Кітай як распаўсюджвальнік тэхналогій «цыфравога канцлагера»

Увосень 2025 года Кітай пачаў прадаваць у Азію і Афрыку тэхналогіі цыфравога канцлагера, у тым ліку апрабаваныя на працягу многіх гадоў на ўйгурах і мусульманскім насельніцтве КНР. Зараз Пекін прапануе ўрадам іншых краін комплексны прадукт, які ўяўляе сабой сістэму татальнага сачэння і інтэрнэт-цэнзуры, створаную па ўзоры т.зв. «Вялікага кітайскага файервола». Як паведамляе спецыялізаванае выданне Wired, шэраг краін (не менш за пяць) ужо выказалі зацікаўленасць і пачалі супрацоўніцтва з КНР у гэтай сферы, пра што сведчыць маштабная ўцечка кітайскіх дакументаў, прааналізаваная экспертамі.

Сам «прадукт» прапануецца ў выглядзе камерцыйнага рашэння, прасоўвае яго кітайская кампанія Geedge Networks, з якой цесна звязаны «бацька» кітайскай інфраструктуры інтэрнэт-цэнзуры. Кампанія можа спакаваць сродкі сачэння ў камерцыйную версію «Вялікага кітайскага файервола», прапанаваўшы як апаратнае забеспячэнне, якое можна ўсталяваць у любым дата-цэнтры, так і праграмнае – для органаў улады. Як высветлілі даследнікі, сістэма Geedge Network дазваляе не толькі адсочваць інфармацыю ў сетцы, але і блакаваць канкрэтныя вэб-сайты і VPN-інструменты, а таксама шпіёніць за пэўнымі людзьмі.

Агучаныя ў пачатку верасня вынікі спецыяльнага расследавання InterSecLab паказалі, што першым пакупнiком тэхналогіі для масавага сачэння, інтэрнэт-цэнзуры і кантролю ў кітайскай Geedge Networks стаў Казахстан. Спецыялісты выдання Wired апісваюць набытую казахскімі ўладамі ў Geedge Networks сістэму цэнзуры, як створаную па ўзоры «Вялікага кітайскага файервола» і ўмеючую блакаваць (акрамя сайтаў і VPN) і асобныя прылажэнні (напрыклад, Signal), сачыць за карыстальнікамі, перахапляць паролі, укладанні і дадзеныя з незашыфраванага трафiка.

Па iнфармацыi экспертаў InterSecLab, Казахстан стаў першым кліентам Geedge Networks яшчэ ў 2019 годзе, калі грамадзянам РК дакучліва прапанавалі ўсталяваць «сертыфікаты бяспекі». Гэта дало магчымасць уладам перахапляць і расшыфроўваць зашыфраваны інтэрнэт-трафік, у тым ліку асабістыя паведамленні. Дакументы, якія сталі здабыткам галоснасці, таксама паказваюць, што ў 2020 годзе тэхналогіі Geedge Networks ужо працавалі ў 17 гарадах краіны. Пазней Amnesty International зафіксавала новыя пастаўкі абсталявання з Кітая праз кампанію TOO «TJJ-Company», якая ўдзельнічае ў праекце «Кібершчыт Казахстана».

Сёння стратэгія татальнага цыфравога кантролю кітайскага тыпу, уключаючая ўжо выкарыстоўваемую ў постсавецкіх краінах сістэму т.зв. сацыяльнага рэйтынга, утрымлівае мноства элементаў, звязаных з сеткай інтэрнэт і базамі даных. У іх ліку: блакіроўкі «варожых» сацсетак, стварэнне ўласнай цыфравой прасторы з інтэграванымі фінансавымі сэрвісамі і дзяржпаслугамі, т.зв. рэестры «экстрэмістаў» і нават праўладных «сертыфікаваных блогераў». Як гэта працуе ў апошнім выпадку дэманструе сам Кітай, вельмі «перадавой» у гэтых адносінах.

Не так даўно ў КНР знік вядомы кітайскі «сертыфікаваны блогер» Ху Сіцзінь, звязаны з мноствам скандалаў, якія толькі дадавалі яму вядомасці. Раней ён быў галоўным рэдактарам выдання Global Times, якое мае англамоўную версію і займаецца палемікай з замежнымі СМІ ў вельмі рэзкім «нацыяналістычным» тоне, які не могуць дазволіць сабе кітайскія дыпламаты i палiтыкi. Кітайскамоўная версія Global Times публікавала нават заходнюю крытыку КНР, але рабiла гэта тэхналагічна (у прапагандыскiм сэнсе) – каб дэманстраваць грамадству «непавагу Захаду» і мабілізаваць яго для супрацьстаяння. У 2021 годзе Ху Сіцзінь, сышоў з пасады галоўрэда і стаў блогерам, публікуючым гэтак жа крытычныя, «ультранацыяналістычныя» і г.д. тэксты ў сваім блозе ў сетцы Weibo пад нікам «Стары Ху».

