Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

Небяспека в’етнамскага сцэнара

“У палітыцы, як у каханні, не бывае мірных дагавароў, бываюць толькі
перамір’я”

Гастон дэ Левіс

У суботу 30 верасня ў Славакіі адбылісь датэрміновыя выбары ў Нацыянальную раду. Па выніках перамагла лева-папулісцкая і вядомая сваімі “асаблівымі адносінамі” з Расеяй партыя “Напрамак – сацыяльная дэмакратыя” былога прэм’ер міністра та фігуранта мноства рэзанансных спраў (сярод якіх ёсць і справа аб забойстве журналіста Яна Куцяка) Роберта Фіца. Адразу пасля навіны пра перамогу Фіца выступіў з прамовай у якой падкрэсліў, што ў славакаў больш праблем чым ва ўкраінцаў…


Наогул ня толькі ў Славаччыне, а шмат у якіх заходніх краінах (Аўстрыя, Венгрыя, Польшча і г.д.) апошнія месяцы ўсё часцей кажуць аб такой з’яве як стомленнасць ад вайны.

Многія палітыкі, журналісты, лідэры грамадзянскай думкі на захадзе гавораць аб тым, што расейска-украінская вайна ўжо перайшла на нейкі іншы узровень, на ўзровень пазіцыйнага супрацьстаяння армій і ў гэтай сітуацыі неабходна шукаць шляхі калі не для заканчэння вайны, то хаця б для перамір’я і замарожвання канфлікту.


Палітыкі-рэспубліканцы ў Злучаных Штатах адзначаюць, што зараз ім неабходна думаць пра тое, як вырашаць міграцыйную крызу та абараняць мяжу з Мексікай, а не накіроўваць сродкі на дапамогу ўзброеным сілам Украіны. У дадзены момант у праекце бюджэту на наступны год фінансавая падтрымка Украіны ўвогуле адсутнічае, а чацвёртага верасня ў адстаўку быў адпраўлены спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Кевін Макарці, што з’яўляецца падзеяй беспрэцыдэнтнай у гісторыі гэтай краіны. І гэтая адстаўка непасрэдна звязана з пытаннем дапамогі для Украіны.

Крытыкі Макарці (які дарэчы рэспубліканец) з ліку радыкальных рэспубліканцаў-трампістаў абвінавачваюць былога спікера ў тым, што ён спрабаваў дамовіцца з Прэзідэнтам Джо Байдэнам ня толькі аб прыняцці часовага бюджэту, але і аб працягу надання фінансавай падтрымкі Украіне.


Сам Макарці на сваёй прэс-канферэнцыі пасля адстаўкі з пасады, параўнаў Уладзіміра Пуціна з Адольфам Гітлерам, а тое, што зараз робіць Расея з Украінай з тым, што Трэці Рэйх рабіў з Чэхаславаччынай і Польшчай ды нават горш. Былы спікер, на прыкладзе брытанскага прэм’ера
Чэмберлена, нагадаў да чаго прыводзяць спробы дамаўляцца і ісці на кампрамісы з агрэсарамі і таму заклікаў і далей дапамагаць Украіне і звярнуў увагу на тое, што менавіта так павінны дзейнічаць Злучаныя Штаты, тым больш што ў цяперашняй адміністрацыі ёсць сумны досвед выхаду з Афганістану.


Трэба адзначыць, што гэты выступ стаў самым радыкальным выступамза ўвесь час знаходжання Макарці на пасадзе. Яшчэ зусім нядаўна спікер адмовіў прэзідэнту Украіны ў выступе ў Кангрэсе нагадаўшы Зяленскаму, што той не з’яўляецца ані кангрэсменам, ані прэзідэнтам ЗША і таму незразумела навошта яму там выступаць, а падчас сустрэчы на перамовах казаў галоўным чынам аб кантролі за грашыма. Адразу пасля гэтых перамоў Ілан Маск апублікаваў у сваім акаўнце ў Х (былым твітэры) мем-карыкатур на Уладзіміра Зяленскага і пытанне надання дапамогі Украіне, што ў сваю
чаргу выклікала грандыёзны скандал.
Зараз становіцца відавочна, што такой танальнасцю падчас сустрэчы Макарці спрабаваў пазбегнуць сваёй уласнай адстаўкі, але як і ў выпадку з Чэмберленам, кампрамісы скончыліся фіяска. І зараз пастаўлена пад пытанне ня толькі прызначэнне новага спікера і прыняццу бюджэту на наступны год,
але і ўся дапамога Украіне ад ЗША.
Нажаль далейшы працяг вайны будзе толькі пагаршаць палітычныя крызы ў еўрапейскіх краінах і ЗША і даваць акно магчымасцяў прыходу да ўлады папулісцкіх сіл, часцей за ўсё арыентаваных на Маскву, якія ў сваю чаргу будуць праводзіць палітыку якая будзе шкоднай ня толькі для Украіны,
але ў першую чаргу для сваіх ўласных краін і інтэграцыйных саюзаў (EU, NATO і г.д.). У Маскве на гэта і разлічваюць і вельмі дзіўна зноўку ды зноўку чуць ад шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх экспертаў меркаванне, што кіраўніцтва Расеі зацікаўлена ў перамовах і заканчынні вайны.


Мне прыгадваецца адна з самых змрочных старонак у гісторыі 20 стагоддзя, якая на жаль і сёння ўспрымаецца большасцю памылкова – вайна ў В’етнаме. Тады пасля шматгадовай вайны, якая была вельмі непапулярна у
Еўропе і ЗША, суправаджалася стомленнасцю, шматтысячнымі пратэстамі і акцыямі грамадзянскага непадпарадкавання, якія сталі сваеасаблівым культурным фенаменам, улады Паўднёвага В’етнама пад ціскам урада ЗША былі вымушаны сесці за стол перамоваў з камуністычным урадам Паўночнага В’етнама.

Парыжскія мірныя пагадненні 1973-га года прадугледжвалі вывад усіх замежных войскаў з В’етнама і спынення ваеннай дапамогі Сайгону. Практычна адразу пасля вываду замежнага кантынгенту, камуністы парушылі дамову і пры падтрымцы СССР і Кітаю аднавілі баявыя дзеянні, якія завяршыліся знішчэннем Паўднёвага В’етнама пасля узяцця Сайгону ў красавіку 1975 года. Сыход амерыканскіх войскаў і іх саюзнікаў з рэгіёна у 1973 каштаваў у наступныя некалькі гадоў для В’етнама, Лаоса та Камбоджы (дзе да ўлады прыйшоў Пол Пот і зладзіў генацыд) больш за 5
мільёнаў жыццяў. І гэта, як і мноства іншых гістарычных прыкладаў, павінны служыць напамінам тым, хто працягвае сцвярджаць аб неабходнасці кампрамісу з агрэсарам дзеля дасягнення імгненных вынікаў.


Як казаў Уінстан Чэрчыль: “You were given the choice between war and dishonor. You chose dishonor and you will have war.”

P.S. пакуль я пісаў гэты тэкст стала вядома пра расейскі ўдар па вёске Гроза ў Харкаўскай вобласці дзе на данны момант вядома пра 51 загіблага, у тым ліку 6-гадовага хлопчыка. Яшчэ раз для тых хто кажа пра пазыцыйнае супрацьстаянне, лакалізацыю вайны, неабходнасці кампрамісаў та “Putin
verstehen”.

Dobrovolnik Michal