Канфлікт Пакістана і Індыі: цікавасць Кітая

Індыя і Пакістан апынуліся на мяжы вайны праз тэракт у штаце Джаму і Кашмір 22 красавіка. У гэты дзень баевікі руху «За вызваленне Кашміра» адкрылі агонь па групе турыстаў у індыйскай частцы штата, прыналежнасць якога даўно аспрэчваюць дзве краіны. Было забіта 26 чалавек, 17 паранена. Групоўка, якая ўзяла на сябе адказнасць, заявіла, што гэта атака — «пратэст супраць дэмаграфічных зменаў у рэгіёне”.

Урад Індыі паведаміў, што нападнікі прыйшлі з пакістанскай тэрыторыі. Паліцыя апублікавала імёны траіх падазраваных, указаўшы, што двое з іх з’яўляюцца грамадзянамі Пакістана і чальцамі групоўкі, якая здзейсніла ў 2005 г. самы крывавы ў гісторыі Індыі тэракт у Мумбаі, у ім загінула 175 чалавек. Аднак паводле інфармацыі Financial Times, доказаў Дэлі не прадставіў.

Адразу ж пасля масавага забойства турыстаў у Кашміры адносіны паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі рэзка абвастрыліся. На працягу апошняга тыдня красавіка ў штаце Джаму і Кашміры зафіксаваны шэраг перастрэлак паміж індыйскімі і пакістанскімі вайскоўцамі. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў правакацыях. На кадрах, якія з’явіліся ў сеціве, відаць, як УС Пакістана першымі адкрываюць агонь па пагранпастах УС Індыі. Па дадзеных India Today, індыйскі бок дае «цвёрды адказ».

Індыя і Пакістан узмацняюць ваеннае супрацьстаянне ў тым ліку перакідкай у памежныя раёны дадатковых узбраенняў і тэхнікі. Пакістанскі бок робіць гэта больш дэманстратыўна. На апублікаваных у сеціве кадрах бачныя розныя САУ, танкі і іншая тэхніка пакістанскіх войскаў. Кіраўнік мінабароны Пакістана Хаваджа Мухамад Асіф заявіў аб магчымым уварванні Індыі, да якога, паводле яго слоў, пакістанскія войскі гатовыя. Індыйскія палітыкі, у сваю чаргу, адкрыта абмяркоўваюць магчымасць ваеннай аперацыі ў той частцы Кашміра, якая знаходзяцца пад кантролем Ісламабада.

Індыйскі бок таксама паведаміў, што знайшоў доказы дачынення пакістанскіх спецслужбаў да нядаўніх тэрактаў на яго тэрыторыі. Па дадзеных індыйскай выведкі, Пакістан збіраецца адправіць вялікую колькасць тэрарыстаў здзяйсняць тэракты на тэрыторыі Індыі. Таму індыйскі прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі заявіў, што Нью-Дэлі будзе нястомна пераследваць кожнага тэрарыста і іхных заступнікаў.

Аб’яўлена аб закрыцці мяжы з Пакістанам і высылцы ўсіх грамадзян гэтай краіны з Індыі, уключаючы ваенных аташэ. Дыпламатычныя каналы скарочаныя да мінімуму, памежны пераход Атары-Вагах зачынены, візы ануляваныя. Усім грамадзянам Пакістана загадана пакінуць Індыю да 29 красавіка, тых хто ўехалі па сістэме вызвалення ад віз (СААРК) вышлюць на працягу 48 гадзін, а іншых не ўпускаць не будуць.

Таксама Нью-Дэлі прыпыняе дзеянне шэрагу ўзаемных дамоўленасцей, у якіх мае патрэбу Пакістан. Акрамя іншага, Індыя пайшла на беспрэцэдэнтны крок — прыпыніла дзеянне 65-гадовай Дамовы аб Індыйскіх водах ад 1960 года (аб забеспячэнні Пакістана водамі з ракі Інд) — адной з вельмі нямногіх дыпламатычных дамоў, якая перажыла дзесяцігоддзі варожасці і дзейнічала нават у час войн памiж краiнамi. Індыйскі бок закрыў сцёк вод ракі Інд у Пакістан. Перакрыты ўсе 4 водарэгулюючых засаўкі на плацінах і каналах. Стала вядома і пра тое, што Індыя рыхтуецца адмяніць пагадненне аб спыненні агню з Пакістанам, якое дзейнічала з лютага 2021 года.

