Пуцін аб’явіў аб ваенным альянсе Расійскай Федэрацыі з Паўночнай Карэяй 19 чэрвеня, па выніках перамоваў са старшынём КНДР Кім Чэн Ынам.
Бакі падпісалі Дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве, якая
прадугледжвае і ваеннае ўзаемадзеянне / дапамогу РФ і КНДР. «Расія не выключае для
сябе развіцця ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай
Рэспублікай у сувязі з падпісанай Дамовай аб стратэгічным узаемадзеянні», — цытуе
ў сувязі з гэтым адпаведную заяву Пуціна ТАСС.
Па сутнасці, пуцінскі рэжым падарваў пакет міжнародных санкцый у дачыненні да КНДР. Узаемадзеянне РФ і КНДР нясе і іншыя істотныя рызыкі з пункту гледжання міжнароднай бяспекі.
Паўночная Карэя — адна з нямногіх дзяржаваў, якая можа досыць хутка перайсці на рэйкі
«ваеннай эканомікі», бо валодае: a) адпаведнай аўтарытарнай ідэалогіяй (т.зв. Чучхэ –
у аснове сінтэз азіяцкай версіі камунізму і паганскага пантэістычнага карэйскага
нацыяналізму); б) жорстка іерархічным і ідэалагізаваным грамадствам, варожым
вестэрнізаванаму інфармацыйнаму «грамадству спажывання»; c) індустрыяльным
укладам эканомікі са слабым сектарам паслуг; d) адпаведнай сістэмай працы, якая
лёгка пераводзіцца ў рэжым «ваеннага камунізму».
Ужо выказваюцца здагадкі, што ў гэтай парадыгме, КНДР можа стаць для РФ
тым, чым быў Урал для СССР падчас Другой сусветнай вайны. Адначасова Паўночная
Карэя фактычна з’яўляецца інструментам кітайскай палітыкі ў сферы расійскага
ўплыву, падобным да хусітаў Йемена, якія выкарыстоўваюцца ў сферы іранскага
ўплыву. У цяперашні час КНДР – амаль цалкам залежная ад Кітая краіна. Яе эканоміка
і звыш 90% знешняга гандлю амаль поўнасцю завязаны на КНР. Інвестыцыі ў
свабодна-эканамічныя зоны на тэрыторыі Паўночнай Карэі маюць таксама кітайскае
паходжанне. Агрэсіўная і шумная вокавая палітыка Пхеньяна цалкам упісваецца ў
кітайскую стратэгію мяккага дамінавання.
Факт заключэння Дамовы аб усёабдымным супрацоўніцтве паміж Расійскай
Федэрацыяй і Паўночнай Карэяй ужо сам па сабе сведчыць аб вялікай зацікаўленасці
Кітая ў працягу вайны ў Еўропе – на тэрыторыі Украіны. На дадзены момант Пекіну
выгадна, што ўвага і рэсурсы ЗША адцягнутыя ад Тайваня і ваенна-палітычных
блокаў, створаных амерыканцамі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне для стрымлівання
Кітая.
Прадукцыя паўночнакарэйскага ВПК ужо актыўна выкарыстоўваецца ў вайне
супраць Украіны ў абмен на расейскія рэсурсы і, магчыма, тэхналогіі. У медыя
фігуруюць лічбы больш за 3 млн снарадаў, вырабленых КНДР для войска РФ і ўжо
адпраўленых на фронт. Гэтым, на думку некаторых украінскіх экспертаў, у значнай
ступені тлумачыцца расейскі «агнявы вал» на лініі боесутыкнення. Цяпер, пасля
заключэння Дагавора аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве КНДР і РФ, паток
боепрыпасаў і зброі можа ўзмацніцца яшчэ больш істотна.
Пекіну выгадна максімальна доўгi працяг канфлікту на тэрыторыі Украіны.
Кітайскія вытворцы прадаюць абодвум бакам прадукцыю падвойнага прызначэння на
кшталт дронаў. КНР падтрымлівае i пастаўкі снарадаў з Паўночнай Карэі на тэатр
баявых дзеянняў у Еўропе. Пры гэтым сам Пекін фармальна нібыта выконвае санкцыі
ў дачыненні да РФ і можа спакойна займацца паглынаннем суседзяў у Азіі і
эканамічнай каланізацыяй Еўразіі.
