Палітычнае разслойваньне беларускай апазіцыі і сацыяльная база для КДБ

СМІ ўжо аббегла навіна пра «доўгія рукі» КДБ, якія пралезлі нават на зачыненые Zoom сустрэчу-семінар па бясьпецы.

З аднаго боку, гэты «выпадак» (хаця і не першы), канешне сьведчыць пра тое, што вораг не сьпіць і будзе надалей дзейнічаць у такім фармаце.

За 2023 год, гэта ўжо другая даволі пасьпяховая і рэзанансная акцыя КДБ у кірунку інфармацыйнай дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі. Раней, у такім жа фармаце, на вуду трапіла Вольга Кавалькова, якая вяла перамовы з расейскім «алігархам».

З іншага боку, апошняя аперацыя — з’яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай атакай на ўсю дэмакратычную супольнась. Гэта не інфільтрацыя, не сабатаж апазіцыйных струкутур, а стварэньне псіхалагічнай напружанасьці ў дэмсупольнасьці і параліжаваньне яе актыўнасьці. Безумоўна гэта ключовы пункт у супрацьстаяньні двух бакоў. Магчыма недзе стварэньне вобразу інфантыльнасьці і бездапаможнасьці апазіцыйных структур, з якіх робяць клоўнаў.

Так, ці інакш, сітуацыя, якая склалася з Алегам Аксенавым і «моладзевым хабам» патрабуе даволі глыбокага аналізу.

Перш за ўсе, трэба даць псіхалагічны партрэт беларускай супольнасьці, якая апынулася за мяжой пасьля 2020 году. Фактычна мы маем дачыненьне з працэсам сацыяльна-палітычнага разслойвайньня дэмакртычнай супольнасьці на дзьве вялікія групы, гэта: новая апазіцыйная «арыстакратыя» і апазіцыйны «пралетарыят».

Апазіцыйная арыстакратыя, ўключае ў сябе асобных палітычных лідэраў, кіраўнікоў фондаў, асобных грамадска-палітычных структур, уласны наменклатурны аппарат, які канцэнтруецца ўнутры ОСТ, ОПК (Кабінету), КС (Каардынацыйнай Рады). Гэты слой не шматлікі і знаходзіцца ў больш менш камфортных матэрыяльных умовах, са статусам і прызнаньнем.

Матэрыяльнае забясьпячэньне (з розных крыніц) дае йм магчымасьць прафесійна займацца апазіцыйнай дзейнасьцю, а міжнароднае «прызнаньне», паездкі ўмацоўваюць іх псіхалагічны камфорт і статус, асабліва ў параўнаньні з тым, што яны мелі да рэвалюцыі 2020 году.

Немалая колькасьць прадстаўнікоў фарміруючыйся «арыстакратыі» так захопленыя добрым жыцьцем, што дазваляюць рэгулярна выкладаць прыгожыя здымкі са сваіх нетанных падарожаў па сьвеце, з пляжаў і рэстарацый, з самітаў і прыемаў. Гэта пашырае разрыў з апазіцыйным пралетарыятам, тымі людзьмі, што засталіся ў краіне, так і большасьцю тых, хто апынуўся за мяжой.

Апазіцыйны пралетарыят

За аснову ў фарміраваньні вобразу пралетарыяту можна ўзяць таго ж сп. Аксенава. З большага «апазіцыйны пралетарыят», гэта людзі якія вымушаны цяжка працаваць, каб пракарміць сябе і сям’ю, немалую частку заробкаў траціцца на пражываньне. Фактычна яны не могуць займацца палітыкай (ды і якой формай палітыкі гэтыя людзі маглі б займацца (асноўная дзейнасьць засяроджана ў руках арыстакратыі). Збольшага не хапае часу, хаця і яны могуць схадзіць на мітынгі, сустрэчы, семінары. Але і такая актыўнасьць паступова спадае. Нярэдка гэта людзі якія ўжо фізічна і псіхалагічна стомленыя, расчараваныя, пакінутыя сам на сам са сваімі праблемамі. Без веры ў перамены і растучым недаверам да палітычнай «арыстакратыі».

Тут неабходна дадаць, што шмат прадстаўнікоў пралетарыяту страцілі свой сацыяльны статус (у параўнаньні з тым, што мелі да падзей 2020 году, што ўзмацняе іх псіхалагічныя фрустрацыі), а таксама апынуліся ў сітуацыі незапатрабаванасьці.

