“Любая свабода, як правіла, страчваецца паступова.”
Давід Юм
5 верасня 2023 году Лукашэнка выдаў чарговы ўказ згодна з якім уводзіцца забарона на абмен пашпартоў у консульствах за мяжой. Цяпер абмяняць пашпарт можна толькі на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго даверанасць на якую-небудзь рухомую і нерухомую маёмасць зараз таксама можа быць аформлена толькі ў РБ.
Трэба адзначыць, што ўказ быў дастаткова прадказальны, асабліва ўлічваючы тое, што апошнія паўгады беларусы, якія спрабавалі памяняць пашпарт у консульствах за мяжой, ужо скардзіліся на тое, што для атрымання дакумента ім неабходна было ехаць у Беларусь.
Аддаю належнае – ход дастаткова моцны па сваіх наступствах, сапраўды вельмі б’е па ўсіх апанентах рэжыму і відавочна варта чакаць наступных крокаў. За 30 гадоў Лукашэнка добра зразумеў тое, што каб лішні раз не турбаваць грамадства, падобныя дзеянні трэба рабіць паступова, па рэцэпце варанай жабкі.
Насамрэч гэты ўказ пакуль будзе практычна незаўважны для людзей унутры Беларусі, нават для тых, хто вахтавым метадам працуе за мяжой. Для тых хто за мяжой і ўжо пераследаваўся і што важна – ведае пра гэта і мае доказы пераследу, гэты ўказ таксама сітуацыю моцна ня зменіць, а толькі на паперы легалізуе тыя дзеянні, якія рэжымам і так прымяняліся раней.
А вось адчуюць гэта ў першую чаргу тыя беларусы, якія з’ехалі з Беларусі турбуючысь за сваю бяспеку, але пры гэтым ня маюць відавочных доказаў пераследу, каб атрымаць прытулак, а таксама беларусы, якія пераехалі і працуюць за мяжой, якія пры гэтым і сёння наведваюць Беларусь (такіх дастаткова шмат). І менавіта на такіх людзей у першую чаргу разлічаны дадзены ўказ: нелаяльных – пакараць, працаўнікоў – вярнуць.
Зыходзячы з гэтага можна зрабіць здагадку аб далейшых кроках рэжыму, якія будуць рабіцца паступова наступныя прыкладана два гады. Што гэта можа быць?
Найперш трэба чакаць анулявання пашпартоў для тых, хто пэўны час не наведваў Беларусь. Хутчэй за ўсё тэрмін ненаведвання будзе ўсталяваны ў два гады. Або можа быць і іншы варыянт, як напрыклад з шэнгенскай візай, калі можна знаходзіцца за мяжой на працягу 90 дзён у перыяд 180 дзён. Пры гэтым паведамляць аб ануляванні ўладальніку пашпарта ня будуць.
Таксама варта чакаць пазбаўлення грамадзянства тых, хто ўжо не наведваў Беларусь працяглы час (пяць гадоў і болей). Гэта будзе суправаджацца ануляваннем банкаўскіх карт та закрыццём рахункаў, канфіскацыяй маёмасці і продаж яе на аўкцыёнах, па прыкладзе кватэры Ціханоўскіх і маёмасці Бабарыкі і г.д.
Паколькі шмат хто, нягледзячы на рызыку, будзе вяртацца ў Беларусь, каб падоўжыць пашпарт, магчыма ўвядзенне абмежаванняў на выезд з краіны для такіх грамадзян пасля атрымання дакументу. Гэта могуць быць як абмежаванні па часе, так і ўвядзенне дазволаў на выезд, якое будзе выдаваць спецыяльная камісія, як гэта было за савецкім часам. Падобныя абмежаванні, хутчэй за ўсё, будуць уведзены і для некаторых прафесій, напрыклад для медыкаў, бо ужо даўно ходзяць чуткі, што адпрацоўку пасля сканчэння ўніверсітэта падоўжаць да пяці гадоў.
Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што падобныя меры будуць уводзіцца паступова і не адразу ўступаць у дзеянне, каб у мінімальнай ступені адбівацца на жыцці шэраговага грамадзяніна, а таксама каб фармальна не парушаць адно з фундаментальных правоў чалавека – права на перамяшчэнне.
Па выніку галоўнае, чаго спрабуе ў дадзеным выпадку дасягнуць рэжым – спыненне адтоку працоўнай сілы і высокакваліфікаваных адмыслоўцаў, вяртанне ў краіну тых, хто з’ехаў раней, пакаранне ворагаў, а таксама стварэнне фактычна неа-прыгонных умоў. Ня проста так рэжымныя прапагандысты і сам Лукашэнка здзекліва называюць “беглыми” тых, каму прыйшлося пакінуць Беларусь.
Dobrovolnik Michal