Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

Іран і вайна ў Ізраілі

Іран на працягу некалькіх тыдняў дапамагаў спланаваць атаку на Ізраіль і даў старт уварванню. Аб гэтым напісаў 8 кастрычніка Wall Street Journal са спасылкай на высокапастаўленых прадстаўнікоў ХАМАС і другой падтрымліваемай Іранам у рэгіёне баявой групоўкі ісламістаў — ліванскай Хезбалы, якія распавялі, што чыноўнікі сілавых службаў Ірана дапамаглі падрыхтаваць раптоўны напад ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка. Па словах прадстаўнікоў груповак, Тэгеран даў «зялёнае святло» нападу на Ізраіль на сустрэчы ў Бейруце 2 кастрычніка.

Афіцэры іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) распрацоўвалі з ХАМАС план нападу са жніўня. Дэталі аперацыі ўдакладняліся на некалькіх сустрэчах у ліванскай сталіцы з удзелам прадстаўнікоў Хезбалы. Хоць дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен i заявіў, што Вашынгтон не заўважыў сведчанняў датычнасці Тэгерана да нападу на Ізраіль, неназваны чыноўнік Еўразвяза і дарадца ўрада Сірыі пацвердзілі WSJ інфармацыю палестынскай групоўкі аб ролі Ірана ў падзеях, якія зараз адбываюцца на Блiзкiм Усходзе. Па дадзеных крыніц выдання, Іран адклаў іншыя рэгіянальныя канфлікты, у прыватнасці супрацьстаянне з Саудаўскай Аравіяй у Емене, каб накіраваць рэсурсы КВІР на каардынацыю, фінансаванне і ўзбраенне ХАМАС і Хезбалы.

Сёння ўжо агульнавядома, што Тэгеран адкрыта падтрымаў пачатак вайны ХАМАС супраць Ізраілю. Начальнік штаба іранскіх узброеных сіл генерал-маёр Махамад Хасейн Бакеры заявіў, што «цудоўны нечаканы гібрыдны ваенны ўдар палестынскіх сіл супраціву па сіянісцкім ворагу» даказаў лідэрам Ізраіля, што «іх кашмар аб падзенні становіцца явай». У сваю чаргу, прадстаўнік МЗС Ірана Канаані павіншаваў 7 кастрычніка «палестынскі народ і ўсе групы супраціўлення з сённяшняй аперацыяй».

Пра тое, што Іран падтрымлівае аперацыю «Паводка Аль-Аксы», распачатую палестынскімі радыкаламі і ХАМАС на тэрыторыі Ізраіля, паведаміў дарадца вярхоўнага лідэра Ірана Алі Хаменеі генерал Рахім Сафаві. Паводле яго інфармацыі, Іран будзе падтрымліваць Палестыну ажно «да яе вызвалення». Аднак пры ўсiм гэтым у пастпрадстве Ірана пры ААН абверглі дачыненне да атакі ХАМАС, дэманстратыўна падкрэсліўшы, што Палестына – самастойная, а КВІР не мае дачынення да абвастрэння.

Дзякуючы паведамленням гэткага кшталту, ужо на трэці дзень пасля пачатку вайны ў зоне палестына-ізраільскага канфлікту стала стварацца ўражанне, што сілы, якія стаяць за бакамі, вырашылі злёгку знізіць градус напружанасці. Прычым зрабілі гэта сінхронна адна з другой. Спачатку выйшаў вышэйзгаданы артыкул Wall Street Journal, у якім падкрэслівалася, што атака ХАМАС каардынавалася Тэгеранам праз Бейрут, а план быў зацверджаны тыднем раней. Затым на іранскіх каналах з’явілася навіна пра прыбыццё ў Ліван для зацвярджэння планаў Хезбалы па наступу Ісмаіла Каані – камандуючага спецпадраздзяленнем КВІР «Аль Кудс», якое займаецца планаваннем спецаперацый усяго Корпуса і фактычна кіруе баявым планаваннем і арганізацыяй тэрактаў, якія здзяйсняюцца iранскiмi проксі-структурамi. На наступную раніцу гэтая навіна з іранскіх каналаў знікла. А афіцыйны прадстаўнік ЦАХАЛ (Арміі абароны Ізраілю) контр-адмірал Даніэль Хагары заявіў аб «адсутнасці прыкмет датычнасці іранцаў да нападу з боку Газы».

