Антыдэмакратызм беларускай апазіцыі, ці як апазіцыя можа быць недэмакратычнай

Маніпуляцыя дэмакратычнымі механізмамі, прынцыпамі, працэдурамі з’яўляецца самым небясьпечным у дзейнасьці апазіцыі, асабліва, калі гаворка вядзецца пра супрацьстаяньне з аўтарытарнай сістэмай.

Як паказвае нашая гісторыя, у тым ліку і сучасная — апазіцыйнасьць зусім не азначае дэмакратычнасьць. У выніку пэўных культурных зрухаў, у нашым (ды і ня толькі) грамадстве чамусьць аўтаматычна апазіцыя да існуючай улады прыроўневаецца да дэмакратыі.

А гэта зусім не так, і ніколі так не было. Але такое бачаньне — вельмі небясьпечны самападман і сур’ёзная палітычная памылка, якая прыводзіць да драматычных наступстваў.

Так напрыклад, Лукашэнка ніколі не быў дэмакратам, хаця і быў у апазіцыі да Кебіча. У 2020 з тых, хто кінуў выклік Лукашэнкі, на маю думку ніхто ня быў прыхільнікам дэмакратыі — НІХТО. Ні Бабарыка, ні Цапкала, ні Ціханоўскі-Ціханоўская не з’яўляліся дэмакратычнымі дзеячамі і нават не ведалі, што гэта такое. Усе яны былі часткай аўтарытарнай сістэмы і культуры, якая ўвайшла ў палітычны канфлікт з сістэмай (нават хутчэй з фігурай Лукашэнкі), сталі апазіцыяй (проста апазіцыяй), але не дэмакратычнай. Проста ў агульнай сьвядомасьці апазіцыйнасьць не можа існаваць па-за атрыбутыкай дэмакратычнасьці.
Грамадства, дзякуючы існуючым шаблонам зрабіла з апазіцыі — апазіцыю дэмакратычную.

Калі глыбей прааналізаваць гэты парадокс, то стане зразумелая логіка дзеяньня апазіцыі ў 2020-2025.

Менавіта той факт, што апазіцыя ў 2020 -2021 годзе зьвярталася да Расеі з заклікамі дапамагчы і падтрымаць апазіцыю і «выбар» народу было адным з праяўленьняў недэмакратызму ў тым ліку і ў пэўнай часткі грамадства.

Зачыненасьць апазіцыйных структур, праявы самавольства і ўзурпацыі кантроля, дакументы пра неразгалошаньне), непатызм, усе гэта нішто іншае, як праявы таго, што апазіцыя сама па сабе недэмакратычная.

Апазіцыя есьць, а дэмакратыі ў ей няма

Адсюль скандалы зьвязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду і яе функцыянаваньне. КР ад пачатку свайго існаваньня з 2020 фарміравалася як закрытая структура пад кантролем акрэсьленай групы людзей.

Адсюль ідэя таго, што Ціханоўская павінна быць прэзідэнтам(электам) без часовых абмежаваньняў і без апоры на волю грамадзянаў і працэдуры.

Такімі заявамі і прапановамі дэманстратыўна ігнаруюцца не толькі ўсе мінімальныя дэмакратычныя працэдуры выражэньня палітычнай волі грамадзянаў, але ўвогуле ігнаруюцца настроі грамадства, узровень яго расчараванасьці.

Апошнім часам асабліва стала заўважна, што «палітыкам» пляваць на тое, з якой рэакцыяй сустракаюцца йх ідэі. (Возьмем да прыкладу «гульню ў выбары — иди и голосуй»).

Той факт, што няма магчымасьці правесьці выбары, арганізаваць працэдуру галасаваньня, не дае камусьці права называцца прэзідэнтам, ці йм быць, асабліва калі папярэдні мандат, як вынік палітычнага даверу быў нададзены на аснове канстытуцыйных працэдур толькі на 5 год.

Гэтую сітуацыю яскрава прадэманстравалі «выбары» у КР.

Ігнараваньне факту незадаволенасьці беларусаў, немагчымасьці заахвоціць грамадзянаў падтрымаць гэты працэс не дае ніякага права апазіцыі заяўляць пра дэмакратычнасьць і рэпрэзэнтатыўнасьць гэтага воргану.

Апазіцыя рэалізавала дадзены працэс, дзеля таго, каб быць апазіцыяй, але не дэмакратычнай апазіцыяй.

Нават ў сваіх » канстытуцыйных» рэформах значная частка новай апазіцыі прытрымліваецца «моцнага прэзідэнства». Пры адсутнасьці дэмакратыі падобны інстытут замацуе аўтарытарызм.

Хаця, пры адсутнасьці дэмакратычнай апазіцыі, усе будзе будаваць аўтарытарызм.

Унутраны, культурна-палітычны недэмакратызм апазіцыі, фактычна нейтралізуе рэальныя шансы на глыбокую дэмакратычную трансфармацыю ў краіне, ей таксама будзе перашкаджаць пэўны антыдэмакратызм часткі беларускага грамадства (ігнараваньне правілаў і нормаў дзеля прываблівых постацяў).

Як мы бачым, зараз, калі адрыў грамадства і апазіцыі становіцца ўсе большым, відавочным становіцца ігнараваньне грамадскіх настрояў і аўтарытарны вобраз апазіцыі.