Па дадзеных мас-медыя, у перыяд з 2010 па чэрвень 2023 г. у свеце было зафіксавана каля 130 выпадкаў эканамічнага прымусу з боку Кітая. Намаганні Пекіна па стварэнні блока партнёраў-аднадумцаў для атрымання доўгатэрміновых эканамічных выгод і геапалітычнага ўплыву ўжо прынеслі свой плён у Афрыцы – Кітай з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам для шэрагу краін кантынента і атрымлівае іх падтрымку ў ААН. Сёння Пекін актыўна прасоўвае свае інтарэсы праз эканамічныя метады мяккай сілы і ў іншых рэгіёнах планеты.
На прасторы былога СССР мяккая сіла Кітая кіруецца своеасаблівай праграмай дзеянняў або паслядоўным планам пераводу постсавецкіх краiн у сферу эканомікі КНР да 2030 года. Гэты план быў агучаны адразу ж пасля падзей у Казахстане ў студзені 2022 года – у спецыяльнай прамове старшыні КНР Сі Цзіньпіня на анлайн-саміце кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Азіі і Кітая (пераклад). Расiя туды запрошаная не была і нават не згадвалася. Казахстану, дзе змяніўся кіруючы аўтарытарны рэжым, Сі Цзіньпінь прапанаваў на будучыню «персанальную» кітайскую дапамогу. Астатнім удзельнікам былі абяцаны інвестыцыі ў памеры 70 млрд. долараў, будаўніцтва хуткасных чыгунак і трубаправодаў, адкрыццё рынкаў аграрнай прадукцыі, а таксама праграмы па адукацыі.
Для краін Еўрапейскага Саюза Кітай выпрацаваў паслядоўныя і эфектыўныя для прасоўвання сваіх інтарэсаў метады мяккай сілы, закамуфляваныя пад транзітны інструментарый (гаворка перш за ўсё аб розных варыянтах транспартных калідораў з Азіі ў Еўропу і т.зв. «Вялікiм шаўковым шляху»), а таксама інвестыцыйную палітыку. Дзякуючы гэтаму ва ўласнасць кітайскіх кампаній у ЕС яшчэ ў 2000-х гг. перайшлі порт Пірэй (Грэцыя), вырабляючая танкер-кантэйнеры кампанія Burg Industries (Нідэрланды), шведскі лідар у аўтапраме Volvo і аўстрыйская кампанія Future Advanced Composite Components (FACC). Набыццё FACC, якая лідзіравала ў сусветнай авіякасмічнай прамысловасці, зрабіла значны ўнёсак у развіццё кітайскай праграмы асваення космасу. Цяпер КНР імкнецца ствараць свае ўласныя ланцужкі кошту практычна ва ўсіх галінах эканомікі, перш за ўсё высокатэхналагічных. У краінах ЕС кітайскія інвестары спрабуюць актыўна скупляць еўрапейскія кампаніі, якія вырабляюць паўправаднікі, у якіх зараз мае патрэбу ўвесь сусветны тэхналагічны комплекс.
Пры гэтым большасць набыццяў у Еўропе ажыццяўляюцца дзяржаўнымі кітайскімі карпарацыямі (на дзяржкампаніі КНР за апошнія 15 гадоў прыпала каля 60% усіх угодаў у свеце). Акрамя таго, кітайскія інвестары актыўна падтрымліваюцца найбуйнейшымі кітайскімі банкамі і інвестыцыйнымі фондамі. Кітай у плане інвестыцый у краіны ЕС выбірае супрацоўніцтва асобна з удзельнікамі Еўрасаюза, а не напрамую з рэгулюючымі органамі ЕС. У цэлым мяккая сіла ў сферы інвестыцыйнай дзейнасці КНР у ЕС накіравана на тое, каб зрабіць вядучыя карпарацыі Еўрасаюза свайго роду «прыдаткам», які пастаўляе найбуйнейшым кітайскім ТНК «сыравіну» ў выглядзе тэхналогій і інавацый.

Экспансія эканамічнай мяккай сілы Кітая за 20 гадоў: чырвоным пазначаны краіны, чыім галоўным партнёрам з’яўляецца КНР.
Крэдытаванне палітычнай верхавіны. У дадзеным выпадку крэдыт выкарыстоўваецца ў ролі своеасаблівага «дара», дзякуючы чаму бярэцца пад заклад персанальны рэсурс таго ці іншага чыноўніка. Прыклад: Казахстан, дзе ў пачатку 2022 года «турэцкая партыя» ў асобе клана Нурсултана Назарбаева прайграла «кітайскай» на чале з Касым-Жомартам Токаевым. Больш за ўсё сёння павінны Кітаю краіны Афрыкі, перш за ўсё — Джыбуці (гэтая краіна павінна Пекіну 43% свайго валавога нацыянальнага даходу), Ангола (41%) і рэспубліка Конга (29%). У топ-5 таксама ўваходзяць Мальдывы (38%) і Лаос (30%). Ніжэй прыведзена карта, якая дэманструе (па стане на пачатак гэтага дзесяцігоддзя) маштаб распаўсюджвання мяккай сілы КНР і тое, дзе ляжаць першачарговыя інтарэсы Кітая на міжнароднай арэне (асабліва за межамі найбліжэйшых суседзяў). У Афрыцы гэта, перш за ўсё, паўднёвая яе частка, тады як паўночная ўсё роўна больш імкнецца да Еўропы. Беларусь таксама павінна Кітаю вельмі адчувальную суму, якая перавышае 5% валавога нацыянальнага даходу.