Праарабскі настроеныя расейскія медыі паспяшаліся інтэрпрэтаваць «ястрабіную рыторыку і абвінаваўчыя прысуды [іранцам] праз СМІ і палітыкаў з боку ЗША» тым, што амерыканцы спрабуюць справакаваць на актыўныя дзеянні ў рэгіёне для распальвання яшчэ большага хаосу калі не сам Іран, то шматлікія праiранскія фарміравання – накшталт хусітаў (іранскіх проксі ў Емене), якія ўжо заявілі, што таксама гатовыя ўступіць у вайну супраць Ізраіля. У інтэрпрэтацыі гэтых жа медыяў, ізраільскія ўлады, пайшоўшы ва-банк, рызыкуюць не справіцца з вайной супраць палестынцаў, калі эскалацыя выйдзе за межы рэгіёна. Таму і гучаць асцярожныя заявы і абвяржэнні ў т.л. з ізраільскага боку: каб да канца не выпусціць сітуацыю з-пад кантролю.

https://antikor.com.ua/foto/articles_foto/2023/11/02/663568.jpg?20231102204438

Пакуль сітуацыя з боку агрэсараў нагадвае палітычны пінг-понг на вастрыё нажа. У Хезбалле пацвердзілі факт удараў па пазіцыях Арміі абароны Ізраіля. У ХАМАСе падзякавалі Хезбалле. Прэзідэнт Ірана патэлефанаваў кіраўніку палітбюро ХАМАС Ісмаілу Ханіі і сказаў, што яны малайцы. У Хезбалле заявілі, што не маюць намеру заставацца ў баку ад канфлікту і «знаходзяцца там, дзе трэба». Г.зн. ісламісты адвесілі адзін аднаму рэверансы і працягнулі займацца сваёй справай. У цэлым увесь медыйны ўдзел іранцаў і ліванцаў, які раздзьмуваецца праз медыя, пакуль зводзіцца да спарадычных абстрэлаў, пагроз і заклікаў.

Sky News Arabia піша ў Twitter: «Сілы абароны Ізраіля: любы крок Ірана можа прывесці да амерыканскага нападу [на Іран]». З іншага боку, Wall Street Journal цытуе іранскага чыноўніка: «Калі Іран падвергнецца нападу, па Ізраілі будуць нанесены ўдары з Лівана, Йемена і Ірака ў нябачаных раней маштабах«. На справе сітуацыя значна складаней і не гэтак адназначная. Для Тэгерана яна пакуль нешта накшталт рэверсу студзеньскіх падзеяў гэтага года. Тады, у ноч на 29 студзеня, на вайсковых аб’ектах Ірана прагрымелі серыі магутных выбухаў. Таксама мясцовыя медыя паведамілі аб атаках як мінімум у 5 правінцыях Ірана: Ісфахане, Караджы, Хамадане, Заходнім і Усходнім Азербайджане. Пад абстрэл патрапілі: ▪️ штаб-кватэра КСІР; ▪️ база спецназа КСІР «Аль Кудс»; ▪️ нафтаперапрацоўчы завод; ▪️ зброевы завод; ▪️ вайсковыя базы ў Хамадане і Караджы; ▪️ цэнтр вытворчасці боепрыпасаў і БПЛА, якія па дадзеных ЗША пастаўляюцца Расіі.

Дзяржаўнае тэлебачанне Ірана паведаміла і аб пажары на нафтаперапрацоўчым заводзе каля Тэбрыза на паўночным захадзе краіны, выбухах на авіябазе ў Дызфулі і ў гарадах Хамадан і Рэшт. Акрамя таго, пажар пачаўся на заводзе па вытворчасці маторнага масла ў горадзе Азаршахр у раёне Шахід Салімі (найбуйнейшы прамысловы цэнтр на паўночным захадзе Ірана), дзе ўзарваліся некалькі нафтавых рэзервуараў.

BBC News са спасылкай на відавочцаў паведаміла, што гукі выбухаў былі чутныя і ў самім Тэгеране, у неба над іранскай сталіцай былi паднятыя самалёты; па словах мясцовых жыхароў, у Тэгеране былі атакаваны некаторыя ўрадавыя будынкі. Аб выбуху ў цэнтры вытворчасці ўзбраенняў міністэрства абароны паведаміла і іранскае інфармацыйнае агенцтва IRIB.

