Пракрамлёўская рускамоўная прапаганда і яе «говорящие головы» фактычна выбудоўваюць у сваіх медыя-наратывах 4-х узроўневую іерархію пагроз пуцінскай Расіі. У той жа час яны часта спрабуюць падмяніць месцамі яе «верхнія» і «ніжнія» ўзроўні. Сама ж іерархія, па сутнасці, наступная.
На першым месцы — ісламісты, якія дзейнічаюць у РФ як сярод шматлікіх прыбываючых звонку мігрантаў, так і сярод мясцовых, якія жывуць, напрыклад, у рэгіёне Паўночнага Каўказа. Ад ісламістаў зыходзіць ключавая пагроза, здольная цалкам знішчыць цяперашнюю Расію. Асабліва ў выпадку аб’яднання іх намаганняў з крыніцамі патэнцыйнай дэстабілізацыі цэнтральнаазіяцкага рэгіёна і з’яўленні тамтэйшых радыкалаў у паўднёвых межаў РФ.
На другім месцы — панцюркісты, з дапамогай якіх Турцыя «выціскае Расею з РФ», бо на турэцкіх картах Расія адлюстроўваецца толькі да Урала. Носьбітамі гэтай ідэалогіі ў Расіі з’яўляюцца выхадцы з Азербайджана (iх больш за мiльён толькi у адной Маскве), мясцовыя цюркі і частка мусульман Паўночнага Каўказа, крымскія татары. Пры адпаведнай падтрымцы звонку (ад цюркскіх дзяржаваў, Брытаніі) панцюркісцкі праект здольны пазбавіць РФ велізарных тэрыторый.
На трэцім месцы — Украіна. Сёння пагроза ад яе «адчувальная» для насельніцтва тэрыторыі РФ у асноўным у прыфрантавых рэгіёнах, у выглядзе перыядычных налётаў БПЛА, дыверсій у тыле і «тэлефонных нападаў». Патэнцыял у перспектыве — замацаванне канчатковага аддзялення ад Расіі Украіны і Беларусі, якія і без гэтага ўжо не ўваходзяць у склад РФ. Таксама з пункту гледжання прапагандыстаў РФ, пагроза заключаецца ў магчымасці выкарыстання «ўкраінскага фактару» для распальвання калінінградскага, казацкага, сібірскага, далёкаўсходняга, паморскага, уральскага і г.д. сепаратызму.
На чацвёртым месцы — непасрэдная пагроза ад «калектыўнага Захаду», г.зн. ЗША, ЕС і НАТА. Выяўляецца ў тым, што Расія наўпрост названая ворагам у пэўных дактрынах і дакументах. А таксама ва ўзбраенні Украіны, удзеле добраахвотнікаў з краін Захаду ў баявых дзеяннях супраць рускіх у шэрагах ВСУ і наяўнасці ўнутры самой Расіі людзей, якія сімпатызуюць еўрапейскай культуры, абазваных прапагандыстамі «ліберальнай пятай калонай».
Рускамоўныя прапагандысты з ліку былых супрацоўнікаў спецслужбаў зыходзяць з таго, што пасля прыходу да ўлады ў ЗША Д. Трампа і ягонай каманды ў свеце хутка пачаў мяняцца палітычны ландшафт. Дзякуючы гэтаму на «заходнім фронце» будзе шмат перамен, у тым ліку для самой РФ. Для адміністрацыі Трампа тое, што спрабавалі зрабіць глабалісты пры Байдэне, прыярытэтам не з’яўляецца.
Адпаведна, кіраваныя трампістамі ЗША будуць выбудоўваць свой новы праект і адмаўляцца ад менш важных для сябе саюзнікаў і кропак на планеце. Іх праграма — перазапусціць амерыканскую эканоміку і вырвацца далёка наперад з пункту гледжання тэхналагічнага прагрэсу. З гэтай мэтай Трамп камплектуе «кампанію мары» з мультымільярдэраў і IT-адмыслоўцаў.