Звязаныя крэдытныя лініі. Большасць кітайскіх інвестыцый, якія накіроўваюцца, напрыклад, у Беларусь і іншыя постсавецкiя краiны прадстаўлены т.зв. звязанымi крэдытнымi лініямі. Пры гэтым умовы крэдытавання падразумяваюць удзел кітайцаў у прыватызацыі постсавецкіх прадпрыемстваў, а набыццё кітайскім бокам гэтых актываў непазбежна правакуе канфлікт інтарэсаў пакупніка і прадаўца, паколькі першы зацікаўлены ў нізкай цане, а другі – у высокай. Кітайскія крэдыты даводзіцца вяртаць, пры гэтым яны не вырашаюць галоўнай праблемы прадпрыемстваў постсавецкіх краін – загрузкі сыравінай. Таксама кітайскія крэдыты і інвестыцыі нясуць істотныя рызыкі і накладваюць на другі бок шэраг важкіх абавязацельстваў і абмежаванняў. У краінах СНД кітайскія будаўнікі і іншыя задзейнічаныя спецыялісты, работа якіх аплачваецца кітайскімі ж грашыма з іх жа крэдытаў, фактычна пакідаюць без працы мясцовыя будаўнічыя кампаніі і работнікаў. Адначасова ўлады постсавецкіх дзяржаў пазбаўляюць сябе магчымасці выбару альтэрнатыўных партнёраў у частцы паставак тэхналогій, абсталявання і да т.п., пры гэтым танны кітайскі шырспажыў знішчае мясцовую прамысловасць, перш за ўсё, лёгкую (або яе рэшткі).
Прадастаўленне прэферэнцыі замежным вытворцам для атрымання тэхналогій. Пекін дае замежным вытворцам свае прэферэнцыі да таго часу, пакуль іх тэхналогіі не будуць атрыманы і скапiяваны ўнутры КНР. Пасля чаго гэтыя кампаніі сутыкаюцца з больш суровай рэальнасцю. Кітай пачынае дэманстраваць тэндэнцыю да выкарыстання пераваг свабоднага гандлю і гэтага інструментара з моманту ўступлення краіны ў СГА (Сусветную гандлёвую арганізацыю) у 2001 годзе. Эксперты Heritage Foundation адзначаюць, што кітайскія кампаніі, якія вельмі часта прадстаўляюць інтарэсы дзяржавы, інвестуюць за мяжой не дзеля атрымання прыбытку, а для трансферту на радзіму тэхналогій, атрымання кантролю над прыроднымі рэсурсамі або захопу рынкавай долі.
Забарона імпарту ў Кітай. Нядаўна Пекін прыпыніў імпарт японскіх морапрадуктаў – пасля выкіду вычышчаных сцёкавых вод з АЭС Фукусіма. Спіс байкоту японскіх кампаній, такіх як вытворцы касметыкі, распаўсюджваўся ў кітайскіх сацыяльных сетках. Іншы прыклад: выказванне нязгоды Тайбэя са сцвярджэннем Пекіна аб тым, што Кітай і Тайвань з’яўляюцца адным цэлым у рамках палітыкі «Адзінага Кітая», якая праводзіцца КНР, прывяло да забароны на імпарт з вострава морапрадуктаў і іншых прадуктаў.
Павышэнне тарыфаў на экспарт і манапалізацыя ў экспартнай сферы. Прыклад: калі Аўстралія заклікала да расследавання паходжання COVID-19, Кітай адказаў павышэннем тарыфаў на драўніну, вугаль, віно і іншыя тавары з краіны. Іншы прыклад: аўтарынак Расіі, на які кітайскія маркі заходзяць ужо дастаткова даўно. Аднак пасля падзей ва Украіне кітайцы сталі па сутнасці безальтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі новых афіцыйных аўтамабіляў у Расійскую Федэрацыю. Больш за тое, паводле звестак інфармагенцтва Bloomberg, якое спасылаецца на Асацыяцыю аўтавытворцаў КНР, Расійская Федэрацыя стала першым у свеце экспартным рынкам кітайскага аўтапрама (цытата): «Расія стала галоўным пакупніком кітайскіх аўтамабіляў у свеце. Па выніках студзеня — мая 2023 года Кітай адгрузіў у РФ 287 тысяч новых аўтамаў».