Карта начных удараў 29.01.2023 па ваенных і стратэгічных аб’ектах рэжыму аятол, складзеная іранскімі апазіцыянерамі

         Нягледзячы на вялікую колькасць відэа з палаючымі будынкамі ў розных гарадах (уключаючы стральбу і выбухі ў раёне Нацыянальнага ядзернага цэнтра Ірана), міністэрства абароны Ірана пацвердзіла тады толькі ўдар па ваенным заводзе ў Ісфахане. Па дадзеных брытанскага Каралеўскага Аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI), паблізу Ісфахана знаходзіцца прадпрыемства Shahed Aviation Industries, якое вырабляе дроны-камікадзэ Shahed 131/136. Таксама ў горадзе размяшчаюцца атамныя аб’екты. У кастрычніку Іран пачаў будаваць у Ісфахане новы даследчы ядзерны рэактар магутнасцю 10 мегават.

         Ізраільскі медыя-рэсурс Intelli Times, мянаваны «тайным рупарам ваеннай разведкі АМАН», у той дзень паведаміў, што ад начных удараў у наваколлях Ісфахана пацярпеў лабараторны комплекс Інстытута касмічных даследаванняў (IRSC), дзе распрацоўваюцца новыя матэрыялы і энергетычныя сістэмы. Гэтая структура звязана з мінабароны Ірана і цэнтрам па распрацоўцы ракетнай зброі КВІР.

         Тэлеканал Al Arabiya заявіў, што да атакі БПЛА на ваенны завод у Ісфахане датычныя ЗША і «яшчэ адна краіна». Якая менавіта агучана не было, але была звернутая ўвага на тое, што спроба «начной дэмілітарызацыі» Ірана супала з працоўным візітам у Ізраіль кіраўніка ЦРУ ЗША У.Бернса, а таксама паведамленнем аб уваходжанні ВПС ЗША ў паветраную прастору на мяжы Сірыі і Ірака – над Аль-Каімам/Абу-Камалем, вядомым як пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сіл КВІР і іх саюзнікаў.

         Шэф ЦРУ Бернс прыбыў у Ізраіль, дзе меў сустрэчы з Б.Нетаньяху і кіраўніком Масада Барнэа 26 студзеня. Галоўнымі тэмамі перамоваў сталі рэгіянальная падрыўная актыўнасць Ірана, яго ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і іранская ядзерная праграма. Гэты візіт ЦРУ каментаваць адмовілася, але ўжо познім вечарам таго ж дня іранскія проксі ХАМАС і «Ісламскі джыхад» падвергнулі з сектара Газа ракетнаму абстрэлу поўдзень Ізраіля, а праз пяць гадзін адбыўся напад на пасольства Азербайджана ў Тэгеране. Далей былі два тэракты ў Іерусаліме, па выніках якіх тыя ж кантралюемыя Іранам групоўкі правялі масавае шэсце баевікоў у палестынскім горадзе Джэнін. Усе гэтыя падзеі адбыліся сінхранізавана – у інтэрвале паміж ноччу з 26-га на 27-е і раніцай 28-га студзеня. У ноч на 29-е адбылася атака БПЛА на Іран і серыя выбухаў на яго тэрыторыі.

         Некаторыя журналісты назвалі ў тыя дні тое, што адбылося новым эпізодам «ценявой вайны» паміж Іранам і Ізраілем. Карыстальнікі сацсетак (Twitter) пачалі звязваць начныя атакі 29.01.2023 на Іран з землятрусам, які тады там адбыўся. На іх думку, адна з атак была накіравана на падземны іранскі ваенны аб’ект, трапленне ў які выклікала серыю падземных штуршкоў, ад якіх пацярпеў, напрыклад, горад Хой у правінцыі Заходні Азербайджан. Некаторыя аўтары палічылі, што пацярпелі падземныя аб’екты ядзернай і вайсковай галін Ірана. І нагадалі, што ў Ізраілі яшчэ летась пахваліліся новым метадам прагназавання землятрусаў за 48 гадзін з верагоднасцю 80%, дзякуючы якому сумясціць масіраваную атаку БПЛА з момантам будучага землятрусу складанасці не ўяўляе.