Нельга выключаць таго, што сярод апазіцыйнага пралетарыяту (ды і арыстакратыі, хоць у меншай ступені), ёсьць нямала тых, хто хацеў бы перагарнуць старонку. Толькі палітычны фундаменталізм рэжыму Лукашэнкі ўтрымлівае ў людзей ненавісьць да яго, нават сярод тых, хто аслаб духам. Канешне, застаецца шмат тых, хто жыве Ідэяй, і таму якой бы цяжкой не было жыцьцё ў выгнаньні, яны будуць працягваць барацьбу. Шмат у чым, сітуацыя якая складваецца ў беларускай эміграцыі прыгадвае тыя працэсы, якія адбываліся ў «белай» эміграцыі 20-30х гадоў, з чаго актыўна карысталася ОГПУ-НКВД.

Ведаючы сітуацыю ў апазіцыйным серадовішчы спецслужбы Лукашэнкі з лёгкасьцю могуць гэта выкарыстоўваць, асабліва вывучыўшы асобныя профілі людзей: іх жаданьні, слабасьці, фрустрацыі. Прыклад Кавальковай — прэстыж і грошы, яскрава гэта паказаў. Аксенава злавілі на высокай мэце: «місіі», пачуцьці справядлівасьці, павышэньню статуса (не бяруся даваць маральнай ацэнкі чалавека ў цэлым), ну і магчымасьці трошкі заробіць (хаця заробак, як мне думаецца павінен быў быць выкарыстаны для далейшай вербоўкі).

Прынадай для Аксёнава было тое, што «замежнікі» нібы адчуваюць, што грошы, якія выдзяляюцца на барацьбу, могуць раскрадацца прадстаўнікамі палітычнай арыстакратыі. Менавіта гэты наратыў, сёньня, адзін з распаўсюджаных ў дэмакратычнай супольнасьць. А дэманстрацыя «добрага жыцьця» апазіцыйнай арыстакратыі ўзмацняе гэтае бачаньне сярод людзей. І Аксенаў сьмела ўзяўся з гэтую працу.

Большасьць з такіх людзей як Аксёнаў ніколі не сутыкалася з практыкамі сьпецслужбаў, імі лёгка маніпуляваць і выкарыстоўваць. Гэта таксама паказалі 3 гады дзейнасьці апазіцыі і шматлікія скандалы з выцекамі інфармацыі, нават з закрытых сустрэч.

Сітуацыя ўскладняецца і праз адсутнасьць контрвывядоўчых структур у апазіцыі. Сваю негатыўную псіхалагічную ролю гуляе і высьмейваньне тэзаў, як паранаідальных, пра тое, што апазіцыйныя структуры могуць быць нашпігаваныя агентамі. Гэт прытупляе ўвагу і чуйнасьць ў ацэнцы сітуацыі і стварэньні механізмаў супрацьдзеяньня.

Варта дадаць, што і самыя цэнтральныя апазіцыйныя структуры імкнуцца прыхваць інфармацыю пра праблемы з бясьпекай, пра правалы і злівы, якія сталіся ў выніку дзейнасьці службаў Лукашэнкі, як гэта было з ЧКБ. Калі ж інфармацыя ўсплывае, то замест таго, каб прааналізаваць сітуацыю і стварыць контрсістэмы, узмоцніць уласную бясьпеку, гэтыя скандалы заціраюцца і хутка знікаюць з памяці. З часам сітуацыя паўторваецца і ў выніку церпяць простыя людзі.

Таму, шмат людзей проста не ведаюць, як актыўна працуе КДБ і ГУБАЗіК, не ведаюць і не разумеюць, якім чынам можна супрацьстаяць падобным уплывам, як і не ствараюцца механізмы па контрдзейнасьці.

Але вернімся да сітуацыі з Аксенавым. Ён ня быў агентам КДБ у класычным сэнсе гэтага слова, ня быў завербаваны наўпрост (яго выкарысталі). Дапускаю, што ён не пагодзіўся б на супрацоўніцтва, калі б ведаў, што за акцыяй стаіць лукашэнкаўская бясьпека. Думаю, што КДБ і не зьбіралася яго завербаваць, але мэтанакіравана стварала інфармацыйную бомбу для апазіцыі (упэўнена, што не апошнюю), таму наўпрост яго злілі пад час мерапрыемства.

З якой мэтай?

