У апошні дзень 2023 года баевікі праіранскага руху «АнсарАлах» (хусіты Йемена) атакавалі чарговае судна за 50 кіламетраў ад порта Хадэйда. Для іх гэта прайшло беспакарана, бо пакуль адзінай рэакцыяй сусветнай супольнасці на ваенную пагрозу такога характару ў Чырвоным моры з’яўляецца перанакіраванне ўсё большай колькасці гандлёвых судоў у абыход вакол Афрыкі.
Паралельна з падобнымі нападамі з кастрычніка праіранскія сілы больш за 100 разоў атакавалі дронамі амерыканскія базы на Блізкім Усходзе. На думку The Wall Street Journal, гэта мае месца ў тым ліку таму, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн «не робіць нічога, каб іх абараніць». Нягледзячы на пагрозу ад усіх гэтых дзеянняў і нібы бяздзейнасці амерыканцаў, галоўная для сусветнай супольнасці небяспека, якая сыходзіць ад іранскіх проксі ў рэгіёне, значна больш маштабная і заключаецца ў наступным.
У канцы снежня арабскія крыніцы давялі да Захаду заяву хусітаў Емена ў сувязі з аперацыяй, якая праводзіцца Ізраілем супраць ХАМАС: «Калі вайна не спыніцца, рыхтуйцеся да сапраўднага каменнага веку!». Сутнасць папярэджання з боку «АнсарАлах» заключаецца ў пагрозе глабальным інтэрнэт-кабелям, якія праходзяць пад вадой праз йеменскі порт у Баб-эль-Мандабе і злучаюць Усход і Захад.
Гэта вельмі сур’ёзная пагроза, якую можна разглядаць у тым ліку і як спосаб ціску Ірана і ўмацавання ў дадзенай сферы пазіцый Кітая. Падводныя інтэрнэт-кабелі, якія злучаюць краіны і кантыненты, адкрываюць новыя рынкі, адначасова пашыраючы прысутнасць мясцовых і замежных тэхналагічных гігантаў, а таксама магчымасці дзяржаўных службаў.
Таксама па самой сваёй сутнасці падводныя кабелі замацоўваюць адрозненні паміж грамадскім і прыватным. Праз гэта кабельная інфраструктура (і індустрыя ў цэлым) ператвараецца ў найважнейшую мэту нацыянальнай і эканамічнай бяспекі як кожнай краіны і рэгіёна паасобку, гэтак і ўсёй сусветнай супольнасці ў цэлым.
Першапачаткова кабелі для перадачы дадзеных фінансаваліся дзяржаўнымі кампаніямі. Аднак ужо ў 2000-х гадах, па меры развіцця інтэрнету і сувязі, сітуацыя стала мяняцца. Кітай і яго тэлекамунікацыйныя кампаніі, такія як Huawei, прыступілі да экспансіі, першапачаткова пачаўшы эксансiю на рынках з недастатковай іх прысутнасцю – такіх як Папуа Новая Гвінея і краіны Карыбскага басейна.
Праз дзесяцігоддзе кітайскія кампаніі – лідары ў галіне сувязі – ужо ўтварылі ў кабельным бізнэсе ўласны аб’ёмны сектар, які ўвесь час пашыраецца. У 2015 годзе Кітай у супрацоўніцтве з Huawei Marine заснаваў для яшчэ большага пашырэння гэтай сеткі т.зв. лічбавы Ядвабны шлях. Усяго за 4 гады ён захапіў 15% сусветнага рынку. Для Вашынгтона гэта стала трывожным званком ужо тады, што выявілася, у тым ліку ва ўзмацненні жорсткай рыторыкі ў адрас Пекіна з боку адміністрацыі тагачаснага прэзідэнта Д. Трампа.
Таксама ў адказ ЗША рушылі ў кабельны бізнэс тэхгігантамi сваёй Сіліконавай даліны. З 2016 года Google, META і Microsoft уклалі ў кабелі мільярды долараў, што літаральна адразу перавысіла паказнік у 15% ад сусветнага аб’ёму. Гэтыя ж кампаніі выкарыстоўваюць 2/3 прапускной здольнасці сусветнай сеткі. Таму, узмацняючы кантроль сваёй інфраструктуры, амерыканскія тэхгіганты сталі яшчэ больш трывала замацоўвацца ў індустрыі.