Стварэнне альтэрнатыўных заходнім фінансавых структур. Кітай стварыў альтэрнатыву Сусветнаму банку яшчэ ў сярэдзіне 2010-х гг., калі ў Пекіне пачаў працу Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый – фінансавая арганізацыя са статутным капіталам у 100 млрд. даляраў. Па інфармацыі Reuters, паспяховае стварэнне гэтага банка, прызначанага для працы асобна ад Сусветнага банка і МВФ – дыпламатычны трыўмф Кітая, які выступае супраць фінансавай сістэмы, якая склалася ў свеце i у якой дамінуюць ЗША. У рабоце Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый з моманту яго стварэння прынялі ўдзел 57 краін, у тым ліку Вялікабрытанія, Германія, Італія і Аўстралія. Заходнія эксперты падкрэсліваюць, што саюзнікі ЗША вырашылі ўдзельнічаць у рабоце банка, нягледзячы на супрацьдзеянне з боку амерыканскай адміністрацыі.
Юанізацыя знешняга гандлю. Прыклад: юань займае ўсё большы аб’ём у разліках знешняга гандлю Расіі, прычым далёка не толькі з Кітаем. Па дадзеных міністэрства эканамічнага развіцця РФ, у разліках з Кітаем у першыя шэсць месяцаў 2023 года доля юаня складае 75% (у разліках з усемi іншымі краінамі – 25%) і працягвае расці. Пры гэтым сярэдні абарот таргоў у Расіі валютнай парай рубель-юань дасягнуў 200 млрд рублёў. Таксама вырас аб’ём даўгавых інструментаў у юанях на Маскоўскай біржы – да 80 млрд юаняў. Рубель таксама гуляе вялікую ролю ў гандлі – 72% здзелак па экспарце і 69% здзелак па імпарце праходзяць у рублях. У пачатку 2022 года гэты паказнік складаў 15% і 33% адпаведна. Іншы прыклад – паведамленне Bloomberg ад 20.04.2022 пра тое, што Ізраіль дадаў юані да сваіх рэзерваў на суму 206 млрд даляраў (скрын ніжэй).

Экспансія Кітая праз інстытуты БРІКС. Ужо ў сярэдзіне 2015 года на саміце БРІКС ва Уфе (8-9 ліпеня) высветлілася, што Пекін зацікаўлены ў тым, каб структура БРІКС выбудоўвалася вакол адзінага ядра – Кітая, які павінен мець цесныя сувязі з усімі дзяржавамі БРІКС, у той час як ягоныя партнёры па арганізацыі будуць узаемадзейнічаць паміж сабой пераважна ў сферы палітычнага дыялогу. Такім чынам БРІКС становіцца па сутнасці кітайскім праектам. Расея ў ім павінна займаць становішча «малодшага брата». Нават інвестыцыі Новага банка развіцця БРІКС у Расію павінны прыцягвацца ў асноўным на праекты па разведцы і здабычы вуглевадароднай сыравіны на шэльфе і сушы. Згодна з зробленай тады ж заявай дырэктара дэпартамента Еўропы і Цэнтральнай Азіі МЗС КНР Гуй Цун’ю, асваенне нафты і газу на тэрыторыі Расіі – гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў для Кітая. Такім чынам Пекін зацікаўлены не ў садзейнічанні развіццю РФ праз кааперацыю з краінамі БРІКС, а ў стратэгіі абслугоўвання Расіяй інтарэсаў Кітая і выпампоўванні рэсурсаў з расійскіх нетраў.
Выкарыстанне патэнцыялу замежных дыяспар (хуацяа). Кітайскія дыяспары лічацца аднымі з найбольш шматлікіх і добра арганізаваных дыяспар у свеце. Для абазначэння этнічных кітайцаў, якія пражываюць па-за межамi КНР, існуе адмысловы тэрмін – «хуацяо». Па ўсім свеце налічваецца звыш 50 млн. хуацяа, каля 75% з іх засяроджана ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. У сувязі з гэтым у пачатку XXI стагоддзя кітайскі праект першапачаткова развіваўся ў асноўным у напрамку краін рэгіёну, г.зн. Сінгапура, Малайзіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наколькі актыўна і эфектыўна ішоў працэс гаворыць наступнае. Некаторыя кітаісты ўжо на пачатку 2000-х гг. адзначалі, што «каля 85% эканомікі Малайзіі (у той час адной з самых дынамічна развіваўшыхся краін рэгіёну) – гэта кітайскі капітал, 20% насельніцтва – гэта этнічныя кітайцы, нават 20% урадавага кабінета – кітайцы … Руліць малайзійскімі справамі іслам, а вось у капітанскай каюце сядзяць луналікія хуацяа, чыё імя перакладаецца як «мост на кітайскі бераг». У некаторых краінах хуацяа адносяцца да самай адукаванай часткі насельніцтва, якая да таго ж валодае большай часткай бізнэсу, застаючыся пры гэтым выключна закрытай нацменшасьцю. Нават часткова асіміляваныя этнічныя кітайцы выразна вылучаюцца з мясцовага насельніцтва дзякуючы сістэме сувязяў (гуансі), сямейнаму ўкладу і арганізацыі бізнесу. Усё гэта прымушае шматлікіх даследнікаў разглядаць кітайскія дыяспары як патэнцыйных правадыроў мяккай сілы Пекіна з велізарнымі магчымасцямі ўздзеяння на палітыку краін якія іх прытулілі. Асабліва гэта датычыцца рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі і эканомік тых краін, дзе пазіцыі хуацяа вельмі моцныя.