У сваю чаргу Ісламабад прывёў войска ў боегатоўнасць і папярэдзіў Індыю аб магчымай вайне. Міністр абароны Пакістана Хаваджа Мухамад Асіф заявіў у эфіры Sky News аб гатоўнасці да поўнамаштабнага канфлікту: «Мы ўзважым наш адказ на ўсё, што ініцыюе Індыя. Гэта будзе ўзважаны адказ. Калі адбудзецца поўнамаштабная атака ці нешта ў гэтым родзе, то, відавочна, будзе поўнамаштабная вайна». Таксама кіраўнік ваеннага ведамства Пакістана сказаў, што ў яго краіны «ёсць інфармацыя, што Індыя плануе тэракты ў розных гарадах».

Камітэт нацыянальнай бяспекі Пакістана абвясціў, што спроба спыніць паток вады з ракі Інд будзе лічыцца актам вайны і Пакістан гатовы да адказу ўсімі наяўнымі сіламі (тым не менш урад Індыі ўжо закрыў шлюзы і апублікаваў адпаведнае відэа). Акрамя таго, Пакістан адмовіўся перадаваць Індыі захопленага індыйскага памежніка (па неафіцыйнай інфармацыі — памежнікаў), у аднабаковым парадку спыніў увесь гандаль з Індыяй і зачыніў сваю паветраную прастору для яе авіякампаній.

На гэтым фоне на мяжы ў раёне Джаму і Кашміра працягваюцца перастрэлкі. Індыйскае войска заявіла, што ягоныя вайскоўцы адказалі на «несправакаваны» агонь з некалькіх пастоў пакістанскай арміі, які пачаўся каля поўначы. Пакістанскія вайскоўцы гэтую заяву не каментавалі. Паведамленняў аб ахвярах або пацярпелых не паступала.

25 красавіка ў даліне Ліпа ў Кашміры ўспыхнулі і больш інтэнсіўныя баі паміж індыйскімі і пакістанскімі войскамі з ужываннем лёгкага і цяжкага ўзбраення. Пры гэтым, паводле інфармацыі Reuters, індыйскія і пакістанскія вайскоўцы працягваюць весці перастрэлку і на памежнай лініі кантролю ў Джаму і Кашміры.

У канцы красавіка індыйскія сілы сталі зносіць дамы, якія належаць сем’ям людзей, «падазраваных у здзяйсненні тэракту ў Кашміры». Міністэрства інфармацыі Індыі выпусціла рэкамендацыю, якая забараняе медыярэсурсам трансляваць у жывым эфіры перамяшчэнне або аперацыі сіл бяспекі, спасылаючыся на меркаванні «нацыянальнай бяспекі».

Па дадзенных індыйскага выдання ABP News, на фоне абвастрэння абстаноўкі і чаканняў магчымага пачатку ваеннага канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам, сем’і шэрагу высокапастаўленых прадстаўнікоў пакістанскіх узброеных сіл пакінулі тэрыторыю краіны. Сярод іх — сем’і камандуючага арміяй Пакістана генерала Асіма Муніра, генеральнага дырэктара ISPR генерал-лейтэнанта Асіма Маліка, старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерала Сахіра Шамшада Мірзы, а таксама генерал-лейтэнантаў Навумана Закарыі і Інама Хайдэра Маліка. Крыніцы выдання мяркуюць, што прычынай ад’езду магло стаць імкненне пазбегнуць магчымай мабілізацыі.

СПА, ВПС і ракетныя войскі абедзвюх ядзерных дзяржаў прыведзеныя ў стан баявой гатоўнасці. Індыйскі авіяносец INS Vikrant высунуўся ў бок пакістанскіх тэрытарыяльных водаў. У выпадку ўзброенай канфрантацыі, ваенна-марскія сілы Індыі (на дадзены момант ужо разгорнутыя ў Аравійскім моры і значна праўзыходячыя пакістанскія ВМС) будуць здольныя не толькі блакаваць узбярэжжа Пакістана, але і нанесці фатальную шкоду інфраструктуры яго партоў Карачы і Гвадар. Апошні з’яўляецца канчатковай кропкай стратэгічна важнага для Пекіна кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора, які забяспечвае прамы выхад КНР да Індыйскага акіяна.

