Чаму і як падлашчваюцца паміж сабой кітайцы і туркі

З пачатку вайны РФ супраць Украіны, прэзідэнт Турцыі Эрдаган усё часцей у сваіх выступах згадвае «кітайскую мадэль» для тлумачэння сваіх рашэнняў эканамічнага характару. Напрыклад, кажучы аб паніжэнні ключавой працэнтнай стаўкі, ён заявіў у свой час наступнае: «Турцыя адкрыла новую эру, каб разбурыць кайданы працэнтных ставак і дамагчыся эканамічнага росту, заснаванага на вытворчасці. Гэта падобна на тое, як расла кітайская эканоміка, якая выкарыстоўвала сваё маладое насельніцтва для ўздыму прамысловасці і вытворчасці».

У Кітаі тым часам імкнуцца не задавацца пытаннем – наколькі наогул карэктнае параўнанне эканамічных мадэляў двух гэткi розных краін? Замест гэтага ў медыя запускаецца інфармацыя, што навукова-экспертная супольнасць у КНР часцяком разглядае Турцыю як “Кітай Блізкага Усходу”, паколькі турэцкая эканоміка па сваёй структуры нібы шмат у чым нагадвае кітайскую. Абгрунтоўваецца падобнае зыходзячы з прыкладна наступнага. Турцыя – важная вытворчая дзяржава на Блізкім Усходзе. У параўнанні з некаторымі (бяднейшымі) краінамі рэгіёну, яна мае развітыя вытворчасці электронікі і электрапрыбораў, тэкстылю, адзення, аўтазапчастак, харчовай прамысловасці і г.д. Як і Кітай, Турцыя на працягу многіх гадоў надае вялікую ўвагу развіццю інфраструктуры і прыцягненню замежных інвестыцый, што з’яўляецца драйверам росту яе эканомікі. З пункту гледжання эканамічнага развіцця і сукупнай нацыянальнай моцы Турцыя таксама займае ў сучасным свеце асаблівае месца.

Такім чынам, некаторыя падобныя моманты з эканамічнай мадэллю КНР сапраўды ёсць. Аднак адрозненні ўсё ж значна больш сур’ёзныя, нават тыя, аб якіх вельмі скупа прамаўляюцца самі ж кітайскія эксперты. Адно з найважнейшых – залежнасць экспарту і вытворчасці Турцыі ў вельмі значнай ступені ад імпарту энергіі, сыравіны і нават харчавання. Закупляць усё гэта даводзіцца ў замежнай валюце, якая даражэе ў адносінах да валюты нацыянальнай, што, у сваю чаргу, негатыўна адбіваецца на рэнтабельнасці ўсёй экспартна-арыентаванай вытворчасці. Акрамя таго, у параўнанні з Кітаем, Турцыі не хапае рынку збыту: нягледзячы на тое, што насельніцтва краіны перавышае 85 млн. чалавек, ёмістасць яе рынку ўсё яшчэ далёкая ад тых жа паказчыкаў КНР.

Таксама ў Турцыі адсутнічаюць такія ланцужкі паставак і надзейная лагістычная сістэма, якімі валодае Кітай. У адрозненне ад кітайскага юаня, турэцкая ліра працягвае абясцэньвацца, а інфляцыя ў краіне – расці. Пры гэтым запасаў замежнай валюты з-за глабальных амбіцый адміністрацыі Р.Эрдагана становіцца ўсё менш. Значная частка запасаў валюты расходуецца на ўдзел у войнах, рэлігійную экспансію і развіццё ідэй панцюркізму, тавараў на імпарт застаецца ўсё менш. Гэта, па зразумелых прычынах, скарачае вытворчыя магчымасці, якія так неабходны для росту эканомікі. У той жа час, у адрозненне ад Кітая, Турцыя арыентавана празаходне, яна знаходзіцца ў Мытным саюзе з ЕС і мае зоны свабоднага гандлю з больш чым 30 краінамі, што робіць яе важным звяном у міжнародным падзеле працы.

