Палітычныя метады мяккай сілы Кітая

Кітай пачаў адкрыты экспарт у свет сваёй мадэлі палітычнага кіравання летась з Афрыкі. Той факт, што Камуністычная партыя Кітая (КПК) ужо навучае афрыканскіх лідэраў сваёй альтэрнатыве заходнім мадэлям дзяржаўнага ладу, на думку медыя, з’яўляецца пераканаўчым доказам таго, што Пекін экспартуе сваю мадэль кіравання ў імкненні кінуць выклік сусветнаму парадку, які ўзначальвае Захад. Кітайскія настаўнікі, дасланыя з Пекіна, навучаюць лідараў іншых краінаў таму, што кіроўная партыя павінна стаяць вышэй за ўрад, права і суды і што жорсткая ўнутрыпартыйная дысцыпліна можа забяспечыць прыхільнасць партыйнай ідэалогіі.

Экспарт кітайскай мадэлі кіравання. Мадэль, якую Пекін зараз імкнецца перадаць чыноўнікам кіроўных партый афрыканскіх краін у школе, адмыслова адкрытай для гэтага ў 2022 годзе, КПК выкарыстоўвае для ўтрымання ўлады больш за 70 гадоў. Сама школа з’яўляецца вынікам партнёрства КПК і кіроўных партый Танзаніі, Мазамбіка, Намібіі, Анголы, Паўднёвай Афрыкі і Зімбабвэ. Усе 6 краін з’яўляюцца шматпартыйнымі дэмакратыямі, але кожная з іх кіроўных партый мае ключавую асаблівасць – знаходзіцца ва ўладзе бесперапынна на працягу дзесяцігоддзяў. Школа, размешчаная на вялікім участку зямлі ў 30 мілях ад Дар-эс-Салама, пабудаваная кітайскай будаўнічай кампаніяй. Фінансаванне ў памеры 40 млн. долараў выдзеленае Цэнтральнай партыйнай школай КПК, якая рыхтуе вышэйшых партыйных чыноўнікаў КНР. Першая буйная навучальная канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел каля 120 удзельнікаў ад сямі партый (уключаючы саму КПК), была праведзена пазалетась. Другая буйная канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел ужо каля 170 чалавек, адбылася ў чэрвені летась.

Карта, складзеная Newsweek, паказвае (па стане на 06.02.2022) маштабы адной з кітайскіх ініцыятыў («Адзін пояс, адзін шлях»), якая праходзіць праз амаль усю Афрыку і Азію, большасць арабскіх краін, а таксама часткі Еўропы і Лацінскай Амерыкі і ўключае больш за 200 дамоваў аб супрацоўніцтве, падпісаных 148 краінамі і 32 міжнароднымі арганізацыямі.

Лагістычна-мілітарнае прасоўванне мяккай сілы КНР. Замест пабудовы буйных вайсковых баз і размяшчэння свайго вайсковага кантынгенту ў жыццёва важных для Пекіна рэгіёнах планеты (Джыбуці пакуль адзінае «выключэнне якое пацвярджае правіла») накшталт Інда-Ціхаакіянскага, Кiтай засяродзіў намаганні на адкрыцці рознага кшталту цэнтраў падрыхтоўкі, гандлёвых прадстаўніцтваў, «прыватных» інстытутаў, фондаў і іншых арганізацый, дзейнасць якіх адпавядае тэрміну мяккая сіла, але ў той жа час часта звязана з ваенна-палiтычнай сферай. Толькі за два першыя гады гэтага дзесяцігоддзя кітайскія прадпрыемствы прынялі ўдзел у фінансаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі 45 партоў на тэрыторыі Афрыкі (карта ніжэй) – вялізарнага кантынента, з каласальнымі рэсурсамі, павялiчваючымся насельніцтвам і ключавой праблемай у выглядзе лагістыкі.

