Канфлікт Ізраіля i Ірана, распачаты ноччу пятніцы 13 чэрвеня, падсвяціў інтарэсы, якія мае ў гэтай сітуацыі Кітай. Пасля пачатку нападу Ізраілю на Іран, большасць масмедыя абыйшлі ўвагай наступны цікавы факт. Першыя ізраільскія ракеты ўдарылі па тэрыторыі Ірана менш чым праз тры тыдні, г.зн. практычна сінхронна з запускам новага чыгуначнага маршруту з Кітая ў Іран.
Гэта глабальны лагістычны праект. Першы цягнік з Сіаня прыбыў у іранскі лагістычны хаб Aprin 25 траўня 2025 года. Сутнасць праекта простая: прамысловыя тавары з Кітая зараз ідуць у Іран напрамую па сушы. І ў абыход усіх зон уплыву ЗША. У такім варыянце Іран атрымлівае не проста пастаўкі – ён атрымлівае пазіцыю ключавога транзітнага хаба.

Гэты маршрут узгадняўся і будаваўся 4 гады — з 2021 г., калі Іран і Кітай падпісалі стратэгічнае пагадненне па ўдзеле ў яшчэ больш глабальным мегапраекце Пекіна «Адзін Пояс, адзін Шлях» на суму каля 400 млрд. долараў.
Іран атрымлівае статус лагістычнага хаба ў рэгіёне, праз яго ідуць і «вертыкальны» калідор Поўнач-Поўдзень (гл. нiжэй), замкнёны на цікавасць Масквы, і «гарызантальны» Новы Шаўковы Шлях, замкнёны на цікавасць Пекіна. Гэта значны плюс з кропкi гледжання падтрымкi эканомікі Тэгерана, уцягвання транзітных Цэнтральнаазіяцкіх краін у арбіту Пекіна-Масквы і г.д.

Ключавыя пункты кітайскай цікавасці такія: 1) нафта з Ірана ідзе ў Кітай не праз «падкантрольны» ЗША шлях па моры і доўга, а праз чыгунку па сушы і хутка; 2) прамысловыя і іншыя тавары з Кітая да Ірана і далей у рэгіён ідуць па маршруце, дзе няма саюзнікаў ЗША і іх ваенных баз.
Акрамя таго, такім чынам Пекін узмацняе пазіцыі свайго «Пояса і Шляха» у супрацьстаянні з абвешчаным ЗША ў 2023 годзе суперпраектам супертранзіту Індыя-Усход-Еўропа, здольным пахаваць кітайскую альтэрнатыву, і ў якім роля хаба, аналагічнага Ірану, адведзена Ізраілю. Гэты праект, які ўвасабляе формулу I2U2 (Israel/India+US/UAE), падтрымалі і Саудзіты, і ААЭ, і ЕС. Таксама гэта адна з прычын, па якіх Кітай і Расію ў іх цяперашняй праіранскай палітыцы не падтрымала ў межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Індыя.
У сувязі з цяперашнім канфліктам МЗС Індыі заявіла, што краіна не ўдзельнічала ў падрыхтоўцы заявы ад імя ШАС, якая ўтрымлівала асуджэнне ізраільскай аперацыі супраць Ірана (сфармулявана ў наступным выглядзе: «Дзяржавы-чальцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва выказваюць сур’ёзную занепакоенасць эскалацыяй напружанасці на Блізкім Усходзе і рашуча асуджаюць ваенныя ўдары Ізраіля па тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі Іран 13 чэрвеня 2025 года»).
Міністэрства замежных спраў Індыі падкрэсліла, што не прыймала анiякага ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтай заявы. Пазіцыя Індыі ў адносінах да канфлікту застаецца нязменнай, Нью-Дэлі заклікае вырашаць яго дыпламатычнымі метадамі. Пры гэтым у заяве індыйскага МЗС, якая ідзе ў разрэз з кітайскімі эканамічнымі інтарэсамі, цалкам адсутнічае асуджэнне Ізраіля.
Цяперашняя паветраная вайна паміж Іранам і Ізраілем непасрэдна звязана і з тымi інтарэсамі Пекіна, якія маюць не толькі эканамічную, але і ваенна-палітычную падаплёку. Вельмі верагодна, што канфлікт стаў яшчэ і палігонам для выпрабавання найноўшых кітайскіх ракет супраць заходніх сістэм СПА і авіяцыі.