         Усе гэтыя падзеі не гледзячы на іх сенсацыйнасць належнай увагі з боку медыяў не атрымалі. Асвятленне тэмы было рэзка згорнута і замоўчана. У тым ліку самім Тэгеранам. Сёння ў такім стылі імкнуцца замаўчаць і адвесці ў цень фактар i ролю Ірана ў тым, што адбываецца ў Ізраілі. Аўтараў вядучых сусветных СМІ, якія пішуць пра гэта, сталі проста дыскрэдытаваць. Нагодай стала тое, што ў некаторых каментатараў з «ісламскімі» аватаркамі «узніклі сумневы» адносна дадзеных Wall Street Journal аб тым, што кіраўнік МЗС Ірана ўдзельнічаў у таемнай сустрэчы ў Бейруце, на якой ухваліў уварванне ў Ізраіль.

         Тут жа раптоўна высветлілася, што журналіст апублікаваўшы ў WSJ інсайд аб датычнасці Ірана да нападу ХАМАС на Ізраіль, раней быў звольнены з Reuters нібыта за «выдумлянне гісторый». Пра гэта паведаміў былы рэдактар Reuters па Блізкім Усходзе Эндру Макгрэгар Маршал: «Галоўны рэпарцёр гэтай гісторыі Самер Саід мае досвед несумленнасці і выдумляння гісторый. Па гэтай прычыне я звольніў яго з Reuters у 2008 годзе. Я здзіўлены, што WSJ наняла яго і публікуе яго гісторыі, якія відавочна з’яўляюцца фальшыўкай». Спрабуючы дыскрэдытаваць свайго былога калегу па рэдакцыі былы рэдактар Reuters па Блізкім Усходзе пры гэтым не прывёў ніякіх аргументаваных тэзісаў на карысць сутнасці праблемы – таго, што Іран не мае дачынення да нападу на Ізраіль. Тым не менш, сёння яго заявы выкарыстоўваюць менавіта ў гэтым ключы.

         Тым часам тое, што адбываецца ў Ізраілі ў некаторых расейскіх медыя ўжо спрабуюць трактаваць як помсту Ірана за Карабах, бо у шэрагах ХАМАС ваююць асірыйскія баевікі, якіх спансіраваў фонд Р. Варданяна, якія адышлі з Карабаха ў Іран і былi перакінутыя адтуль у Сектар Газа. Рэха ад правалу ў Карабаху, які парушыў баланс сіл у Закаўказзе, адгукнулася для Крамля і на Блізкім Усходзе, дзе Расію падвялі да выбару паміж двума бакамі канфлікту, які ў вялікай ступені паўплывае і на ўнутрыпалітычныя расклады РФ. У гэтым кантэксце азначэнне ініцыятара новага канфлікту на Блізкім Усходзе становіцца вельмі важным.

         Калі гэта толькі Іран, то адной з найбольш значных прычын з’яўляецца праверка Тэгеранам вернасці Крамля ў якасці саюзніка, асабліва ў святле нядаўніх падзей у Нагорным Карабаху, якія падрыхтавалі плацдарм для паспяховага бліцкрыгу Азербайджана і яго будучых дзеянняў. Ад таго, ці будзе гатовы рэжым Пуціна падтрымаць рэжым Ісламскай рэспублікі Іран у палестынскім пытанні насуперак цёплым пачуццям да Аліева, Эрдагану і Нетаньяху залежыць рашэнне Тэгерана па далейшых пастаўках узбраенняў (па першае БПЛА) Расіі для вайны супраць Украіны ці выхаду на здзелку з ЗША.

         Палестынцы тым часам дастаюць з засекаў навінкі іранскага ВПК (і яго вытворных). Іх медыя рэсурсы ўжо зрабілі справаздачу аб прымяненні ЗРК «Мутабар-3», якія адпрацавалі па двух ізраільскіх F-16I з адлегласці ў 35 км. «Мутабар-3» – гэта ўдасканалены варыянт ПЗРК «Мутабар-1». Акрамя таго, па ізраільскаму Нетывату нанесены ўдары ракетамі “Бадр-3”, кожная з якіх здольная несці да 350 кг карыснай нагрузкі на адлегласць да 160 км. Калі ўслед за гэтым байцы ХАМАС «раптам асвояць» і захопленую ізраільскую бронетэхніку і стануць ужываць яе супраць ЦАХАЛ, гэта будзе практычна прамым сведчаннем таго, што ў іх шэрагах ёсць высокапрафесійныя іранскія ваенспецы.