         У сярэдзіне траўня 2023 года Галоўнае мытнае ўпраўленне КНР аб’явіла расійскі Уладзівасток «унутраным портам» (транзітным портам для ўнутранага гандлю). Дзякуючы гэтаму грузы, якія адпраўляюцца з адной правінцыі Кітая ў іншую, зараз праходзяць праз Уладзівасток без мытных працэдур. Рашэнне датычыць тавараў, якія ідуць з паўночнага ўсходу КНР на поўдзень. Калі раней з мяжуючай з РФ правінцыі Цзілінь грузы звычайна вывозіліся на супрацьлеглы канец КНР, пераадольваючы 1000 км да партоў Жоўтага мора, то зараз іх можна везці толькі пару сотняў кіламетраў да Уладзівастока, дзе кантэйнеры перагружаюцца на судны і адпраўляюцца да атрымальніка.

         Размяшчэнне стацыянарных цэнтраў падрыхтоўкі ваенных кадраў. У сярэдзіне ліпеня ў медыях амаль незаўважанай прайшла навіна аб верагодным размяшчэнні кітайскага цэнтра падрыхтоўкі ваенных кадраў на Кубе, дзе Кітай з 2010 года ўжо мае прынамсі чатыры разведвальныя цэнтры. (Вашынгтон даведаўся пра іх толькі праз сем гадоў, пасля чаго пытанне наяўнасці кітайскай разведвальнай сеткі ў Лацінскай Амерыцы абмяркоўвалася падчас візіту дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена ў КНР).

Выкарыстанне ў падрыхтоўцы НВАК брытанскіх і расійскіх ваенных спецыялістаў. Гаворка, паводле звестак расійскіх медыяў, ідзе найперш пра пілотаў рэактыўнай авіяцыі і верталётчыкаў Брытанскіх ВПС. У Кітаі яны атрымліваюць каля 240 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Асноўная ўмова – даступна тлумачыць лётчыкам Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК) нюансы баявой працы. Асабліва каштоўнымі і самымі высокааплатнымі сталі пілоты, якія служылі на авіяносцах. Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Вялікабрытаніі лічыць падобны падыход «ашаламляльным парушэннем бяспекі» і «пагрозай інтарэсам Злучанага Каралеўства і Захаду». Прадстаўнікі брытанскага Міністэрства абароны заяўляюць, што робяць «рашучыя крокі, каб спыніць кітайскія схемы вярбоўкі, якія спрабуюць наймаць ваеннаслужачых і былых пілотаў узброеных сіл Вялікабрытаніі для навучання асабовага складу Народна-вызваленчай арміі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы».

Вопыт расійскіх ваенных спецыялістаў у падрыхтоўцы НВАК выкарыстоўваецца дзякуючы шырокамаштабным вучэнням, якія Кітай праводзіць разам з Расіяй пасля расійскага ўварвання ва Украіну. Толькі ў 2022 годзе ўзброеныя сілы КНР правялі іх не менш двух. Эксперты сыходзяцца ў тым, што Пекін уважліва вывучае ход вайны ва Ўкраіне і здабывае ўрокі з дзеянняў расейскіх войскаў. Акрамя гэтага, вялікі ўплыў надаецца барацьбе з выведкай ЗША. Амерыканскія і заходнія ў цэлым ваенныя спецыялісты пастаянна забяспечваюць Украіну інфармацыяй аб расійскіх войсках, якая збіраецца самалётамі, спадарожнікамі, караблямі і ўсімі іншымі даступнымі ім сродкамі. КНР шукае спосабы ствараць перашкоды для амерыканскай выведкі ў выпадку вайны за Тайвань. З-за таго, што ў выпадку нападу на Тайвань вайна будзе ісці шмат у чым на моры, Кітай надае адмысловую ўвагу досведу расійскага флота, які панёс цяжкія страты ад дзеянняў украінскіх берагавых ракетных усталёвак і беспілотных платформаў. (Па дадзеных The Diplomat, чакаецца, што Тайвань дадаткова нарасціць гэты арсенал для адбіцця верагоднага кітайскага нападу ў рамках сваёй стратэгіі «дзікабраза»).

Выкарыстанне кітайскіх ПВК і экспарт зброі. Уяўленне аб дзейнасці прыватных ваенных кампаній (ПВК) Кітая па ўсім свеце дае прыведзеная ніжэй табліца, якая паказвае назву, месца знаходжанне, выконваемыя задачы і кліентаў ПВК, якія падпарадкоўваюцца Пекіну. Асноўная іх маса сканцэнтравана ў цяперашні час на «Чорным» кантыненце. Адна з прычын – Афрыка становіцца прывабным «кавалкам» таксама для кітайскага ВПК, куды ідуць пастаўкі зброі з КНР, аб’ёмы якіх могуць толькі павялічвацца.

