Азіятызацыя [кітаізацыя] Грузіі

На пачатку лета 2025 года стала вядома, што кітайская Hualing Group праз Basisbank блізкая да куплі Liberty – трэцяга па велічыні банка ў Грузіі, які абслугоўвае больш за 860 тысяч пенсіянераў. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў цяперашні ўладальнік банка Liberty Іраклій Рухадзе – медыяалігарх, які валодае праўрадавым тэлеканалам Imedi, і паплечнік кіруючай партыі «Грузінская мара». У выпадку паспяховага завяршэння ўгоды, Кітай атрымае кантроль над найбуйнейшай банкаўскай структурай Грузіі, абышоўшы заходнія TBC і Bank of Georgia. Пасля сыходу ВТБ з Грузіі менавіта Basisbank заняў яго месца, а зараз ён канчаткова выцясняе з ключавых пазіцый еўрапейскія (і заходнія у цэлым) банкі.

Мяркуючы па агульным кантэксце таго, што адбываецца ў Грузіі, угода прыбліжаных да кіруючай партыі “Грузінская мара” асоб з кітайскімі банкірамі мае не толькі фінансавае, але і палітычнае значэнне. З пункту гледжання вонкавай палітыкі, вельмі знакавым на яе фоне выглядае, напрыклад, нядаўні візіт у Кітай кіраўніка Нацбанка Грузіі Націі Турнавы. Тбілісі выразна дае зразумець: у выпадку заходніх санкцыяў у яго ёсць “фінансавая падушка” – у Пекіне.

Не менш знакава тое, што адбываецца і з пункту гледжання ўнутранай палітыкі. Па сутнасці, Кітай бярэ пад свой кантроль банкаўскую сістэму Грузіі, а значыць кітайскія інвестары накіраваны на паступовае шчыльнае асваенне эканомікі краіны, пасля чаго кітаізацыя ахопіць і іншыя сферы жыццядзейнасці Грузіі. Многае ў напрамку азіятызацыі краіны ўжо зроблена самімі цяперашнімі грузінскімі ўладамі, якія актыўна запазычаюць у камуністаў КНР, у тым ліку, довсвед і інструментарый падаўлення іншадумства.

Улады Грузіі ўжо істотна ўскладнілі працу еўрапейскіх і міжнародных донараў. У красавіку парламент краіны ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі, якія забараняюць атрымліваць гранты ад міжнародных арганізацый без згоды ўладаў. Закон падтрымалі 80 дэпутатаў, супраць не выступіў ніхто. Цяпер міжнародныя донары павінны звяртацца па дазвол у т.зв. Антыкарупцыйнае бюро. Парушальнікам пагражае штраф у падвойным памеры гранта. Улады спрабуюць растлумачыць гэта тым, што захады накіраваныя супраць «радыкальных антыўрадавых груп», якія нібы фінансуюцца Еўразвязам і Захадам.

З 31 траўня ў Грузіі ўступіў у сілу закон “Аб замежным уплыве”, які атрымаў неафіцыйную назву “грузінскі FARA” – па аналогіі з амерыканскім законам аб рэгістрацыі т.зв. «iншаагентаў». Ён патрабуе ад NGO і медыяў, якія атрымліваюць больш за 20% фінансавання з-за мяжы, рэгістравацца ў статусе “прадстаўнiкоў інтарэсаў замежных сіл”. Закон прадугледжвае абавязковую справаздачнасць і ўводзіць за парушэнне ўстаноўленых правілаў крымінальную адказнасць – да 5 гадоў пазбаўлення волі. Еўразвяз рэзка асудзіў гэты закон яшчэ на стадыі яго прыняцця ў парламенце, пасля яго ўступлення ў сілу, прадстаўнікі кіраўніцтва ЕЗ яшчэ раз пацвердзілі гэтую пазіцыю афіцыйна.