Дасведчаныя аб усім гэтым, эксперты КНР, з аднаго боку, вітаюць спробы турэцкіх уладаў пераймаць “кітайскай эканамічнай мадэлі”. З іншага – называюць эканамічную палітыку, якую вядзе Эрдаган, «азартнай гульнёй», якая можа каштаваць краіне занадта дорага. Сама Турцыя тым часам з’яўляючыся членам не толькі Мытнага саюза з ЕС, але і NATO, выказвае жаданне ўступіць у БРІКС, у якім вядучую ролю адыгрывае Пекін. Эксперты Bloomberg турэцкага паходжання імкнуцца растлумачыць гэта наступным чынам. Пачынаючы з 1940-х гадоў Турцыя, баючыся Масквы, пазіцыянавала сябе як саюзнік ЗША і неўзабаве пасля гэтага ўступіла ў NATO, як ваенны альянс заходніх дзяржаў, створаны для абароны ад савецкай агрэсіі падчас халоднай вайны. Аднак, з моманту прыходу да ўлады ў 2003 г., прэзідэнт Р.Эрдаган стаў паступова ператвараць Турцыю ў самастойную дзяржаву, «здольную заводзіць новых сяброў, нават калі гэта наносіць шкоду старым».

Як следства, у апошняе дзесяцігоддзе Турцыя наладзіла сувязі з галоўнымі супернікамі ЗША – Кітаем, Расіяй і Іранам, – паколькі “недавер да заходніх дзяржаў падштурхнуў яе да пошуку новых партнёрстваў”. І вось зараз Турцыя хоча далучыцца да гэтых трох краін у рамках блока БРІКС, разгляданага Анкарай у тым ліку як «група краін з рынкамі, якія развіваюцца». Турцыя падала заяўку на ўступленне ў БРІКС, спасылаючыся на “расчараванне адсутнасцю прагрэсу” у рэалізацыі шматгадовай спробы ўступлення ў Еўрапейскі саюз.

Чыноўнікі адміністрацыі Эрдагана афіцыйна заяўляюць, што геапалітычны цэнтр цяжару ў свеце “ссоўваецца з-за ўплыву эканамічных працэсаў”, і што ўступленне ў БРІКС можа палепшыць сувязі Турцыі з Расіяй і Кітаем. Мэта – “умацаваць глабальны ўплыў Турцыі і наладзіць новыя сувязі за межамі кола традыцыйных заходніх краін-саюзнікаў”. Адносіны Турцыі з гэтымі заходнімі саюзнікамі пачалі пагаршацца ў пачатку 2010-х гг. Хаця да гэтага, на працягу большай часткі амаль паўвекавой Халоднай вайны, СССР-Расія была варожым суседам, які прымушаў Турцыю шукаць на Захадзе ўплывовых саюзнікаў для абароны сваёй тэрыторыі.

Цяперашнія прэтэнзіі Турцыі да Захаду першым стаў агучваць сам Р. Эрдаган, які абвінаваціў заходнія краіны ў падтрымцы антыўрадавых пратэстаў у 2013 годзе, якія рушылі за падзеямі «Арабскай вясны». У 2014 годзе, калі ЗША сталі пастаўляць зброю заходнім краінам, якія дапамагалі ў барацьбе з ІДІЛ курдскім баевікам у Сірыі, Турцыя, якая канфліктуе з курдамі-сепаратыстамі, успрыняла гэты крок як «здраду». Намер Анкары ўзяць сілавыя рычагі ва ўласныя рукі ўмацаваўся ў кастрычніку 2015 года, калі ЗША, а затым і Германія вывелі з тэрыторыі краіны сістэмы СПА – пасля падаўлення туркамі ўсплёску гвалту з боку курдскіх баевікоў. Праз месяц, пад ціскам ЗША, Турцыя адмовілася ад плану куплі сістэмы СРА (супрацьракетнай абароны) у дзяржаўнай кампаніі Кітая, на якую ЗША наклалі санкцыі (за продаж ракет Ірану).

У 2016 годзе, пасля няўдалай спробы паслядоўнікаў турэцкага святара-дысідэнта Ф.Гюлена, які пражываў у ЗША, зрынуць урад Эрдагана, яго антызаходняя рыторыка абвастрылася яшчэ мацней. У тым жа годзе зайшлі ў тупік перамовы аб уступленні Турцыі ў Еўразвяз. Праз год Анкара набыла ў Расіі С-400. Саму гэтую расійскую сістэму СРА Турцыя атрымала ў 2019 годзе, пасля таго як спыніла перамовы аб набыцці амерыканскай сістэмы СРА Patriot – з-за адмовы Вашынгтона дзяліцца тэхналогіямі. Пасля здзелкі па С-400, ЗША забаранілі Турцыі купляць амерыканскія знішчальнікі F-35 з-за боязі, што расійская сістэма можа сабраць разведдадзеныя аб іх магчымасцях. Крыху пазней ЗША ўвялі санкцыі, якія фактычна адрэзалі вядучае агенцтва Турцыі па ваенных закупках ад фінансавых інстытутаў, ваеннай тэхнікі і тэхналогій ЗША.