Блог атрымаў велізарную папулярнасць – звыш 25 млн падпісчыкаў, нават больш, чым у выдання, якім кіраваў Ху, – бо тэксты сталі яшчэ больш «радыкальна-шчырымі» чым артыкулы Global Times. У іх даставалася ўсім: і Захаду, і Расіі за акупаваны Далёкі Усход, і «ворагам народа» ўнутры Кітая, і арганізатарам каранціну. «Стары Ху» патрабаваў расстрэльваць пратэстоўцаў у Ганконзе, аб’явіць вайну Тайваню, збіваць авіяцыю ЗША, падтрымліваць вайну РФ ва Украіне да таго моманту, пакуль гэта адпавядае кітайскім інтарэсам.

Яго вельмі любілі цытаваць у Расіі, бо там лічылі, што, дзякуючы блогу, можна «зразумець настроі кітайскіх дзяржаўнікаў без усходняй мяккасці». У КНР распаўсюджваліся чуткі, што стыль блогера падабаецца і самаму галоўнаму кітайскаму кіраўніку. Сам “Стары Ху” таксама нібыта вельмі тонка адчуваў, што трэба начальству. І раптам яго блог замоўк. Па інфармацыі Bloomberg акаўнт быў заблакаваны пасля публікацыі паста аб пленуме ЦК КПК, у якім «сертыфікаваны блогер» паразважаў аб узмацненні жорсткасці палітыкі ў дачыненні да прыватнага бізнесу і багацця, а таксама аб адзяржаўленні эканомікі. Такія тэмы, калі іх агучваць публічна, прыводзяць да паскарэння ўцёкаў інвестараў і капіталу з Кітая, а гэтыя ўцёкi і без таго вялізарныя. Адпаведна начальству КНР хацелася б мінімізаваць інфармацыю на гэты конт. У выніку нават аблашчаны ўвагай уладаў «Стары Ху» апынуўся ў «цыфравым каранціне».

Гэта сведчыць аб тым, што нават самыя праўладныя блогеры ў рамках цыфравога канцлагера кітайскага тыпу будуць абавязкова «на кантролі», для чаго ёсць уся тэхнічная база, здольная нават вызначаць «наколькі з розумам» яны нахвальваюць начальства. Пры гэтым усіх іх кантраляваць быццам бы і не трэба, бо можна проста пасадзіць некалькіх у «цыфравы каранцін» і тады астатнія будуць паводзіць сябе асцярожней.

У частцы стварэння і распаўсюджвання цыфравога канцлагера кітайцы, будучы плагіятарамi не толькі ў частцы вытворчых, але і кіраўніцкіх тэхналогій, ужываюць камбінацыю розных метадаў. Умоўна сярод іх можна вылучыць «амерыканскія» — калі адносна iншадумцаў ужываюць т.зв. культуру адмены, расійскія — усіх «неблаганадзейных» i «ворагаў народа» кідаюць за краты, і ўласна кітайскія — праславуты сацыяльны рэйтынг, калі чалавека пазбаўляюць доступу да эканамічных і іншых магчымасцяў.

Адной з першых краін планеты, куды была экспартавана сістэма кітайскага сацрэйтынгу, стала Расія, якая практыкуе ў адносінах да іншадумцаў самыя жорсткія метады прыгнечання. Прымяненне нiбыта «мяккай» кітайскай сістэмы ў РФ пачалося восенню 2023 г. на Камчатцы. Ініцыятыва была падтрымана мясцовым урадам, міністэрствам цыфравога развіцця рэгіёна і АНО «Цифровые решения». Доступ да сістэмы стаў магчымы праз Дзяржпаслугі або спецыяльны мабільны дадатак, які аналізуе кожнае дзеянне карыстальніка і пераўтварае яго ў т.зв. сацыяльныя балы. Раней рускамоўныя медыя паведамілі, што Расійскі дзяржаўны сацыяльны ўніверсітэт (РГСУ) распрацоўвае і ўласна расійскую сістэму сацыяльнага рэйтынгу «Мы», асновай якой сталі кітайскія напрацоўкі.

