Заўсёды, калі палітычная тыранія намагалася забараніць філосафаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, знішчыць іх творы — гэта толькі падкрэсьлівала йх значэньне для народнага і грамадскага духу, рабіла з йх сьцяг, сымвал рэвалюцыйнага супраціву.
Тыя ж, хто забараняе, нават не разумее, што і чаму яны гэта робяць. Якія мэты йх дзеяньняў, які палітычны сэнс і ідэалагічнае значэньне. Яны ўжо даўно нічога не разумеюць, толькі круцяць вінцікі той дзяржаўнай машыны, у якой функцыянуюць.
Калі будзе трэба заўтра забароняць Біблію і зробяць з Ісуса з Назарэту экстрэміста, які такім і быў, бо падважыў палітычны і рэлігійны парадак.
Пра што ў свой час пісаў Дастаеўскі ў маналогу пра «Вялікага Інквізітара». Ён апісаў дух таталітарызму, у якім жыла Расея і зьняволенная Беларусь, і жыве зараз.
Існуючая ў Беларусі сістэма, па сутнасьці павінна змагацца супраць усяго таго, што прызывае да барацьбы з тыраніяй, што падважае «палітычны лад» сам у сабе і ў любой рэчаіснасьці, асабліва імперска-расейскі, часткай якога зхяўляецца.
Дарэчы, па канонах сучаснага палітычнага парадку Беларусі, Дастаеўскі, Салжыніцын, Булгакаў, Зіноў’еў таксама экстрэмісты. І не вядома, што рабіць з Леніным і Марксам — яшчэ тыя рэвалюцыянеры-экстрэмісты, а Бакунін і Крапоткін? Бо менавіта іх вучні сёньня, пры «новым парадку» сядзяць у вязьніцах за барацьбу супраць сістэмы.
Прыгадаліся словы аднаго КДБіста пад час вобшукаў хіба ў рэдактароў «Нашай Нівы», «зачем вам столько книг». Хіба, хутка будзе выдадзены рэгламент пра колькасьць і якасьць кніг, якія можна мець у кватэры. І напэўна пад забарону падпадзе Рэй Брэдбэры са сваімі «451», усьлед за Оруэлам.
Сыходзячы з інтарэсаў новага палітычнага парадку, агульна навука і літаратура сама па сабе павінна разглядацца як экстрэмістычная, бо будзе імкнуцца да свайго вызваленьня праз развіцьцё чалавека. Тым больш, што акрамя забаронаў «новы парадак» нічога не можа прапанаваць. Нічога. У йм няма творчага духу, як і ў той жа Масковіі, хіба толькі Газманаў і Груздзевы: тупей і слухай, слухай і тупей. Толькі так гэты парадак можа існаваць, бо толькі так можна выгадоўваць новыя вінцікі.
Але шурупчыкі «новага парадку» сваімі забаронамі робяць выдатнейшую рэч: яны папулярызуюць тых, каго забараняюць. Асабліва ў сучасную эпоху, калі немагчыма кнігі спаліць, ці зачыніць у сырым архіве.
Зараз кожны Беларус вывучыць на памяць вершы Дуніна-Марцынкевіча, шмат хто ўзгадае, што беларуская культура багатая такім цудоўным пісьменьнікам-рэвалюцыянерам.
Праз гады, унукі тых, хто сёньня забараняў творы і торцаў Беларусі будуць іх вывучаць, а насатаўнікі распавядаць пра самадурствы «таго парадку» лукашэнкаўскіх часоў. Дзеці будуць здзіўляцца, што такое было магчыма, а таксама ганарыцца сваёй культурай і мовай, бо пакутамі яна ўзбагачаецца:
…Эй скажэце, добры людзі,
Што ужо на сьвеце будзе,
Ці то так судзіў Бог з намі
Гінуць век пад маска-лямі?
Таксама, дзякуючы «новаму парадку» і забаронам, якія ўздымаюць вагу беларускасьці, будзе адбывацца дэрусіфікацыя культурнай і духоўнай прасторы.
Павал Усаў