У цяперашні час адносіны Анкары з заходнімі партнёрамі яшчэ больш ускладняюцца ў сувязі з нарастаючай антыізраільскай рыторыкай Р.Эрдагана і крытыкай паставак зброі ЗША габрэйскай дзяржаве з-за ваеннай кампаніі супраць ХАМАС, якая праводзіцца ізраільцянамі ў сектары Газа. Адміністрацыя Эрдагана падтрымлівае гэтую палестынскую групоўку, якую ЗША і ЕС лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

На гэтым фоне Турцыя ўсё больш актыўна вядзе перамовы з Кітаем аб будаўніцтве трэцяй АЭС (атамнай электрастанцыі). А таксама імкнецца прыцягнуць дадатковыя кітайскія інвестыцыі ў заводы па вытворчасці электрамабіляў і заключыць партнёрства з КНР па распрацоўцы радовішча рэдказямельных элементаў. У 2023 годзе Турцыя саступіла Кітаю расійскі рынак. У выніку, у той час як экспарт Турцыі ў Расію вызначыўся тэндэнцыяй да скарачэння, экспарт КНР у РФ, наадварот, паказаў значны рост. Усё большую долю турэцкага экспарту на гэтым рынку стаў займаць Кітай. Паводле даных наземных і марскіх перавозак, Пекін, які ўмацаваў да таго часу сваю міжнародную лагістычную інфраструктуру, усяго за два месяцы павялічыў экспарт у Расію на двухзначную велічыню, а таксама заняў лідзіруючыя пазіцыі ў цэнавай канкурэнцыі.

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, заснаванай на мытных дадзеных, толькі ў адным кастрычніку 2023 г. аб’ём кітайскіх паставак у Расію вырас на 17% у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года і склаў 8,69 млрд. даляраў. Экспарт Турцыі, наадварот, на працягу трох папярэдніх месяцаў дэманстраваў скарачэнне ў Расіі, дзе да гэтага часу. Па дадзеных TURKSTAT, турэцкі экспарт у РФ, які скараціўся ў адным толькі жніўні на 11% у гадавым вылічэнні, у верасні зваліўся ўжо на 25%.

Член праўлення Асамблеі экспарцёраў Турцыі (TIM) Башаран Байрак пастараўся тады растлумачыць гэта ў СМІ тым, што поспехі Кітая ў дадзеным пытанні нібыта абумоўлены ўрадавай падтрымкай прамысловых і лагістычных кампаніі, якім прадастаўляюцца розныя льготы. Маўляў, Кітай, які валодае найбуйнымі партамі ў свеце, дамогся да таго часу значных паляпшэнняў у лагістыцы: за кошт распрацоўкі альтэрнатыўных маршрутаў перавозкі з КНР у Еўропу і Расію сталі хутчэй і танней, чым раней. Іншай перавагай Кітая турэцкія медыя назвалі яго «неадданасць заходнім антырасейскім санкцыям».

Ужо праз год пасля вышэйапісаных падлашчванняў турак з кітайцамі мас-медыя канстатаваліпавелічэнне інвестыцый з Кітая ў Турцыю. Іх значны рост адзначыла ў верасні 2024 годаі турэцкая Асацыяцыя міжнародных інвестараў (YASED). Дзякуючы гэтаму росту, па дадзеных YASED, Турцыя за апошнія 33 гады стала другой пасля ЗША краінай па аб’ёме кітайскіх укладанняў. Паводле заявы, апублікаванай у выданні Ekonomim, Кітай прыцягваюць у Турцыі наступныя фактары: стратэгічнае геаграфічнае становішча, якое з’яўляецца важным звяном у глабальных ланцужках паставак, доступ да ўнутранага рынку з насельніцтвам больш за 85 млн. чалавек, а таксама знаходжанне Турцыі ў Мытным саюзе з ЕС .