За Кітаем даўно замацаваўся вобраз краіны, якая не самым якасным чынам здольная толькі капіяваць, мадыфікаваць і тыражаваць чужыя тэхналогіі, вынаходствы і дасягненні. Аднак, здаецца, зараз кітайцы вырашылі, што для іх настаў час даць свету хоць нешта сваё – уласнае ўвасабленне цыфравой дыктатуры канцлагернага тыпу і эталоннай кібер-азіятчыны. Судзячы па распачатаму увосень 2025 г. экспарту ў Азію і Афрыку тэхналогій цыфравога канцлагера, рэжым КНР не стаў чакаць калі тэхналогіі стануць яшчэ больш прасунутымі, збор дадзеных паўсюдным, а спецслужбы і сілавікі атрымаюць максімум інфармацыі. І ўжо прама зараз імкнецца зрабіць сваю сістэму «сацыяльнага крэдытна-рэйтынгавага назірання» агульнапланетарнай сістэмай татальнага кантролю і падаўлення. Вельмі верагодна, што самым нечаканым і ў той жа час відавочна-прадказальным складнікам гэтай кітайскай інтэрпрэтацыі-мадыфікацыі оруэлаўскай антыўтопіі стане яе якасць . Асабліва для постсавецкіх рэжымаў, якія ўпарта шукаюць для сябе ў КНР Вялікага Брата.

Прыклады падобнага ўжо відавочныя. У лютым 2025 г. беларуская міліцыя заявіла, што яе агульнарэспубліканская сістэма відэаназірання здольная ідэнтыфікаваць чалавека нават па адной фатаграфіі і адсачыць усе яго перамяшчэнні па ўсёй краіне. У пачатку сакавіка кіраўнік МУС РБ Іван Кубракоў, які даваў прэс-канферэнцыю з нагоды Дня міліцыі, афіцыйна пацвердзіў гэтую інфармацыю і паведаміў, што Беларусь поўнасцю кантралюецца дзясяткамі тысяч відэакамер, здольных выявіць і зафіксаваць усіх непажаданых рэжыму (перш за ўсё тых, хто трапіў у аб’ектывы на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020 годзе ). Прычым не толькі выявіць, але яшчэ і супаставіць з базай даных, праверыць па ёй, і, пры неабходнасці, адсачыць.

Распаўсюджванне падобных тэхналогій нясе любому грамадству пагрозы ў самым шырокім сэнсе, у тым ліку шкоду здароўю вялікіх мас людзей. І не толькі з-за «кітайскай якасці» метадаў і апаратуры, якая спрыяе шматлікім памылкам, недакладнасцям, збоям сістэмы і т.п. негатыўна адбіваючамуся на жыцці і лёсах жывых людзей. Праблема мае і сугуба тэхнічнае вымярэнне, звязанае з тым, што камеры назірання не проста назіраюць за людзьмі – яны яшчэ і мяняюць працу чалавечага мозгу. Даследаванне, апублікаванае 10 снежня у спецыялізаваным выданні Neuroscience of Consciousness сведчыць: камеры назірання могуць змяніць спосаб апрацоўкі мозгам візуальнай інфармацыі. Гэта асабліва актуальна для кітайскага «сацрэйтынгавага» метаду распазнання асоб і «патэнцыйных пагроз». Найбольш важныя высновы даследавання такія:

🔸 Сачэнне мяняе мозг: камеры ўплываюць на апрацоўку iзабражэнняў і павышаюць распазнанне асоб і пагроз з дапамогай механізмаў выжывання.

🔸 Уплыў на сацыяльныя стымулы: падвышаная ўвага ў першую чаргу ўплывае на асобы, а не на агульныя намаганні.

🔸 Псіхалагічныя рызыкі: падвышаная адчувальнасць можа спрыяць развіццю сацыяльных трывожных расстройстваў і псіхозаў.

🔸 Разыходжанне свядомасці: нягледзячы на значнае ўздзеянне, многія людзі да гэтага часу не падазраюць аб гэтым эфекце.

🔸 Уплыў на ўзаемадзеянне: назіранне тонка мяняе ўспрыманне і сацыяльную дынаміку.

🔸 Тэрміновая неабходнасць даследавання: неабходна лепш зразумець наступствы сучасных тэхналогій, такіх як нейраманiторынг.

Паколькі тэхналогіі цыфравога канцлагера і звязанага з імі сачэння працягваюць развівацца і ўсё больш актыўна распаўсюджваюцца па планеце ўладамі КНР, становіцца ўсё важнейшым разумець у тым ліку неасвядамляемыя наступствы цыфравога сачэння і татальнай цэнзуры. Асабліва ў сувызi са з’яўленнем нейратэхналогій, якія патэнцыйна могуць кантраляваць і ўплываць на разумовую дзейнасць чалавека. Даследаванні паказваюць, што сталае назіранне можа паўплываць на грамадства і яго асобных прадстаўнікоў на глыбейшым узроўні, чым лічылася раней, змяняючы ў тым ліку фундаментальныя працэсы ўспрымання, якія звычайна адбываюцца па-за ўсведамленнем людзьмі.