КНДР становіцца хабам для абыходу абмежаванняў па ваенных пастаўках у РФ з
КНР: з кітайскіх камплектуючых і, з дапамогай расійскай сыравіны, грошай і энергіі,
Паўночная Карэя здольная выпускаць прадукцыю і больш складаную, чым
боепрыпасы. Верагодна, пасля сваёй інаўгурацыі Пуцін лётаў у Пекін, дзе заручыўся
адпаведнай падтрымкай. Як следства, кіраўніцтва КНР адмовілася ўдзельнічаць у
Швейцарскім саміце, а падтрымку расійскай арміі будзе цяпер аказваць ВПК
Паўночнай Карэі — краіны амаль цалкам эканамічна залежнай ад Кітая. Гэта дае Пекіну
магчымасць фармальна абыходзіць антырасейскія санкцыі, як да таго абыходзіліся
антыкарэйскія. Прычым не толькі ў вайсковай сферы.
Паўночная Карэя ператвараецца і ў кропку паралельнага імпарту з Кітая па
частцы тавараў ва ўмовах узмацнення санкцыйнага ціску на прамы гандаль Пекін-
Масква. На карысць гэтага кажа артыкул 16 Дамовы РФ-КНДР: «В случае применения
какой-либо третьей страной односторонних принудительных мер против одной
Стороны, обе Стороны соглашаются снизить риск того, что такие меры повлияют
на взаимные экономические отношения, физических и юридических лиц обеих Сторон,
и будут предпринимать практические усилия по устранению или минимизации любого
прямого или косвенного влияния на продукцию и результаты работ, услуг,
информации и интеллектуальной деятельности, предоставляемые плательщиками
обеих сторон, а также на исключительные права на нее. Обе стороны также
примут меры по ограничению распространения информации, которую третьи
страны могут использовать для применения и усиления таких мер».
У траўні 2024 года па выніках візіту Пуціна ў Кітай была прынята сумесная заява
РФ і КНР, у якой зафіксавана імкненне: «Продвигать инвестиционную кооперацию и
создание совместных промышленных и высокотехнологичных производств в
преференциальных режимах на территории Дальнего Востока России на основе
рыночного подхода и коммерческих начал. Совместно развивать остров Большой
Уссурийский (Хэйсяцзыдао) на основе принципов добрососедства и уважения
суверенных прав государств. Ускорить согласование проекта российско-китайского
межправительственного соглашения о плавании судов в акватории, расположенной
вокруг и прилегающей к району островов Тарабаров и Большой Уссурийский
(Хэйсяцзыдао). Стороны совместно с Корейской Народно-Демократической
Республикой продолжат конструктивный обмен мнениями по теме плавания
китайских судов в нижнем течении реки Туманная».
Такім чынам, Крэмль гатовы абмяркоўваць з Кітаем у абмен на працяг
падтрымкі вайны супраць Украіны і тэрыторыю на мяжы з Паўночнай Карэяй – вакол
ракі Туманнай, якая працякае ўздоўж мяжы КНДР, КНР і РФ і ўпадае ў Японскае
мора. Паводле інфармацыі СМІ, Пекіну рака Туманная неабходна для выхаду караблёў
менавіта ў гэтае мора.
Зараз кітайскія судны могуць свабодна перамяшчацца па рацэ толькі да вёскі
Фанчуань і не маюць магчымасці выйсці да Японскага мора, паколькі для праходу
астатняга 15-кіламетровага кавалка шляху ім неабходны дазвол ад РФ і КНДР. Акрамя
таго, іх праходу перашкаджае Мост Дружбы, пабудаваны паміж Паўночнай Карэяй і
Расіяй яшчэ ў савецкія гады (на мяжы РФ і КНДР). Пекін разглядае магчымасць
знясення канструкцыі вышынёй 7 метраў, якая з’яўляецца дадатковай перашкодай для
праходу буйных караблёў КНР, а таксама плануе пашырыць раку ў яе ніжнім цячэнні.