Першае. Стварыць ілюзію, што КДБ паўсюль, што усе пра ўсіх ведае, што мае сетку інфарматараў. Дзеля таго, каб узмоцніць эффект на прыканцы «праграмы» прапагандыст Тур зачытаў цэлы сьпіс людзей з розных мерапрыемстваў, які можна знайсьці ў любой аб’яве і на старонках СМІ;

Другое. Узмацніць недавер паміж асобнымі актывістамі і структурамі і паказаць йх неэфектыўнасьць у барацьбе з сістэмай. Магчыма, што псіхалагічная атака зьменшыць колькасьць людзей, ахвочых да апазіцыйных мерапрыемстваў. Раней КДБ і ГУБАЗіК дэманстравалі запісы з закрытых апазіцыйных відыё-канферэнцый;

Трэцьце. Асноўным аб’ектам уздзеяньня гэтага добра падрыхтаванага ШОУ павінна была і стала беларускае грамадства, якому прадэманстравалі «сілу і эфектыўнасьць КДБ». Таксама, такія шоу служаць унутранай ідэалагічнай кансалідацыі наменклатуры і бюракратычнага апарату. Таксама ўздзеяньне на палітычна «вагаючыхся» — не трэба зьвязвацца з апазіцыяй.

Чацьвертае. Апошнім часам інфармацыйнае і псіхалагічнае ўздзеяньне лукашэнкаўскіх службаў павялічылася. Думаю, гэта зьвязана з надыходзячай «выбарчай кампаніяй». Улады імкнуцца максімальнай нейтралізаваць любыя актыўнасьці ў Беларусі і інфармацыйныя ўплывы на грамадзян з-за мяжы. Кампанія 2024 павінна быць абсалютна стэрыльнай, бо сістэма рыхтуецца да 2025 году.

Што па ідэі павінна была б зрабіць апазіцыя з улікам гэтага ды іншых выпадкаў.

1. Правядзеньне агульнай інфармацыйнай кампаніі па бясьпецы і супрацьдзеяньню лукашэнкаўскім сьпецслужбам. Мы функцыянуем ва ўмовах вайны (у прамым і пераносным сэнсе), але дэмакратычная супольнасьць непрыгатаванае на такое сістэмнае псіхалагічнае і інфармацыйнае супрацьстаяньне.

2. Стварэньне эфектыўнай сістэмы бясьпекі і фактычна контрвыведкі. Сёньня гэты пункт фактычна невыканальны. Той патэнцыял, які быў мабілізаваны ў 2020 годзе ў структуры ByPol цалкам вычарпаны. Шмат тых, хто мог бы стварыць патрэбную сістэму ўвайшоў у катэгорыю апазіцыйнага пралетарыяту. Структура развалілася, давер да дзьвух суб-структур зьнізіўся. Зразумела, што апазіцыі супрацьстаіць зладжаны, моцна цэнтралізаваны апарат, з дастатковым фінансаваньнем і вопытам. Пасьля 2020 году гэта апарат быў вычышчаны і стаў больш кансалідаваным і адданым «новаму парадку». Прадстаўнікі гэтага апарату лічаць асновай гэтага парадку. Стварыць альтэрнатыўную структуру такога ўзроўню практычна немагчыма. Але ў такім выпадку ў доўгатрэрміновым супрацьстаяньні з сістэмай апазіцыя прайграе.

3. Правядзеньне падобных ІПСО ў дачыненьні да сістэмы. Гэтым павінны былі б займацца адпаведныя структуры, але йх няма;

4. Узмацненьне маральнага і ідэлагічнага духу ўнутры дэмсупольнасьці, стварэньне «новага палітычнага кантракту». Перш за ўсе, гэта павінна адбыцца праз маральнае аднаўленьне апазіцыйных структур (празрыстасьць, адказансьць, сьціпласьць, дэмакратычнасьць). Пазбяганьне непатрэбнага пазыцыянаваньня «уданага жыцьця» прадстаўнікамі палітычнай арыстакратыі. З сацсетак павінны зьнікнуць здымкі з пляжаў, самалетаў, нью-йёркаў, лонданаў, парыжаў;

5. Сістэмная дапамога «апазіцыйнаму пралетарыяту», якая павінна сыходзіць з разуменьня таго, у якім стане знаходзіцца большасьць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі (у тым ліку псіхалагічна-маральны). Ведаю, што ёсьць розныя ініцыятывы, якія рэалізуюць актыўнасьць і аказаньне гуманітарнай і маральнай дапамогі, але гэтая прастора вельмі сэгментавана. Магчыма патрэбны больш цэнтралізаваны падыход.

Павел Усаў