«Газпрам» спыніў транзіт газу праз Украіну. Такім чынам, з пачатку 2025 года Украіна для Расійскай Федэрацыі і яе энергасыравіннага і калятранзітнага алігархата – гэта не акно ў Еўропу, а сцяна на шляху да яе. Нават былыя ўкраінскія прыхільнікі «Рускага свету» лічаць, што зараз будзе адбывацца канчатковая страта Расіяй постсавецкай прасторы.
Магчыма, у большасці выпадкаў і краінаў працэс гэты будзе паступовым, без такіх страшных ахвяр як ва Украіне. Але няўмольным і немінучым – незалежна ад магчымай адмены т.зв. «СВО» (прычым менавіта адмены, а не завяршэння, бо вайна супраць Украіны – гэта працэс, а не вынік).
У Еўропе, а таксама постсавецкіх краінах т.зв. «блізкага замежжа», якія імкнуцца да ЕС, РФ сур’ёзнай апоры не мае ўжо нават там, дзе яе пазіцыі пакуль яшчэ здаюцца больш-менш трывалымі. Прычына – Крэмль ставіў не на прарасейскія настроі, а на еўраскептыцызм.
Напрыклад, у Грузіі расейскія паліттэхнолагі працавалі як умелі і відавочна спрабуюць узмацніць сваё становішча нават зараз. З аднаго боку дапамагаюць умацаванню пазіцый прарэжымнай «Грузінскай мары», з другога – ствараюць сітуацыю, пры якой Грузія як дзяржава будзе вымушана жыць у «цені» Расіі.
Адно са следстваў – у Грузіі ўжо мае месца ўнутраны крызіс, які развіваецца паралельна крызісу ў Абхазіі, да якога прыклаў руку адзін з «паліттэхнолагаў» Крамля — метадолаг Уладзіслаў Суркоў. Менавіта гэты індывід з’яўляецца аўтарам т.зв. канцэпцыі «федэралізацыі» постсавецкіх дзяржаў праз канфлікты. І, мяркуючы па тым, што і як адбываецца ў рэгіёне, ён зараз адказвае за грузінскі кірунак.
У т.зв. «далёкім замежжы» ад РФ рудыменты імперскага мінулага, цудам захаваўшыеся з моманту развалу СССР, зараз таксама адвальваюцца — канчаткова і беззваротна. Нядаўні прыклад: Сірыя, якая знаходзілася ў арбіце Крамля больш за 70 гадоў. Верагодна, неўзабаве услед за ёй рушыць Афрыка, а потым (альбо паралельна) і рэшткі постсавецкай прасторы.
Магчыма, нейкі час у «далёкім замежжы» не будуць адкрыта пляваць на Маскву толькі самыя прагматычныя партнёры (накшталт эрдаганаўскай Турцыі, але толькі пакуль атрымліваюць усе цяперашнія бонусы), а ў «блізкім замежжы» — не маючыя ўласнай энергасыравіны транзіцёры – накшталт Грузіі і Беларусі, якія лічаць, што яшчэ паспеюць нешта займець для сябе.
Да нядаўняга часу статус рэгіянальнага лідэра РФ трымаўся на наступных «трох кітах»:
1) Шырока распіяранай нібы бясспрэчна магутнай ваеннай сіле РФ. Чаго яна вартая на справе дэманструе з усёй відавочнасцю тая ж Украіна.
2) На культурным і інфармацыйным уплыве. Зараз ён і так паступова згортваецца – разам з выміраннем на постсавецкай прасторы рэшткаў «гома саветыкус». Новых, маладых і энергічных людзей цяперашняя Расія прыцягваць проста не ў стане. Да таго ж прама цяпер яна яшчэ і самавыдаляецца з інфармацыйнага асяроддзя – блакуючы Youtube, папулярныя ў свеце сацсеткі і т.п. рэсурсы, а таксама агулам запісваючы многіх больш-менш адрозных медыя-інфлюенсераў у «інаагенты».
3) На пастаўках вуглевадародаў і, як следства, эканамічным дыктаце. Зараз Расію выкінулі з усіх ёмістых і маржынальных рынкаў, пакінуўшы ёй самыя жабрацкія ўскраіны (з якіх яе таксама выціскаюць). І ўсё гэта было ажыццёўлена ў той час, калі сусветная энергетыка рыхтуецца да буму! Як следства, нават на постсавецкай прасторы, пасля ліквідацыі энергатранзіту ў ЕС праз Украіну, і сінхронна з гэтым працэсам, адразу ж пачаліся значныя трансфармацыі.
У заходняй частцы экс-СССР пачаліся перабоі з падачай электраэнергіі ў Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы (па стане на пачатак студзеня без цяпла і гарачай вады засталіся 2678 аб’ектаў, 1565 з якіх – шматкватэрныя дамы).
У яго паўднёвай частцы напярэдадні Новага года сталі ўскладняцца і абвастрацца адносіны РФ з газанафтаноснымі цюркскімі рэспублікамі. Перш за ўсё з Азербайджанам, за збіты пасажырскі самалёт якога Пуцін ужо пачаў персанальна «прасіць прабачэння».

Адпаведныя праблемы пачаліся ўжо і ўнутры самой РФ. У пачатку 2025 года яе насельніцтва атрымала характэрны «навагодні падарунак» ад урада – намеснік міністра энергетыкі Яўген Грабчак заявіў, што «эра таннай энергіі ў Расіі скончылася«. І праанансаваў павышэнне тарыфаў у 2-3 разы пад маркай «акупнасці інвестыцый» і таго, што «цяпер не да тлушчу».
Да сённяшняга моманту, дзякуючы транзіту праз Украіну, рэжыму РФ удавалася трымаць унутраныя цэны на ўмоўна нізкім узроўні за кошт экспарту. Цяпер усе выдаткі перакладаюцца на спажыўца. Прасцей кажучы, каб неяк кампенсаваць страту экспартных даходаў, якiя папаўнялi скарбонкі рэжыму, з пачатку гэтага года асяроддзе Пуціна будзе кампенсаваць іх за кошт усяго і без таго бяднеючага насельніцтва.

Сітуацыя для расійскага энергасыравіннага алігархата і РФ у цэлым можа хутка пагоршыцца яшчэ мацней – дзякуючы таму, што ўкраінская Вярхоўная Рада плануе спыніць (услед за газам) транзіт праз Украіну ў ЕС і расійскай нафты.
Адпаведны законапраект ўжо ўнесены на разгляд у Вярхоўную раду на пачатку студзеня бягучага года. Цяперашнi кантракт, заключаны ў 2019 годзе, прадугледжвае тэрмін дзеяння да канца 2029 года, але зараз ён можа быць спынены ў аднабаковым парадку.

Дэпутат Еўрапарламента Карл фон Габсбург ужо бачыць будучыню тэрыторыі РФ вось так