Як паведамляе шэраг японскіх выданняў, сёлетні візіт Пуціна ў Паўночную
Карэю звязаны ў тым ліку з гэтым. Nikkei Asia піша, што РФ перадасць Кітаю раку для
выхаду ў Японскае мора і разам з КНР і КНДР неўзабаве пачне перамовы аб дазволе
кітайскім судам праходзіць па рацэ Туманная ў Японскае мора. Расейскае выданне
«Маскоўскі камсамолец» лічыць, што азначаная тэрыторыя можа быць нават
«прададзена» Кітаю.
Лічыцца, што Кітай гістарычна ўтрымліваў гэтую тэрыторыю да таго часу,
пакуль у 1860-х гадах яе не ўзяла пад свой кантроль Расійская імперыя. Кітай
неаднаразова заклікаў Расію і Паўночную Карэю стварыць адмысловую эканамічную
зону ўздоўж берагоў гэтай ракі. Раней Расія не падтрымлівала дадзеную ініцыятыву
Кітая, баючыся, што Пекін такім чынам павялічыць свой уплыў у Паўночна-Усходняй
Азіі. Аднак на фоне санкцый, уведзеных супраць РФ за ўварванне ва Украіну, Масква
становіцца ўсё больш залежнай ад кітайскага боку.
І вось зараз, пасля сустрэчы ў траўні, Сі Цзіньпін і Уладзімір Пуцін уключылі ў
сумесную заяву пункт аб удзеле РФ і Кітая ў «канструктыўным дыялогу» з Паўночнай
Карэяй наконт ракі Туманная. Дазвол Крамля на праход буйнейшым судам Кітая будзе
садзейнічаць больш таннай транспарціроўцы кітайскіх грузаў па моры і эканамічнаму
абмену з Паўночна-Усходняй Азіяй, уключаючы Японію і Паўднёвую Карэю.
Адначасова, гэта можа ўзмацніць вайсковую прысутнасць КНР у Азіі ў цэлым, і
Японскім моры ў прыватнасці, у тым ліку за кошт пашырэння прысутнасці берагавой
аховы Кітая.
У той жа самы час, у Еўропе КНР, як і практычна ўсе расейскія «саюзнікі»,
працягвае гандляваць з Украінай, прычым – з-за адсутнасці міжнародных санкцый,
збольшага яшчэ больш інтэнсіўна ў плане наменклатуры паставак, чым з Расіяй.
Электроніка, кампутары, беспілотнікі і іншая карысная для ўкраінскай абароны
прадукцыя, якая выкарыстоўваецца на фронце, усё гэта ў істотнай частцы выраблена ў
КНР і працягвае спраўна пастаўляцца.
У той жа час сама Ўкраіна працягвае заставацца самай вялікай для Кітая
праблемай на шляху рэалізацыі яго еўразійскіх і еўрапейскіх праектаў. Перш за ўсё
таму, што варожая Маскве Ўкраіна (разам з Польшчай і краінамі Балтыі) замыкае
сухапутныя транспартныя магістралі з КНР і РФ у Еўрасаюз. Пекін мае да ўкраінскай
дзяржавы свае рахункі яшчэ з часоў прэзідэнцтва Януковіча, калі Кітаю былі
аддадзеныя ў арэнду на 99 гадоў 3 млн га на поўдні Украіны (звыш 9% ворных земляў
краіны). Арандатарам выступала адна са структураў арміі КНР (НВАК).
Пры гэтым кіраванне зямлёй адбывалася на ўмовах экстэрытарыяльнасці і
меркавалася прыцягненне кітайскай працоўнай сілы (пра гэта стала вядома літаральна
за некалькі месяцаў да ўцёкаў Януковіча ў РФ, у 2013 годзе). Пры прэзідэнце
Парашэнку Пекін праз афшорныя фірмы набыў запарожскі завод «Матор-Січ». У 2021
годзе, ужо пры Зяленскім, гэты завод быў нацыяналізаваны. Пры гэтым
паведамлялася, што грошы пакупнікам не вярнулі, так што кітайцы лічаць, што
засталіся ў дурнях. Падобныя няўдачы былі ў Пекіна і пры спробе інвеставаць у
будаўніцтва на ўкраінскім узбярэжжы партоў, якія меркавалася ўключыць у праект
«Адзін пояс – адзін шлях».