У выніку прапановы па кантрактах для кітайскіх кабельных кампаній рэзка скончыліся. Пагроза санкцый з боку Вашынгтона прымусіла Global Marine і Huawei прадаць іх долі групе кампаній Hengtong group, якая пачала выкарыстоўваць новую назву HMN Tech. У 2021 годзе Сусветны банк адмовіўся ад прызначанага для кітайскага HMN Tech праекта кабеля, які злучаючае Гуам з Мікранэзіяй, Кірыбаці і Науру, бо Вашынгтон фактычна пахаваў і гэты праект.
У 2020 годзе Дзярждэпартамент ЗША звязаўся з уладамі Мікранэзіі i выказаў незадаволенасць удзелам у ім Кітая. Пасля гэтага Вашынгтон, Токіа і Канбера абвясцілі пра фінансаванне новага праекта кабеля ў тым жа месцы. Да чэрвеня 2023 года праект працягласцю 2.250 км і коштам 95 млн долараў быў пачаты. (Заадно гэта падвысіла статут Гуама, і так высока-мілітарызаванай заакіянскай тэрыторыі ЗША, да буйнага вузла перадачы дадзеных).
Страты кітайскага боку аказаліся вельмі істотнымі. Цяпер пасля ўсіх страт HMN Tech мае ў распрацоўцы толькі два праекты, прызначэнне якіх абмежаванае Паўднёва-Усходняй Азіяй. Так паспяховая палітыка ЗША не дапусціла, каб Кітай стаў найбуйным гульцом на сусветным рынку падводных кабеляў. Прынамсі на дадзены момант. Аднак мяркуючы па тым, што заяўляюць арыентаваныя на дружалюбны Пекіну Іран сілы на Блізкім Усходзе, сітуацыю могуць паспрабаваць змяніць у любы момант.
Тым больш, што сёння інфраструктура інтэрнэт-кабеляў уваходзіць у лік найважнейшых на планеце геапалітычных прыярытэтаў. І ЗША, і КНР выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб займець кантроль над ёй. Па ўсім свеце налічваецца каля паўтары тысячы наземных кабельных станцый, якія падключаныя да прыкладна пяціста дзеючых і будучых кабеляў. Агулам працягласць глабальнай сеткі складае больш за 1,4 млн кіламетраў. І частка гэтай сеткі пад вадой нашмат важней і аб’ёмней у інфармацыйным сэнсе, чым нават сетка спадарожнікаў «над нябёсамі».
Насуперак абывацельскай думцы, касмічныя спадарожнікі перадаюць значна менш дадзеных, чым падводныя кабелі. Да таго ж іх запуск і абслугоўванне даражэйшыя. Магчыма, у будучыні спадарожнікавыя тэхналогіі будуць удасканаленыя, аднак цяпер спадарожнікі адказваюць толькі за малую частку абмену дадзенымі паміж краінамі і кантынентамі планеты. І гэтае становішча «ў нябёсах» наўрад ці зменіцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Затое «падводны» баланс паміж ЗША і КНР у тым, што датычыцца інтэрнэт-кабеляў, лаяльныя Пекіну сілы, якія падтрымліваюцца Тэгеранам, жадаюць змяніць ужо прама цяпер, прычым відавочна не ў карысць Вашынгтона. З боку іранскіх проксі на Блізкім Усходзе глабальным інтэрнэт-кабелям, а значыць і ўсёй сусветнай супольнасці ў цэлым, можа прама ці апасродкавана пагражаць наступная шкода.
Па-першае, проста знішчэнне часткі падводнай інфраструктуры кабеляў. І нанясенне тым самым магутнага ўдару па фінансава-эканамічнай і інфармацыйна-камунікацыйнай сферы. Па інтэрнет-кабелях штодзень праводзяцца фінансавыя транзакцыі на суму звыш 10 трыльёнаў долараў. Па гэтай жа падводнай сетцы праходзіць і ўся астатняя інфармацыя, завязаная на інтэрнэт – пачынаючы ад праграм Netflix і відэа на YouTube і заканчваючы звышсакрэтнымі дыпламатычнымі камунікацыямі і ваеннымі загадамі.