Міністр абароны Пакістана Хаваджа Мухамад Асіф заявіў, што свету трэба турбавацца з-за іх канфлікту з Індыяй, падкрэсліўшы: «Сутыкненне дзвюх ядзерных дзяржаў заўсёды выклікае турботу… Калі нешта пойдзе не так, гэтае супрацьстаянне можа скончыцца трагічна».

28 красавіка Пакістан паведаміў аб непазбежнасці вайны з Індыяй і прыгразіў выкарыстоўваць ядзерную зброю. У інтэрв’ю Reuters міністр абароны Пакістана, заявіў, што чакае немінучага ваеннага ўварвання з боку Індыі, падкрэсліўшы, што Ісламабад ужо ўзмацніў сваё войска: «Мы нарасцілі нашыя сілы, паколькі ўварванне Індыі стала непазбежным. У гэтай сітуацыі неабходна было прыняць стратэгічныя рашэнні, і яны былі прынятыя». Міністр таксама адзначыў, што Пакістан, які знаходзіцца ў стане павышанай баявой гатоўнасці, разглядае магчымасць прымянення ядзернай зброі ў выпадку ўзнікнення «пагрозы існаванню дзяржавы»: «Мы паведамілі аб сітуацыі нашым сябрам у Персідскім заліве і Кітаю, а таксама праінфармавалі Вялікабрытанію, ЗША і іншыя краіны«.

Палітолагі і адмыслоўцы лічаць ядзерную вайну паміж Пакістанам і Індыяй самай магчымай з войн з выкарыстаннем гэтага роду ўзбраенняў. Амерыканскі эксперт Збігнеў Бжэзінскі ў пачатку 2010-х лічыў, што ядзерная вайна з гібеллю да 2 млрд чалавек ва Усходняй Азіі непазбежная – настолькі крытычная сітуацыя ў трохкутніку Пакістан-Індыя-Кітай. Па адным са сцэнароў, разгледжаным у 2019 годзе, Індыя і Пакістан могуць абмяняцца сотняй удараў тактычнай ядзернай зброі.

Загіне ад 50 да 125 млн чалавек (з прычыны гэтага можа наступіць глабальнае пахаладанне на 2-5 градусаў Цэльсія, якое вядзе да памяншэння ў сярэднім на 15-30% узроўню ападкаў у маштабе ўсёй Зямлі; пры гэтым, напрыклад, у Індыі і Цэнтральным Кітаі сярэднегадавы ўзровень ападкаў упадзе практычна да нуля, тады як на Сярэднім Захадзе і Паўночна-Усходзе ЗША — на 50%). Па іншых сцэнарах, Кітай можа ўмяшацца на баку Пакістана, Індыя ім адкажа. Колькасць ахвяр у такім выпадку будзе значна большая і бліжэй да лічбаў, агучаных З. Бжэзінскім.

Цяперашні крызіс паміж Індыяй і Пакістанам ужо не першы, калі рэгіён аказваецца на мяжы маштабнай вайны дзвюх ядзерных дзяржаў. У 1999 годзе адбыўся г.зв. Каргільскі канфлікт: пакістанскія жаўнеры і баевікі перасеклі Лінію кантролю і занялі індыйскую тэрыторыю. Індыя пачала ваенную аперацыю па іх выцясненні. Мір з трывогай назіраў за гэтымі бітвамі. Усё скончылася толькі пасля ціску з боку ЗША. У 2019 годзе пасля тэракту ў Пулваме, які забраў жыцці 40 індыйскіх вайскоўцаў, Індыя нанесла авіяўдары па Балакаце. Пакістан адказаў сваімі ўдарамі. Адбыліся паветраныя баі, быў збіты самалёт, індыйскага пілота захапілі і пазней вярнулі. Гэта быў самы небяспечны момант з часоў Каргіла.