Вайна супраць Украіны на тэрыторыі Еўропы рукамі КНДР і РФ – гэта не толькі
помста за падобныя правалы Кітая, але і спосаб супрацьстаяння Амерыцы. Зацягванне
канфлікту ў Еўропе патрабуе ад ЗША дадатковых рэсурсаў і не дае пераключыцца на
Азію, на важнейшы, кітайскі кірунак. Пекін жа ў выпадку поспеху Крамля ва Украіне
можа атрымаць у асобе Расіі эфектыўнага сілавога партнёра, здольнага бараніць
кітайскія праекты ў Еўразіі і Афрыцы.
Таму вайна хоць і не абараняе кітайскія інвестыцыі і праекты ва Украіне і
Еўропе (якія па сутнасці сталі правальнымі яшчэ задоўга да пачатку баявых дзеянняў),
але затое прыносіць Пекіну карысць іншага плана: яна перашкаджае амерыканскай
стратэгіі ўдушэння Кітая ў Азіі, у дадатак кітайцы атрымалі ўвесь расійскі рынак, за
які да гэтага даводзілася змагацца з еўрапейскімі вытворцамі.
Падтрымка вайны супраць Украіны праз проксі з КНДР дапамагае Пекіну зняць
ваенную пагрозу на Ціхаакіянскім напрамку і перамясціць эпіцэнтр будучых
канфліктаў ва Усходнюю Еўропу, далей ад сваіх межаў. Нягледзячы на правал
пуцінскага бліцкрыгу, праз які Пекіну не ўдалося вярнуць свае ўкладанні ва Украіну,
зараз ён можа сканцэнтравацца на краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, напрыклад,
на В’етнаме – далучаючы да гэтага Расію, якая можа выкарыстоўваць яшчэ савецкі
аўтарытэт. Няўдача з выхадам напрамую на рынак ЕЗ збольшага кампенсуецца для
КНР манапольным становішчам на рынку РФ.
Пры гэтым сама Расея ўжо не здольная прэтэндаваць на тое становішча і месца ў
свеце, якое было б у выпадку паспяховай рэалізацыі г.зв. СВО. Пра гэта красамоўна
сведчыць і той факт, што сёлетні саміт РФ-КНДР упершыню за ўсю гісторыю дзвюх
краін прайшоў, фактычна, на роўных. Падобнае было немагчыма ні ў савецкі час,
калі абодва бакі выдатна разумелі – хто з’яўляецца цэнтрам сілы, а хто адасобленым,
але рэгулярна падкормліваемым і залежным сатэлітам, ні ў постсавецкую пару, калі і ў
вярхах РФ, і на рэдкіх сустрэчах існавала насмешліва-іранічнае стаўленне да
адыёзнага ўсходняга суседа. А асноўную частку часу пра яго ў Маскве проста
забывалі, робячы націск на ўмацаванне адносін з магутным і важным трыкутнікам
Токіа-Сеул-Пекін.
У РФ занадта абвыклі да таго, што КНДР – гэта чырвоныя сцягі, фанатызм
лозунгаў, агульны «адабрамс» і Чучхэ. І ўсё яшчэ па змаўчанні зыходзяць з таго, што ў
цяперашняй пары Пуцін-Кім расійскі лідар – гэта цынічны прагматык, а карэйскі –
ідэйны фанатык. Насамрэч усё ідзе ў пэўным сэнсе наадварот.
Кім вывучаў у швейцарскай школе зусім не Чучхэ. Гэтую ідэалогію ён атрымаў
у спадчыну разам з уладай і выкарыстоўвае яе як інструмент утрымання гэтай улады і
асабістай бяспекі, якая без улады пад пытаннем. Гэтак жа ён атрымаў у спадчыну
міжнародную ізаляцыю. Ідэалогія Чучхэ ў Паўночнай Карэі – гэта таксама спадчына –
дзяжурная, прахадная стылістыка паўночнакарэйскай прэсы, яе перадавіцы і
тэленавіны пазбаўлены сапраўднага запалу, іх інтанацыя даўно нікога не кранае, усе
да яе прывыклі. Тое ж самае тычыцца і вайны. З часоў замарожвання баявых дзеянняў
на Карэйскім паўвостраве, КНДР была адным з галоўных пастаўшчыкоў ваеннай
пагрозы, але за дзесяцігоддзі Кім так і не перайшоў ад словаў да справы, у той час як
Пуцін і РФ пад ягоным кіраваннем прарабілі гэты шлях літаральна за некалькі
месяцаў.