Падводныя кабелі робяць сёння свет такім, якім ён з’яўляецца. Аднак іх уразлівасць выцякае з іх канструкцыі. Усе гэтыя кабелі вельмі тонкія (шырыня прыкладна як у палівальнага шланга). Да таго ж яны могуць мець розную канструкцыю і кампаненты, а таксама матэрыял, з якога вырабленыя.
Разгалінаванне падводных інтэрнэт-кабеляў на асобныя сеткі, якое ўсё больш нарастае з часам, павялічвае іх прывабнасць як ваенных мэтаў. І хоць некаторыя краіны як, напрыклад, Украіна паспрабавалі абысці гэтую пагрозу шляхам выкарыстання спадарожнікавага інтэрнэту, гэтыя захады не здольныя замяніць падводныя кабелі, прынамсі, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Асабліва небяспечнымі канфлікты з-за падводных кабеляў робіць той факт, што выпадковае пашкоджанне практычна немагчыма адрозніць ад наўмыснага. Патэнцыйныя геапалітычныя гарачыя кропкі ўяўляюць сабой гандлёвыя вузлы са шчыльнай падводнай інфраструктурай. Якары і рыбалоўныя сеткі, роўна як апоўзні і землятрусы, рэгулярна прыводзяць да выхаду са строю кампанентаў кабеляў і без усялякага злога намеру. А разам з ім усё гэта пакідае вялікую прастору для недастатковага разумення, пралікаў і правакацый. Як гэта мела месца, напрыклад, у 2023 годзе на архіпелагу Мадзу, жыхары якога сутыкнуліся з выхадам са строю інтэрнэту. На працягу тыдня два асноўных кабеля, якія злучаюць выспы з Тайванем, былі проста перабітыя. Жыхары падазравалі ў гэтым Пекін.
Адна з праблем магчымых нападаў супраць падводных кабеляў, заключаецца ў тым, што міжнароднае права ў галіне інфраструктуры ў значнай ступені састарэла і проста не развітае. І ЗША, і Кітай спрабавалі запоўніць прабелы ўласнымі нарматыўнымі актамі. Аднак намаганняў абодвух бакоў аказалася недастаткова, хоць і па розных прычынах.
Заканадаўства ЗША занадта старое. Напрыклад, найболей «новы» заканадаўчы акт, які закранае падводныя кабелі, — гэта Акт аб падводных кабелях 1888 года. Пашкоджанне кабеля цягне штраф у 5.000 долараў і да 2 гадоў пазбаўлення волі. Тым часам халатнасць пры скідзе якара або рыбалоўных сетак караюцца штрафам у 500 долараў і 3 месяцамі зняволення. Гэта занадта слабыя стрымліваючыя фактары ў адносінах да дзеянняў, якія цягнуць выдаткі на аднаўленне да 3 млн долараў.
Заканадаўства Кітая выконваецца ў недастатковай ступені. Пекін прымяняе пакаранне суразмерна ступені ўмяшання: пашкоджанне кабеля, наўмыснае ці не, вядзе да штрафу ў 1400 долараў. Але аператарам можа быць загадана і спыніць дзейнасць. Пракладка кабеляў без дазволу таксама цягне штраф у 20.000 долараў. Аднак слабое выкананне законаў прыводзіць у Кітаі ў сярэднім да 26 выхадаў кабеляў з ладу ў год. Гэтае найбольшае значэнне сярод усіх краін. Нядаўна яно стала падставай для абмежавання дзейнасці па здабычы пяску, бурэнні, прывязцы і тралавай здабычы, а таксама для затрымання судоў, западозраных у пашкоджанні кабеляў ваеннага прызначэння.
Па-другое, прадастаўленне магчымасці глабальнага перахопу інфармацыі праз Іран для Кітая. Трывожнасць наконт уразлівасці падводных інтэрнэт-кабеляў да шпіянажа і перахопу інфармацыі нарастае настолькі істотна, што ўжо змушае краіны надаваць усё большую ўвагу ў тым ліку бяспецы іх тэрытарыяльных вод. Некаторыя дзяржавы ўжо прымаюць рашэнне аб тым, што пракладаць кабелі ў межах іх выключных эканамічных зон могуць толькі пэўныя кампаніі.