У цяперашні час усё ідзе паводле падобнага сцэнару: ізноў у эпіцэнтры Кашмір, тэракт, гнеў Індыі, адмаўленне Пакістана, разрыў дыпламатычных сувязяў, боесутыкненні, маўчанне вайскоўцаў. Але ёсць і істотныя адрозненні. Напрыклад, тое, што тэракт у Індыі адбыўся ў дзень візіту віцэ-прэзідэнта ЗША Дзі Вэнса, які прыбыў у краіну 21 красавіка з 4-дзённым візітам з вельмі напружваючай Кітай прапановай – дапамагчы Індыі даследаваць яе прыродныя рэсурсы, у тым ліку марскія запасы прыроднага газу і запасы крытычна важных мінералаў. Таксама сёння ёсць адчуванне крытычнай сітуацыі, якая ствараецца штучна.

Пры гэтым у абедзвюх краін ёсць ядзерная зброя – у кожнай каля 150 боегаловак. Магчымасць ваеннага канфлікту Індыі і Пакістана расце штодня. Да таго ж існуе крытычна важны фактар: ваенная дактрына Пакістана прадугледжвае ўжыванне ядзернай зброі першым у тым выпадку, калі падчас канвенцыйнай вайны складзецца непазбежная пагроза паразы. Такое становішча вынікае з відавочнай асіметрыі ваенных балансаў Індыі і Пакістана.

У дадатак у самім Пакістане мае месца вельмі няпростая палітычная сытуацыя. Папулярны ў краіне палітык Імран Хан сядзіць у турме, шматлікія пратэсты ў ягоную падтрымку працягваліся некалькі месяцаў. Цяпер пратэстуюць белуджы, якія складаюць большасць насельніцтва на захадзе краіны. Плюс у 250-мільённай краіне складаная эканамічная сітуацыя.

Магчыма, з улікам гэтага дзеянні індыйскага ўрада маюць адной з мэт справакаваць у суседзяў сацыяльна-палітычны крызіс. Аднак у самім Пакістане лічаць, што гэта толькі згуртуе расколатае грамадства. Міністр абароны заявіў: «Вы хочаце вайны? Пачынайце яе. Пакістан гатовы. Дзякуй, Модзі (прэм’ер Індыі) — ты аб’яднаў нашу нацыю».

Ва ўмовах, калі дзяржапарат і эліта Пакістана (у тым ліку яе найбольш важная частка – ваенныя і спецслужбоўцы) ужо некалькі гадоў знаходзяцца ў стане перманентнага і шматпланавага ўнутрыпалітычнага крызісу, знешні раздражняльнік у асобе «гістарычнага ворага» цалкам здольны выступіць стабілізуюча-аб’яднаўчым фактарам. І згуляць на руку як унутраным выгаданабытчыкам, так і знешнім бенефіцыярам. Перш за ўсё — кітайскім.

Пакістан і яго сілавая эліта знаходзяцца ў стратэгічнай арбіце Пекіна. Індыя – глабальны канкурэнт Кітая. Вядома, што праект эканамічнага калідора «Індыя — Блізкі Усход — Еўропа», які прасоўваецца ў тым ліку ЗША, з’яўляецца прамым антыподам кітайскага геаэканамічнага мега-праекта «Адзін пояс — Адзін шлях». Індыя ўпісваецца ў кантэкст амерыканскай стратэгіі глабальнай ізаляцыі КНР у якасці аднаго з яе ключавых элементаў. Удзельнікамі эканамічнага калідора «Індыя — Блізкі Усход — Еўропа» з’яўляюцца ЗША, Індыя, Саудаўская Аравія, ААЭ і Еўразвяз. Як следства, фактычна, уся палітыка Пекіна сёння – гэта спроба запаволіць замену Кітая на Індыю і даць сабе дадатковы рэзэрв па часе.

З гэтага пункту гледжання, для Кітая цяперашні крызіс у Паўднёвай Азіі – зручны інструмент стрымлівання амбіцый канкурэнтаў і памкненняў Захаду. На фоне напружанасці ў адносінах паміж Індыяй і Пакістанам Кітай ужо выказаў афіцыйную падтрымку Пакістану. Міністр замежных спраў КНР Ван І паведаміў кіраўніку пакістанскага вонкавапалітычнага ведамства Мухамаду Ісхаку Дару, што Пекін падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Пакістана, «пільна сочыць за сітуацыяй і выказвае падтрымку Пакістану ў намаганнях па барацьбе з тэрорам».