         Інфаграфіка прыведзеная ніжэй паказвае (разам з экспартам зброі Кітая ў замежныя дзяржавы) дастаўку прадстаўнікоў ЧВК, якія займаюцца аховай кітайскіх горназдабыўных прадпрыемстваў, партоў і інфраструктуры якая будуецца за мяжой у перыяд 2018-2021 гг. Умоўныя абазначэнні:

• бледна-ружовы колер — паслугі ЧВК: пераважна на Блізкім Усходзе (Турцыя, Ірак, Іарданія) і ў Афрыцы, таксама ў Паўднёвай Амерыцы (Аргенціна) і Паўднёвай Еўропе (Мальта);

• цёмна-руды колер — экспарт зброі: пераважна ў краіны Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, таксама ў Цэнтральную Азію (Таджыкістан і Узбекістан), у Паўднёвую Амерыку (Балівія і Венесуэла), на Балканы (Сербія) і ва Усходнюю Еўропу (Беларусь) ;

• буры колер — экспарт зброі і паслуг ПВК: пераважна ў Афрыку і Паўднёва-Усходнюю Азію, таксама ў Цэнтральную Азію (Казахстан і Кіргізія) і на Блізкі Усход (Катар).

У цэлым кітайскую зброю або паслугі ПВК атрымалі не менш чым 48 краін (14 краін з іх атрымалі і тое, і другое).

Распрацоўка зброі, здольнай парушаць працу мозгу. У сярэдзіне ліпеня амерыканскія медыі зноў агучылі інфармацыю (Financial Times паведамляла пра гэта напрыканцы 2021 года), што Кітай распрацаваў новую складаную зброю прамога дзеяння, здольную «парушаць працу мозгу і ўплываць на лідараў урада або цэлыя групы насельніцтва». Яна можа быць скарыстана як элемент мяккай сілы, накіраванай на атрыманне неабходнага выніку пасродкам кіравання ментальнай сферай, у тым лiку з выкарыстаннем мікрахвалевай ці іншай накіраванай энергетычнай зброі ў ручных (тыпу пісталетаў) ці буйнейшых прынадах, якія страляюць электрамагнітнымі прамянямі. На думку амерыканскіх журналістаў, гэта азначае, што кітайцы з дапамогай сістэм кантролю над розумам ўжо нацэліліся на канкрэтных сусветных лідараў на Захадзе, а таксама на шырокія пласты насельніцтва.

Падтрымка вядзення войн у Еўропе з дапамогай нафтагазавага інструментара. Прыклад: у пачатку кастрычніка Украіна аб’явіла спонсарамі вайны найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі Кітая. Нацыянальнае агенцтва Украіны па прадухіленні карупцыі (НАПК) унесла тры найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі КНР ў спіс міжнародных спонсараў вайны. China National Offshore Oil Corporation (CNOOC), China Petrochemical Corporation (Sinopec Group) і China National Petroleum Corporation (CNPC) патрапілі ў спіс з-за ўдзелу ў сумесных праектах з Расіяй і выплаты падаткаў у расейскі бюджэт. Тым самым, як заяўляюць у Кіеве, яны фінансуюць стратэгічныя галіны эканомікі РФ. У Кіеве ўпэўненыя, што рашэнне НАПК ўключыць гэтыя кампаніі ў спіс «Міжнародных спонсараў вайны» ставіць пад пагрозу іх рэпутацыю і бізнес-ўзаемаадносіны ў сусветнай эканоміцы. У сувязі з гэтым у паведамленні НАПК гаворыцца: «Партнёрства з базай дадзеных World-Check можа аказаць ціск на міжнародныя кампаніі, вымушаючы іх перагледзець свае адносіны з кітайскімі нафтагазавымі гігантамі, што стварае негатыўныя наступствы для іх фінансавай і тэхналагічнай здольнасці падтрымліваць Расію ў вядзенні вайны».