З вясны 2025 года ў цэнтры сталіцы Грузіі сталі ўстанаўліваць кітайскія відэакамеры з опцыяй распазнання асобаў. Прылады для сацыяльнага кантролю з КНР, якія выкарыстоўваюцца ў Грузіі, валодаюць максімальным ZOOM, камеры здольныя круціцца на 360 градусаў. Іх задача: з дапамогай штучнага інтэлекту злічаць асобы грузінскіх пратэстуючых і іншадумцаў з ужо створанай уладамі адпаведнай базы дадзеных і спрыяць фармаванню супраць зафіксаваных камерамі прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці крымінальных справаў.

Падобнага роду кітаізацыя грамадскай сферы накіравана на прыгнечанне і нейтралізацыю масавых грамадзянскіх пратэстаў, распачатых яшчэ ў канцы лістапада 2024 года і выкліканых заявай прэм’ер-міністра Грузіі Кабахідзэ аб тым, што “пытанне еўраінтэграцыі здымаецца з парадку дня”. Пратэстоўцы выходзяць на вуліцы гарадоў Грузіі ўжо шмат месяцаў запар і ўсё яшчэ спрабуюць адстойваць сваё права на свабоднае волевыяўленне, асабліва масавымі сталі акцыі ў Тбілісі.

Пры гэтым супраць дэманстрантаў уладамі з самого пачатку былі выкарыстаныя вельмі жорсткія метады прыгнечання, спецназ, вадамёты, слёзацечны газ. Па выніках ужо першых тыдняў дэманстрацый пацярпелі сотні актывістаў і звычайных грамадзян. Дзесяткі чалавек аказаліся ў СІЗА па крымінальных артыкулах, сотні атрымалі адміністрацыйнае пакаранне. Пры гэтым ніводнага супрацоўніка МУС і сілавых структур да адказнасці за жорсткае абыходжанне пры затрыманнях не прыцягнулі.

Сінхронна з азіятызацыяй грамадскага жыцця ў гарадах, першыя асобы Грузіі робяць усё больш рэзкія антызаходнія заявы, якія кладуцца ў логіку ўспрымання агучваемых праблем Пекінам і Масквой. У канцы траўня прэзідэнт Грузіі Міхаіл Кавелашвілі заявіў у інтэрв’ю іспанскаму выданню El Mundo, што ЕЗ нібыта быў гатовы развязаць новы канфлікт з РФ рукамі Грузіі і ператварыў статус кандыдата ў Еўразвяз у «інструмент шантажу». Па словах Кавелашвілі, пасля пачатку канфлікту ва Украіне Захад нібыта запатрабаваў ад Тбілісі «ўступіць у вайну супраць Расiі», а «пэўныя структуры ў Еўропе і ЗША» спрабавалі ўцягнуць Грузію ў тое, што адбываецца, і сталі ўзмацняць ціск на яе.

«Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, гэта стала адным з фактараў, які вызначыў ціск супраць нас з боку пэўных прадстаўнікоў еўрапейскіх і амерыканскіх структур. Грузіі было прапанавана ўдзельнічаць у вайне. Такая прапанова была зроблена за кулісамі», – паведаміў М.Кавелашвілі , падкрэсліўшы, што Грузія з самага пачатку заняла пазіцыю неўмяшання. Іншых доказаў і дэталяў аб прапанове, які нібыта меў месца з боку ЕЗ і ЗША, прэзідэнт Грузіі не прывёў. Аднак ён тут жа дадаў, што дзяржавы Еўразвязу, якія раней падтрымлівалі суверэнітэт Грузіі, “пачалі праяўляць двайныя стандарты, якія ўяўляюць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы”.

Цяперашнія ўлады Грузіі кажуць, што дзейнічаюць на карысць краіны і захавання яе ідэнтычнасці, атрымліваючы пры гэтым дастаткова сур’ёзную падтрымку з-за мяжы – фактычна ад Пекіна і Масквы. Апазіцыя і прадстаўнікі Еўрасаюза лічаць тое, што адбываецца, рэпрэсіямі і ўдушэннем у краіне свабоды ў самым шырокім значэнні гэтага слова.