Па сцвярджэнні турэцкіх інвестараў, значную ролю ў прыцягненні інвестыцый КНР у іх краіну адыгрываюць таксама эканамічная прадказальнасць і магчымасць выгадных інвестыцый у вытворчы сектар. Сюды ж можна аднесці і важкі для Пекіна этнапалітычны фактар якія жывучых у КНР цюрак-мусульман, выкарыстоўваемы ў эканамічных мэтах Анкарой, якая робіць выгляд, што Турцыя з-за збліжэння з Кітаем забылася пра падтрымку уйгураў і іншых цюрак i аднаверцаў у т.зв. Сіньцзян-Уйгурскай аўтаномнай акрузе (Сіньцзяне або Усходнім Туркестане) на паўночным захадзе КНР.

Турэцкі ўрад, які раней востра крытыкаваў кітайскія ўлады за жорсткія ганенні ўнутры КНР на уйгурскую меншасць і мусульман у цэлым, апошнім часам змякчыў адпаведную крытыку ў адрас Пекіна. Да 2016 года Анкара надавала вельмі шмат увагі праблемам уйгураў і абвінавачвала Кітай у фактычна ў генацыдзе і гвалтоўнай асіміляцыі цюркамоўнай мусульманскай меншасці. Але, як паказвае BBC Monitoring , з таго ж года гэтая вельмі абгрунтаваная крытыка стала сціхаць, прычым не толькі ва ўрадавых СМІ, але і ў апазіцыйных выданнях Турцыі.

Кітайскія ўлады, у сваю чаргу, захацелі бачыць Сіньцзян, як найбольш цюркскі рэгіён КНР, – сваімі галоўнымі варотамі ў Турцыю, Цэнтральную Азію і Еўропу. У гандлёвых сувязях Пекіна з туркамі і еўрапейцамі гэты рэгіён, які займае больш за 17% тэрыторыі Кітая, стаў набываць усё большае значэнне ў 2020-х гг. – за кошт імклівага развіцця транспартнай і лагістычнай інфраструктуры. Напрыклад, па дадзеных Global Times, толькі за першыя 8 месяцаў 2023 г. знешні гандаль Сіньцзяна вырас на 51,2% у гадавым вылічэнні, дасягнуўшы $30 млрд. Пры гэтым асноўнымі грузамі, якія адпраўляюцца з Сіньцзяна на міжнародны рынак, звычайна з’яўляюцца кетчуп, сельскагаспадарчая прадукцыя, тэкстыль, хімічная сыравіна, абсталяванне і тэхніка.

У цэлым кітайцы абгрунтоўваюць сваё бачанне выбудоўваемай КНР неаімперскай мадэлі і яе адносін з мусульманскім светам у цэлым і Турцыяй, як адной з яго частак, наступным чынам. З 2023 г. Кітай экспартуе ў мусульманскі свет штомесяц больш, чым у ЗША ($42 млрд супраць $38 млрд) – дзякуючы ініцыятыве “Адзін пояс, адзін шлях” у Цэнтральнай Азіі, пашырэнню сувязяў з Малайзіяй і Інданезіяй і “эканамічнай дыпламатыі” ў рэгіёне Персідскага заліва. Кітайская імперыя, у адрозненне ад хрысціянскай Еўропы, ніколі не спрабавала аб’яднаць свае народы з дапамогаю рэлігіі. Яна патрабавала, каб яны сталі “цывілізаванымі”, што азначала вывучыць пісьмовыя іерогліфы, насіць кітайскае адзенне і плаціць падаткі імператару. У астатнім яны былі вольныя гаварыць на любым дыялекце і пакланяцца любым багам, якім ім заманецца. Імперыя, у сваю чаргу, забяспечвала інфраструктуру і парадак. Сёння Кітай глядзіць на Турцыю і краіны Блізкага Усходу як на “віртуальныя правінцыі новай кітайскай эканамічнай імперыі” і хоча, каб яны “трымаліся далей ад непрыемнасцей” і “засяродзіліся на зараблянні грошай у добрай кітайскай манеры”.