Тэхнічна сутнасць праблемы заключаецца ў наступным. Аптычныя валокны падводных інтэрнэт-кабеляў перадаюць сігналы лазера да прыймаючых на процілеглых канцах кабеля. Аднак пры перадачы на далёкія адлегласці сігнал скажаецца. Таму праз кожныя 60-70 км размяшчаюцца спецыяльныя карэкціруючыя сігнал паўторнікі.
Шэраг экспертаў сцвярджае, што гэтыя паўторнікі могуць быць пераробленыя для збору інфармацыі, у тым ліку звышсакрэтнай і разведвальнай, ужо падчас вытворчасці або абслугоўвання. Іншыя кажуць, што сігнал кабеляў можна лёгка адсочваць на наземных станцыях, таму яны таксама ўяўляюць сабой залатую жылу для выведных службаў. Таксама прылады для перахопу ці псавання дадзеных могуць быць усталяваныя на сам кабель.
Акрамя таго, падводныя кабелі пракладаюцца спецыяльнымі судамі. Па ўсім свеце налічваецца каля пяцідзесяці судоў, здольных пракладаць і абслугоўваць кабелі. Адпаведна, гэты бізнэс уяўляе сабой велізарную нішу. Часам неабходных адмыслоўцаў не хапае настолькі, што дзяржавы пачынаюць канкураваць за аднаўленне сваёй інфраструктуры.
Гэта справядліва як для краін сярэдняга ўзроўню, так і для геапалітычных гігантаў. У сувязі з гэтым кітайскія інжынеры доўгi час працавалі з кабелямі прыналежнымі амерыканскім кампаніям і наадварот. Таму пры дэлегаванні абслугоўвання заўсёды прысутнічае пэўная рызыка.
Кітай ужо фактычна прадэманстраваў сваю цікавасць і магчымасці ў гэтай сферы. Напрыклад, у 2022 годзе кітайскія судны працавалі над аднаўленнем кабеляў, якія выкарыстоўваюцца ва Усходне-Кітайскім моры аператарамі AT & T, Verizon і Microsoft. У траўні наступнага года Microsoft заявіў, што нехта, «за кім стаіць дзяржава», укараніўся ў яго камунікацыйную інфраструктуру. Збольшага па гэтай прычыне Вашынгтон стаў імкнуцца фізічна ўтрымліваць новыя кабелі падалей ад Кітая.
Акрамя таго, ініцыятыва «Чыстая сетка», распачатая ў 2020 годзе, па сутнасці забараняе прамое злучэнне Амерыкі з мацерыковым Кітаем. Вынікі гавораць самі за сябе: падводныя кабелі Biofrost і Echo, запланаваныя на 2024 год, абыходзяць спрэчныя воды паблізу Кітая. Таксама, як і кабель Apricot – праект працягласцю 12.000 км – накіраваны ў Філіпіны і Інданезію, які павінен быць завершаны ў 2025 годзе.
Па-трэцяе, садзейнічанне Кітаю ў канкурэнцыі ў сферы падводных інтэрнэт-кабеляў. Хоць глабальная сетка дае бесперабойны інтэрнэт-трафік ўсёй планеце, забеспячэнне, устаноўка і абслугоўванне гэтых кабеляў з’яўляецца прэрагатывай кампаній з ЗША, Францыі, Японіі, а таксама Кітая, якi зноў набірае ў апошні час сілу ў гэтай сферы.
Супрацьстаянне ЗША і Кітая змушае кампаніі пракладаць для інфармацыйнага трафіку новыя маршруты. Паколькі галоўнымі прыярытэтамі з’яўляюцца дзяржаўная бяспека і бяспека дадзеных, уводзяцца наглядаючыя і рэгулюючыя структуры, якія цалкам выключаюць недружалюбных пастаўшчыкоў з экасістэмы інфармацыі і камунікацый. Сінгапур, Інданезія, Філіпіны і «астраўная тэрыторыя» ЗША (Гуам) ператвараюцца ў хабы міжнароднага трафіку дадзеных.
Канкурэнцыя распаўсюджваецца і на Індыйскі акіян. Тут каменем спатыкнення стаў, напрыклад, буйны кабель CMV6, які злучае Сінгапур з Парыжам. Першапачаткова яго мусіла пракласці кітайская HMN Tech. Яе прапанова была значна танней і больш выгадная, чым у канкурэнтаў. Кошт у 500 млн долараў складае толькі траціну ад першапачаткова абмяркаванага, а праект павінен быў падвысіць міжнародную рэпутацыю HMN Tech.