         Падобныя дзеянні будуць тады відавочна накіраваныя на тое, каб сітуацыя не выглядала так, быццам Іран пры дзейнай падтрымцы Расіі проста ахвяраваў палестынцамі, размяняўшы іх як пешку на зрыў здзелкі паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй, якая пагражала рэзка змяніць баланс сіл у рэгіёне не на карысць Тэгерана. Па меркаванні брытанскіх экспертаў, дадатковыя намаганні саміх Тэгерана і Масквы ўжо мала што вырашаюць, усё што маглі, яны ўжо здзейснілі. Прамы ўдзел Ірана ў канфлікце з вялікай доляй верагоднасці азначаў бы пераход да ядзернай вайны на Блізкім Усходзе, чаго насамрэч мала каму хочацца. Таму зараз то ці атрымае Тэгеран чаканыя бонусы, будзе моцна залежаць, па-першае, ад гатоўнасці саудытаў працягнуць пачатае, нягледзячы на правакацыю, па-другое, ад рашучасці ЗША рэальна прымяніць сілу (ці стварыць бачнасць такой рашучасці) у выпадку, калі Іран прыме рашэнне ахвяраваць для паглыблення сітуацыі яшчэ адной сваёй пешкай – Хезбаллой.

         У цэлым цяперашнія падзеі на поўдні Ізраіля можна разглядаць як аперацыю спецслужбаў Ірана і КВІР, які праводзіць самастойную экспансію ў рэгіёне і кантралюе ХАМАС і іншых агрэсараў па наступных прычынах.

         Па-першае, фактычна сёння Іран – гэта i ёсць КВІР, які са штурмавых атрадаў ператварыўся ў дзяржаўную структуру, якая вызначае палітыку краіны; дзяржава ў адносінах да Корпуса вартавых цяпер другасная, а таму, прамаўляючы «Іран», трэба разумець у першую чаргу менавіта КВІР.

         Па-другое, у вочы кідаецца занадта добра спланаваная аперацыя, прычым падрыхтаваная на ўзроўні відавочна не дасягальным магчымасцямі і кадрамі структур тыпу ХАМАС (пры гэтым сам па сабе масіраваны ўдар і наступны за ім медыйны ўсплёск ім па сілах).

         Па-трэцяе, тое, што здарылася, выглядае (і ўжо падаецца некаторымі вядучымі медыя ЕС, перш за ўсё, германскімі) як вялізны правал у зборы разведвальнай інфармацыі ізраільскімі спецслужбамі.

         Па-чацвёртае, дзякуючы сваім арабскім проксі, Іран амаль задарма атрымаў вялізны масіў разведданых і інфармацыі аб пратаколах рэагавання сіл бяспекі Ізраіля, уразлівасці і слабых месцах такіх алгарытмаў, рэальнай гатоўнасці ізраільскай арміі і разведвальных структур.

         Па-пятае, поспех палестынскіх атрадаў, абумоўлены іх кірункам у найбольш уразлівыя ўчасткі абароны ізраільскіх сілавікоў не магчымы без падтрымкі іранскай аэра- і радыётэхнічнай разведкі.

         Па-шостае, т.зв. апалчэнне з’яўляецца добрай маскіроўкай для дзеяння пад прыкрыццём груп іранскіх камандас, дзякуючы чаму сталі магчымыя ліквідацыі і захопы «апалчэнцамі» вышэйшых афіцэраў ізраільскіх спецвойскаў (быў прадэманстраваны нават генерал Німрод Алані) – Ашкелон і Сдэрот горада дастаткова буйныя, каб у іх пражывала шмат асоб, цікавых іранскай (і не толькі іранскай) разведцы. Іх хуткае выяўленне, знішчэнне або паланенне паказваюць, што іранская разведка лёгка арыентуецца ў самых уразлівых месцах Ізраіля.

         Па-сёмае, вайна ў Газе ўжо прывяла да прыпынення перамоваў аб нармалізацыі адносін паміж Ізраілем і Саудаўскай Аравіяй, якая была накіравана супраць Ірана. Цяпер яна запаволена або надоўга замарожана.