Кітаю вельмі выгадны Пакістана-Індыйскі канфлікт, разам з канфліктам на ўсходзе Еўропы (ва Украіне). Прычым як мага больш зацяжны. Пекін вельмі баіцца росту канкурэнцыі з боку нават В’етнама, Філіпін і Інданезіі – як месцаў рэлакацыі вытворчасцей з КНР. І ўжо тым больш Пекіну ні ў якім разе нельга дапусціць, каб у Індыі былі час, магчымасць і рэсурсы замяніць кітайскую «сусветную фабрыку» – для Еўропы, ЗША і краін Персідскага заліва – асабліва на фоне супрацьстаяння з камандай Д. Трампа .

Дзякуючы вайне супраць Украіны, Кітай ужо, па сутнасці, манапалізаваў Транссіб (поўнач Еўразіі), сярэдні мост з Азіі на рынак ЕС (Цэнтральная Азія). Аднак да цяперашняга крызісу Пекін не мог кантраляваць тое, што рабіў Нью-Дэлі, з яго вялізнымі замовамі ў частцы авіяпералётаў, планамі індыйска-блізкаўсходняга гандлёвага калідора і пераносамі заходніх вытворчасцей з Кітая ў Індыю. Да таго ж, Транссіб неўзабаве могуць ізноў адкрыць для заходніх транспартных аператараў – і манаполія КНР будзе страчана.

У гэтай сітуацыі Пекіну застаецца толькі ствараць праблемы Індыі праз традыцыйнага саюзніка і проксі ў асобе Пакістана і ісламістаў. Не даваць з’явіцца ніякай альтэрнатыўнай вытворчай пляцоўцы, таннейшай за КНР і не кантраляванай Пекінам. А таксама не даваць Індыі стаць ключавым вузлом новага транспартнага калідора ў Еўропу (гэта ж адносіцца і да Ізраіля – не дарма правакацыйны напад ісламістаў ХАМАС нагадвае падзеі ў Кашміры).

Дзякуючы праблемам, якія ствараюцца для Індыі, Пекін сёння ўжо мае наступны профіт. Пакістан закрыў сваю паветраную прастору для авіякампаній Індыі. З-за гэтага, па дадзеных Reuters вядучыя індыйскія авіякампаніі Air India і IndiGo будуць вымушаныя несці больш высокія выдаткі на паліва і лятаць даўжэйшымі маршрутамі. Забарона пры гэтым не распаўсюджваецца на замежныя авіякампаніі. Так, рэйсы авіякампаніі Air India на Блізкі Усход, у Еўропу і ЗША з Нью-Дэлі зараз будуць вымушаныя ляцець прыкладна на гадзіну даўжэй, што азначае больш высокія выдаткі на паліва і меншы аб’ём грузу.

Таксама пад шумок індыйска-пакістанскага супрацьстаяння, кітайская армія захапіла востраў-рыф Сэнд-Кей, які належыць В’етнаму, у архіпелагу Спратлі ў Паўднёва-Кітайскім моры i усталявала там сцяг КНР. Нягледзячы на прысутнасць в’етнамскіх ваенных і рыбалоўных аб’ектаў, Пекін ужо афіцыйна аб’явіў гэтую тэрыторыю часткай КНР. Сам па сабе востраў невялікі, незаселены і асаблівай каштоўнасці не ўяўляе, аднак зараз Кітай можа аб’явіць «сваёй» і водную тэрыторыю вакол яго. Акрамя таго, усяго ў 22 км ад Сэнд-Кей знаходзіцца філіпінскі востраў Ціту, дзе размешчаны ваенны фарпост Манілы – адна з найважнейшых ваенных баз Філіпін. Маніла ўжо баіцца, што Пекін будзе ўзмацняць ціск у рэгіёне, дзе ўжо мадэрнізуюцца філіпінскія аб’екты. Устаноўка сцяга КНР толькі павялічвае рызыку сутыкненняў паміж краінамі. Да таго ж захоп адбыўся напярэдадні філіпінска-амерыканскіх ваенных вучэнняў.