Туркі, у сваю чаргу, спрабуюць весці ў дачыненні да КНР дваістую лінію. На словах іх палітыкі – блізкія да ўлады, але не з’яўляючыеся яе прамымі прадстаўнікамі, – заклікаюць Турцыю да саюзу з Кітаем, Расіяй і Іранам. У чарговы раз падобную ідэю агучыў у пачатку кастрычніка Догу Пярынчак з партыі «Ватан», не прадстаўленай у парламенце. Ён сцвярджае, што падтрымлівае такую пазіцыю “дзеля захавання ідэнтычнасці Турцыі”. «Свет рухаецца да рэгіянальных і глабальных войн, прадухіліць іх можа аб’яднанне Турцыі, Расіі, Ірана і Кітая ў Еўразіі. У адваротным выпадку, дзеянні Амерыкі стануць непрадказальнымі. Еўразійская інтэграцыя – гэта надзённая патрэба», – цытуе турэцкага палітыка расейскае агенцтва ТАСС. Раней да такога альянсу заклікаў Дэўлет Бахчэлі з Партыі нацыяналістычнага руху, вядомы сумесным фота з прэзідэнтам Турцыі Р. Эрдаганам на фоне падоранай яму карты «цюркскага свету», у які ўключаны таксама часткі тэрыторыі РФ і кантралюемы ўладамі КНР цюрка-уйгурскі Сіньцзян.

На справе турэцкія ўлады пакуль не спяшаюцца ісці за падобнага роду заклікамі. Больш за тое, на іх фоне яны робяць крокі ў супрацьлеглым кірунку. Напрыклад, у пачатку кастрычніка 2025 г. Турцыя вырашыла распрацоўваць рэдказямельныя металы не з Кітаем і Расіяй, а з ЗША і заходнімі партнёрамі. Спаслаўшыся на тое, што перамовы з КНР і РФ “не прынеслі вынікаў”, Анкара прыцягнула амерыканцаў да распрацоўкі ў раёне Бейлікава (рэгіён Цэнтральная Анатолiя) нядаўна адкрытага радовішча рэдказямельных металаў, які ўключае цэрый, празеадзім і неадым, якія выкарыстоўваюцца ў лінзах і шкляных вырабах, звычайных і электрамабілях, ветраных турбінах і электроніцы. Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як прэзідэнты Р.Эрдаган і Д.Трамп на сустрэчы ў Белым доме, якая адбылася ў папярэднім месяцы, дамовіліся паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі і абароны. Таксама ў верасні Турцыя далучылася да Партнёрства па бяспецы ў сферы мінеральных рэсурсаў, якое арганізавалі ЗША і Еўразвяз з мэтай знізіць залежнасць ад Кітая, які кантралюе каля 80% сусветнай здабычы і перапрацоўкі рэдказямельных металаў.

Акрамя таго, 10 кастрычніка 2025 года прэзідэнт Турцыі Р.Эрдаган падпісаў папраўкі да прымянення Закона № 2527, які рэгулюе працаўладкаванне замежнікаў цюркскага паходжання. У першую чаргу гэта датычыцца этнічных цюрак, якія пражываюць і з’яўляюцца грамадзянамі іншых дзяржаў. Урад Эрдагана праводзіць праграму рэпатрыяцыі, прычым пацвярджаць «турэцкую этнічнасць» прэзідэнт будзе асабіста сваім указам. Разам з гэтым, рэпатрыянт павінен адпавядаць наступным крытэрам: • валодаць прафесійнай кваліфікацыяй, пацверджанай упаўнаважанымі органамі Турцыі; • мець настрыфікаваныя дыпломы школ ці ўніверсітэтаў сваёй краіны; • не прадстаўляць пагрозу бяспецы Турцыі сваёй прафесійнай дзейнасцю; • не мець магчымасці выконваць сваю працу або прафесію па незалежных ад яго прычынах у краіне грамадзянства (напрыклад, падвяргацца ўціскам); • даказаць, што не можа займацца сваёй прафесіяй у краіне грамадзянства па незалежных ад яго прычынах (напрыклад, з-за пераследу); • належаць да этнічнай і культурнай меншасці ў сваёй краіне, адрозніваючыся ад большасці яе насельніцтва. Такім чынам, рэгламент накіраваны не на грамадзян асобных самастойных краін, накшталт Азербайджана, Узбекістана, Туркменіі або Кіргізіі, а мэтавай аўдыторыяй новага прававога акта, акрамя не вельмі шматлікіх народнасцяў РФ (чувашаў, крымскіх татараў і г.д.), з’яўляюцца, перш за ўсё, якія пражываюць у КНР уйгуры.