         Па-восьмае, уварванне ісламістаў сарвала маштабныя вучэнні ВПС Blue Flag падчас якіх Ізраіль і Германія павінны былі адпрацаваць вайну з Іранам і Расіяй. Літаральна за дзень да уварвання тэрарыстаў ізраільская Ynet пісала: удзельнікі манеўраў будуць вылятаць з ізраільскага аэрадрома Уўда на поўдні Ізраілю (як раз тамака, куды ўварваліся ісламісты — заўв.), але самі вучэнні пройдуць па ўсім Блізкім Усходзе. Ізраільскія вайскоўцы адпрацуюць, у першую чаргу, удары па іранскіх ядзерных аб’ектах, у той час, як германскія вайскоўцы, чый кантынгент на гэты раз будзе вельмі вялікім, будуць трэніравацца атаках на тэрыторыю суперніка і прыгнечанне такіх сродкаў СПА, як С-400, і процідзеянне. самалётам тыпу Су-35.

         Па-восьмае, уварванне дало Ірану дадатковыя аргументы для ролі галоўнага нефармальнага абаронцы палестынцаў і мусульман, за якую ён змагаецца з Турцыяй. Гэтая роля ўжо амаль не аспрэчваецца, асабліва ў шыіцкім свеце. Дзеянні Ізраіля ў Газе прыцягваюць і будуць прыцягваць у шэрагі іранскіх проксі ўсё большую колькасць маладых рэкрутаў, якія радыкалізуюцца па ўсім рэгіёне. Праблем з іх папаўненнем у Ірана не будзе яшчэ доўга. Тым больш з палестынскага асяроддзя, нянавісць якога да Ізраілю будзе і далей расці ў геаметрычнай прагрэсіі з-за маштабаў кровапраліцця.

         Па-дзявятае, планы ЗША па нармалізацыі адносін Ізраіля і арабскіх краін з-за вайны на Блізкім Усходзе будуць тарпедавацца, а частка арабскага свету, якая раней ставілася да Ірана прахладна, будзе замест гэтага разглядаць варыянты нармалізацыі адносін з Тэгеранам. Гэта ў тым ліку ўдар па палітыцы Вашынгтона, бо заняўшы бок Ізраіля, ЗША прадоўжаць страчваць пазіцыі ў арабскім свеце. Ужо нават Судан праз працяглы час ізноў аднавіў адносіны з Тэгеранам, хоць і стаіць на пазіцыях нармалізацыі адносін з Ізраілем. І, хутчэй за ўсё, у мусульманскім свеце гэта будзе не адзінкавы прыклад.

         Выбар, які стаіць перад Ізраілем – уварванне ў Газу або саступкі пасля ахвяр 7 кастрычніка, — гэта выбар з двух загадзя дрэнных варыянтаў, абодвума з якіх Іран абавязкова скарыстаецца, імкнучыся зрабіць гэта чужымі рукамі. У той жа час Блізкі Усход занадта важны і складаны рэгіён планеты. А Ізраіль занадта цвёрды арэшак для Тэгерана і даступных таму новых метадаў вядзення войн і баявых дзеянняў. Сучасныя тэхналогіі здольныя кардынальна мяняць магчымасці ірэгулярных паўстанцкіх сіл толькі ў выпадку кардынальнай змены іх арганізацыйных падыходаў і стратэгіі. Таму асноўная заслуга ў праблемах Ізраіля і адбываючымся на Блізкім Усходзе, гэта заслуга не арабаў і іншых ісламскіх радыкалаў здольных толькі тупа закідваць ізраільскія танкі камянямі (як большасць палестынцаў) або гранатамі з беспілотнікаў (як баявікі ХАМАС), а планавальнікаў паспяховага ўварвання-рэйда па тэрыторыі адной з самых мілітарызаваных і баяздольных краін свету, граматна выкарыстаўшых раптоўнасць, хуткасць і паніку ў якасці прыкрыцця сваіх дзеянняў. За КВІР і Іранам, гэтак жа як за іх ісламісцкімі проксі, відавочна маячаць цені яшчэ буйнейшых гульцоў і планавальнікаў, аб якіх гаворка пойдзе ў наступным матэрыяле.