У адрозненне ад Кіма, Пуцін стварыў міжнародную ізаляцыю сам, гэта менавiта
ягоны выбар, ягонае антызаходніцтва свежае, рукатворнае. Ён сам выбудоўвае свой
рэжым, яго ідэалогію і інстытуты. Яго міжнародная ізаляцыя – гэта не спадчына, а
справа ягоных уласных рук. Ідэалогія пуцінскага рэжыму, якая агучваецца на новым
антызаходнiм «новоязе» шматлікіх прапагандыстаў і афіцыйных асоб РФ — накшталт
Дзмітрыя Мядзведзева – гэта ідэалогія менавіта крывавага канфлікту, якая ствараецца
прама цяпер.
Пры гэтым і Пуцін, і Кім лічаць сябе асабліва прагматыкамі, зусім не падобнымі
на сваіх ідэалагічна апантаных прыслужнікаў i папярэднікаў. Аднаму патрэбны
снарады, іншаму грошы і вуглевадароды, абодвум абыход санкцый і геапалітычныя
процівагі, якія яны шукаюць адзiн у другiм. Акрамя таго, кожнаму можа спатрэбіцца
запасны аэрадром. Аднак у цяперашні момант вялікім цынікам і рэальным
прагматыкам з’яўляецца менавіта Кім, у той час як Пуцін выглядае ўсё больш
пакрыўджаным, разгневаным і таму ідэалагічна матываваным удзельнікам дуэта РФ-
КНДР, які грае па нотах Пекіна не толькі ў Еўропе, але і ў Азіі.
Дамова аб усеабдымным стратэгічным партнёрстве, якая прадугледжвае ваеннае
ўзаемадзеянне РФ і КНДР самім фактам свайго заключэння робіць практычна
няўхільнай для Масквы далейшую дэградацыю адносін з Сеулам і Токіа. А таксама
знікненне апошняга аргументу — страху падштурхнуць Расію да ўмацавання сувязяў з
Паўночнай Карэяй — які перашкаджаў актывізацыі ваенных сувязяў Японіі і Паўднёвай
Карэі з Украінай.
Пры гэтым патэнцыйная ваенная дапамога Кіеву з дзвюх новых крыніц, асноўнай
з якіх з’яўляецца магутная і сучасная паўднёвакарэйская ваенная прамысловасць
цалкам здольная кампенсаваць усе магчымыя плюсы (для пуцінскага рэжыму) ад
паўночнакарэйскай падтрымкі. Кошт, які давядзецца заплаціць за дамову РФ і КНДР,
дапоўняць і страты ад разрыву эканамічных і тэхналагічных сувязяў, якія Масква будавала з Сеулам і Токіа дзесяцігоддзямі і якія былі жыццёва неабходныя для мадэрнізацыі эканомікі РФ.
Сёння Паўднёвая Карэя мае адзін з найбуйнейшых у свеце арсеналаў і магутны,
тэхналагічны ВПК. Агенцтва Рэнхап, са спасылкай на офіс паўднёвакарэйскага
прэзідэнта, ужо паведаміла, што пасля заключэння Пуціным пагаднення з КНДР,
Паўднёвая Карэя можа пачаць прамыя пастаўкі зброі Украіне. (Раней краіна аказвала
Украіне ў асноўным гуманітарную дапамогу, пастаўляла ваенныя прадметы
несмяротнага характару, але не зброю).
Яшчэ сёлета прэзідэнт рэспублікі Карэя Юн Сок Ёль заяўляў, што ягоная краіна прытрымліваецца прынцыпу непрадастаўлення смяротнай зброі Украіне. Цяпер жа адным са следстваў заключанай паміж Расіяй і КНДР дамовы стане пастаўка Украіне ўзбраенняў, тэхнікі і боепрыпасаў з Паўднёвай
Карэі. Акрамя таго трэба памятаць, што ўсе расейскія газавыя праекты СПГ крытычна
залежаць ад паставак танкераў з паўднёвакарэйскіх верфяў Samsung.