Брытанская The Telegraph піша, што адразу ж пасля пачатку ізраільскіх удараў Кітай стаў тэрмінова перакідаць у Іран таямнічыя грузы. На працягу першых трох дзён было здзейснена тры рэйсы грузавых самалётаў Boeing-747 (першы самалёт вылецеў на наступны дзень пасля ізраільскага нападу, другі — з прыбярэжнага кітайскага горада — на другi дзень, трэці рэйс вылецеў з Шанхая яшчэ праз дзень).
Перад уваходам у іранскую паветраную прастору экіпажы адключылі транспондзеры, фіксуючыя месцазнаходжанне самалёта ў прасторы. Як следства, самалёты, якія выляталі ў бок Ірана з розных гарадоў Кітая, знікалі з радараў пры набліжэнні да тэрыторыі Ісламскай рэспублікі. Хоць канчатковым пунктам прызначэння быў указаны Люксембург, паветраныя судны да паветранай прасторы ЕС нават не набліжаліся. У кожным палёце самалёт ляцеў на захад уздоўж паўночнага Кітая, перасякаючы Казахстан, далей на поўдзень ва Узбекістан і Туркменістан, а затым знікаў з радараў па меры набліжэння да Ірана.
Эксперты ў галіне авіяцыі, цытуемыя Bloomberg, The Telegraph і інш. заходнімі медыя, адзначаюць, што тып самалётаў, якія выкарыстоўваюцца, звычайна ўжываецца для транспарціроўкі ваеннага абсталявання, тэхнікі і зброі, а таксама наймаецца для выканання дзяржаўных замоваў.
Некаторыя расійскія медыя пішуць аб перакідцы ў Іран кітайскіх і пакістанскіх знішчальнікаў для папаўнення страт у тэхніцы, а таксама аб тым, што кітайцы паставілі Ірану некалькі эксперыментальных сістэм СПА (супрацьпаветраннай абароны). Калі гэтыя дадзеныя адпавядаюць праўдзе, то, хутчэй за ўсё, Пекін цікавіць не столькі вынік іх непасрэднай працы, колькі «здым» усіх магчымых сігнатур з усіх амерыканскіх самалётаў, якія гіпатэтычна маюць дачыненне або могуць прыняць удзел у налётах на Іран.
З улікам уласных ваенна-палітычных задач КНР (у першую чаргу — захоп Тайваня), мець у базах максімальна поўную інфармацыю аб ВПС ЗША, прычым атрыманую непасрэдна ў баявых умовах — гэта для Пекiна зусім недарагая плата за некалькі загадзя «спісаных» у расход сістэм СПА.


Кітай і Іран з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, аб’яднанымі перш за ўсё ў сваім супрацьстаянні сусветнаму парадку, які ўзначальвае ЗША, і ў падтрымцы новай шматпалярнай фазы ў глабальнай дыпламатыі. Іран таксама з’яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў энергарэсурсаў для Кітая, пастаўляючы да 2 млн барэляў нафты ў дзень, таму нядзіўна, што Пекін шукае самыя розныя спосабы падтрымаць Тэгеран.
«Крах цяперашняга Іранскага рэжыму стаў бы сур’ёзным ударам і прывёў бы да значнай нестабільнасці на Блізкім Усходзе, што ў канчатковым выніку падарвала б эканамічныя і энергетычныя інтарэсы Кітая«, — лічыць цытуемы The Telegraph выкладчык Эксецёрскага універсітэта Гізелі, які спецыялізуецца на адносінах Кітая з Блізкім Усходам і Паўночнай Афрыкай.
Пекiн на афіцыйным узроўні ужо рэзка і адназначна асудзіў Ізраіль. Прадстаўнік КНР Фу Цун заявіў на экстраным паседжанні Рады Бяспекі ААН: «Кітай глыбока занепакоены сур’ёзнымі наступствамі, якія могуць пацягнуць дзеянні Ізраілю. Мы заклікаем неадкладна спыніць усе ваенныя авантуры і пазбегнуць далейшай эскалацыі. Права Ірана на мірнае выкарыстанне атамнай энергіі як удзельніка Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі павінна поўнасцю паважацца». Таксама прадстаўнік КНР падкрэсліў, што Пекін заўсёды выступаў за мірнае ўрэгуляванне іранскай ядзернай праблемы праз дыялог і перамовы, асуджае прымяненне сілы, аднабаковыя санкцыі і «ўдары па мірных ядзерных аб’ектах«.
