рэарганізацыі РАО «ЕЭС России» Анатоля Чубайса. Рабілася гэта як пад самога Чубайса, так і пад ельцынскую «сям’ю» у цэлым, уключаючы яе палітычных «франтмэнаў» і «кіндэрсюрпрызаў».
У тым жа 1999 годзе Шчадравіцкі-малодшы спачатку кансультуе грамадска-палітычны рух «Новая сіла» Сяргея Кірыенкі, а затым, сумесна з Яфімам Астроўскім, прымае ўдзел у выбарчай кампаніі чубайсаўскага «Саюза правых сіл» (СПС) на выбарах у Дзяржаўную Думу РФ.
У выніку ўсіх гэтых камбінацый у 2000 годзе прадстаўнік метадалогіі Сяргей Кірыенка абіраецца дэпутатам Дзярждумы РФ і ўзначальвае ў ёй фракцыю СПС, Юрый Лужкоў застаецца мэрам Масквы, а новым прэзідэнтам Расіі становіцца Уладзімір Пуцін. За тры тыдні да канчатковага абрання («выбараў») Пуціна прэзідэнтам РФ, 2 сакавіка 2000 года галоўны метадолаг-ідэолаг Пётр Шчадравіцкі ў праграмнай працы «Рускі мір і транснацыянальнае рускае» дае сваёй канструкцыі наступнае вызначэнне:
«Рускі свет — сеткавая структура вялікіх і малых супольнасцяў, якія думаюць і размаўляюць на рускай мове. Не сакрэт, што на тэрыторыі, акрэсленай адміністрацыйнымі межамі РФ, пражывае амаль палова насельніцтва Рускага свету… Прызнанне існавання Рускага свету дазваляе нам казаць аб рускім капітале, сукупнасці культурных, інтэлектуальных, чалавечых і арганізацыйных патэнцыялаў, якія выяўляюцца ў моўным мысленні і камунікацыйных (гуманітарных) рэсурсах рускай мовы. Энергія волі розных этнакультурных груп, якія думаюць і размаўляюць на рускай мове, дазваляе актуалізаваць гэтыя патэнцыялы і ператварыць іх у шэраг вобразаў будучыні, якія задаюць рамкі і межы поля гаспадарчых, палітычных і адукацыйных антапрактык».
[Пра сутнасць і праактычнае ўвасабленне ідэалогіі «Рускага свету» і яе правадніках на постсавецкай прасторы будзе расказана ў наступных частках].
(с)ceapp.info