Аднак зноў умяшаўся Вашынгтон і намякнуў, што прыменіць да праекту санкцыі. Прадказальна гэта завяршылася разваротам на 180°. Праект быў перададзены кампаніі з Нью-Джэрсі SubCom, трывала звязанай з разведслужбамі ЗША. Сама па сабе SubCom з’явілася ў 1955 году падчас Халоднай вайны як праект, закліканы ўзмацніць магчымасці ЗША па супрацьдзеянні падводным лодкам суперніка. Сёння яна праектуе кабелі для платформ такіх кампаній як Google, Amazon, Microsoft і META. Аднак стратэгічна яе самая значная роля ў тым, каб быць эксклюзіўным партнёрам Узброеных сіл ЗША, якім яна дапамагае атрымліваць звесткі аб ВМФ Кітая.
Таксама SubCom з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на пракладку кабеля да Дыега Гарсіі. На гэтым атоле, якім кіруе Брытаніяй, размешчана англа-амерыканская ваенна-марская база колькасцю ў 3.000 адзінак. Яе цэнтральнае размяшчэнне дазваляе Вашынгтону праецыраваць сілу на жыццёва важныя ўчасткі акіяна, якія злучаюць заходнеазіяцкіх вытворцаў нафты і ўсходнеазіяцкіх імпарцёраў. Сёння выспа служыць не толькі ў якасці марской базы, але і вузлом сувязі для разведвальнай сеткі «Пяць вачэй», якая аб’ядноўвае разведагенцтвы ЗША, Злучанага каралеўства, Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Дзеянні Пекіна пакуль саступаюць таму, што робіць Вашынгтон. Кітайскія інвестыцыі ў Індыйскі акіян у асноўным напрамую звязаны з кабелямі, пракладзенымі яшчэ да няўдач яго тэхналагічных кампаній. Напрыклад, China Mobile адыграла асноўную ролю ў пракладцы кабеля 2Africa, які злучыў Афрыку з Еўропай. Тым часам China UniCom стаў ключавым фундатарам у праекце кабеля SAIL, працягласцю 5.800 км, які злучае Бразілію з Камерунам і быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2020 годзе.
Тым не менш, за апошнія гады шэраг падводных кабеляў Кітая зноў дасягнулі Захаду. Адзін з прыкладаў – кабель PEACE, – уведзеная ў эксплуатацыю ў снежні 2022 года лінія працягласцю 12.000 км. Яна злучае Сінгапур, Кенію і Пакістан з Францыяй, праходзячы праз Егіпет і Мальту. Фінансаванне і пракладка кабеля былі цалкам зробленыя кітайскімі кампаніямі ў тым ліку HMN Tech. У ЕЗ «зялёнае святло» праекту дала Францыя, якая хацела дабіцца стратэгічнай аўтаноміі ў перыяд напружанасці паміж Амерыкай і Кітаем.
Сёння падводныя інтэрнэт-кабелі – гэта па-сутнасці сусветны трубаправод інфармацыі, які экстрэмісты хочуць ператварыць у значны напрамак новай Халоднай вайны паміж Кітаем і Амерыкай. Пры любых абставінах, развіццё і абарона гэтых кабеляў зараз з’яўляецца геапалітычным прыярытэтам першаснай важнасці. На працягу доўгага часу падставай для войнаў станавіўся кантроль над рэсурсамі, якія транспартавалі па энерга-трубаправодах. Сёння цэнтральнай зыходнай кропкай падобных канфліктаў становіцца самы каштоўнай з рэсурсаў – інфармацыя.
Пры гэтым цяпер падводныя інтэрнэт-кабелі ўсе яшчэ недастаткова абароненыя, міжнароднае права не крыміналізуе належным чынам тэракты і замахі на іх у міжнародных водах. Таксама яно не абавязвае краіны бараніць кабелі ў іх тэрытарыяльных водах. Калі гэтыя пытанні не знойдуць агульнага рашэння, кожнай дзяржаве давядзецца вырашаць іх самастойна. А гэта гатовы рэцэпт канфлікту, які могуць і, магчыма, ужо хочуць ды рыхтуюцца справакаваць блізкаўсходнія проксі-сілы Ірана, лаяльныя Кітаю.