Такім чынам, ужо ў першы ж дзень канфлікту, 14 чэрвеня, Кітай запатрабаваў ад Ізраіля «неадкладна спыніць ваенную авантуру» і выступіў з рэзкай крытыкай у адрас ізраільцян, абвінаваціўшы іх у парушэнні суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана. Што ж тычыцца пазіцыі адносна бягучай фазы ірана-ізраільскага супрацьстаяння ў цэлым, то кітайскія эксперты спрабуюць абгрунтаваць яе з дапамогай наступных меркаванняў.
Лі Шаасянь (Універсітэт Нінся): Ізраіль спрабуе прадухіліць зніжэнне прысутнасці ЗША ў рэгіёне (канфлікт адбыўся перад перамовамі паміж ЗША і Іранам у Амане, якія планаваліся 15 чэрвеня). Пры гэтым ЗША «аказваюць дэструктыўны ўплыў на развіццё сітуацыі»: палітыка Д.Трампа нiбы «тварыла ўмовы» для нападу Ізраіля, якi заахвоціла пайсці на «адчайны крок» складаная ўнутраная і знешняя сітуацыя – міжнародны ціск на Ізраіль і ўнутраныя палітычныя супярэчнасці, у тым ліку па пытанні спынення агню ў сектары Газа.
Лю Чжунмінь (Інстытут блізкаўсходніх даследаванняў Шанхайскага ўніверсітэта замежных моў): Ірана-Iзраільскі канфлікт можа спрыяць «падаўжэнню палітычнага жыцця» Б.Нетаньяху і яго ўрада шляхам увядзення надзвычайнага становішча. Што да рэакцыі Ірана ў адказ, то дыяпазон дзеянняў вызначаецца межамі неабходнай «дэманстрацыі сілы» і рызыкамі эскалацыі канфлікту. Рэакцыя Ірана можа быць скарэктаваная, калі мэтай Ізраіля быў толькі зрыў перамоўнага працэсу.
Апроч ужо атрыманых (вайскова-разведвальных) і яшчэ ўпускаючыхся (транзітна-эканамічных) выгод, Пекін рызыкуе атрымаць і маштабныя праблемы, здольныя нанесцi ўдар па эканоміцы КНР фактычна ў любы момант – у выпадку перакрыцця Армузскага праліва.
Справ ў тым, што ціск праз Армуз, якім Іран спрабуе ўздзейнічаць на астатні свет, цяпер здольны ўплываць на Захад істотна менш, чым раней, аднак пры гэтым можа моцна ўдарыць менавіта па Кітаі. Любыя перабоі ў праліве могуць узняць кошты нафты, што выгадна ЗША, але рызыкоўна для КНР. Армузскі праліў застаецца ключавым маршрутам для сусветнага гандлю нафтай: праз яго праходзіць каля 20 млн барэляў у дзень, ці 90% экспарту нафты з Персідскага заліва. Але ўплыў Ірана на плынь нафты для краін Захаду праз праліў значна аслабеў – з-за змены рынкаў збыту: зараз асноўны спажывец – Кітай (каля 30% транзіту), а не ЗША або ЕС.
Персідскі заліў – гэта ўсё яшчэ энергетычны цэнтр свету: каля 55% сусветных запасаў нафты і 39% прыроднага газу; 42% сусветнага экспарту нафты і 17% газаздабычы. Галоўныя экспарцёры: Саудаўская Аравія, Ірак, Кувейт, ААЭ, Катар, Іран. Аднак у перыяд з 2001 па 2022 гг. адбыўся вельмі значны зрух гандлю нафтай — яе экспарт з Персідскага заліва ў ЗША ўпаў на 72%, у ЕС — на 37%. У той жа час экспарт у Кітай вырас на 800% — цяпер КНР спажывае 55% нафты заліва.
Як следства, сёння не амерыканцы і еўрапейцы, а кітайцы – галоўныя энергетычныя партнёры рэгіёну. У 2022 г. гандаль Персідскага заліва з Кітаем дасягнуў $385 млрд, перавысіўшы аб’ёмы гандлю з ЕС і ЗША. КНР таксама ператварылась ў ключавога палітычнага пасярэдніка для мясцовых мусульманскіх краін (прыклад — нармалізацыя адносін Ірана і Саудаўскай Аравіі ў 2023 г. пры падтрымцы Пекіна), што не перашкодзіла ЗША і ЕС стаць энергетычна незалежнымі ад іх і артэрый рэгіёну, у той час як Кітай, наадварот, апынуўся ў вельмі моцнай залежнасці.