Еўропа для ЗША ў гэтых раскладах — гэта рэсурс, які можна выкарыстоўваць для ціску на Кітай або проста даіць, у тым ліку з мэтай выцягвання сродкаў на падтрымку амерыканскага ВПК. ЗША будуць кансалідаваць у сябе еўрапейскі тэхнаэканамічны блок, адначасова нейтралiзуючы ЕС у якасці канкурэнта. Еўрапейскім краінам, ва ўладзе ў якіх знаходзяцца палітыкі накшталт Орбана і Фіцо, падладжвацца пад ЗША будзе проста, у той час як астатнім – вельмі складана.
Сама Еўропа вернецца да «базавых еўрапейскіх падзелаў»: поўдзень пойдзе кансерватыўным, нацыяналістычным шляхам, поўнач — шляхам левых сацыял-дэмакратаў. Гэта будзе расколваць ЕС і рабіць яго вельмі складанакіруемай канструкцыяй. Многіх з тых, хто зараз прысутнічае ў еўрапейскай эліце, праз пяць гадоў не будзе.
«Падпарадкаваная Еўропа», з пункту гледжання крамлёўскай прапаганды, патрэбная і Брытаніі. Аднак Лондан свой эканамічны патэнцыял нібыта шмат у чым страціў і існуе толькі як фінансавы цэнтр, роля якога з фармаваннем свету большасці і новай фінансавай інфраструктуры будзе памяншацца. На кантыненце ў Брытаніі заўсёды была свая традыцыйная англамоўная зона з уплывам брытанскіх спецслужбаў — гэта Нідэрланды, часткова Бельгія, Скандынавія, уключаючы Фінляндыю.
Цяпер Брытанія спрабуе да гэтай зоны прымацаваць Польшчу і Украіну. Калі Лондан здолее стварыць кіраваны блок Паўночная Еўропа-Польшча-Украіна, гэта дасць яму магчымасць пры размовах аб будучыні Еўропы і свету сядзець за вялікім сталом гісторыі і адыгрываць важную ролю. Без Украіны і Польшчы Брытанія можа аказацца нікому не патрэбнай, таму Лондан і імкнецца палітычна падцягнуць да сябе гэтыя дзве краіны, «купіць» іх эліты.
Будучыя «перамены на заходнім фронце» выклікаюць у «говорящих голов» маскоўскай прапаганды «стрыманы аптымізм», паколькі нібы «час у дадзены момант працуе на Расію» і яе чакае «вельмі цяжкі пераломны год». Працэсы на Блізкім і Сярэднім Усходзе — гэта толькі пачатак, новы віток змены светаўладкавання. Сітуацыя ў такіх крытычных міжнародных абставінах і поўнай змене светаўладкавання багатая распадам і велізарнымі пагрозамі для самой РФ, таму неабходны сістэмны падыход. Тое, што адбываецца на Далёкім і Блізкім Усходзе, у Еўропе і на постсавецкай прасторы — гэта адзіны працэс.
Менавіта зараз расійская ўнутраная палітыка суадносіцца з знешняй самым жорсткім чынам. Цяпер ідуць ціхія, а потым будуць гучныя размовы аб тым, што з Расіяй трэба заключаць новыя пагадненні па бяспецы на расійскіх заходніх межах. Галоўная задача Крамля — дасягнуць ключавога пералому ў адносінах з Захадам. У РФ «маса спячых агентаў і магчымасцяў для дыверсій». Захад павінен усвядоміць, што з Расіяй нічога зрабіць нельга, асабліва ваенным шляхам, і таму давядзецца дамаўляцца.
У вышэйапісаным бачаннi будучыні i іерархіі пагроз пуцінскай Расіі варта адрозніваць пагрозы больш прыярытэтныя з пункту гледжання прапаганды і з пункту гледжання рэальнай небяспекі для існавання РФ. Многія маскоўскія прапагандысты ажыццяўляюць іх падмену нават не задумваючыся, з адзінай мэтай зрабіць у вачах сваёй аўдыторыі абсалютным увасабленнем зла далёкія еўрапейскія краіны і даволі абстрактны Захад у цэлым. І робяць гэта яны нягледзячы на тое, што бачаць рэальную пагрозу існаванню РФ літаральна ва ўласным побыце, на вуліцы, кожны дзень.