Іран vs Расія:

Іран супраць [contra] Расіі:

эканамічныя і палітычныя супярэчнасці

         У цяперашні час Расійская Федэрацыя (РФ) і Ісламская рэспубліка Іран (ІРІ) лічацца саюзнікамі. Гэтае меркаванне грунтуецца ў асноўным на заявах дыпламатычнага характару ў СМІ і падтрымцы іранскім рэжымам вайны ва Украіне (пастаўкі БПЛА і г.д.). На самой справе супярэчнасцяў паміж Тэгеранам і Масквой значна больш, чым кропак судотыку. Іх колькасць і глыбіня ўвесь час расце. Прычым як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферах.

         Эканамічнае супрацоўніцтва Расіі з Іранам застаецца вельмі сціплым, «ажывіць» яго не атрымліваецца нават з дапамогай нестандартных падыходаў. Нягледзячы на палітычную падтрымку, бізнес кожнага з бакоў не гарыць жаданнем працаваць у абыход заходніх санкцый нават з патэнцыйнымі партнёрамі другога. Яшчэ адна з ключавых праблем у гэтым напрамку – РФ і ІРІ прапанаваць адзін аднаму могуць не так шмат. Абедзве краіны экспартуюць вуглевадароды і маюць патрэбу ў замежных тэхналогіях і прамысловай прадукцыі.

         Іран – галоўны канкурэнт Расіі на газавым рынку. А таксама ў сферы транспарціроўкі энергасыравіны праз Блізкаўсходні рэгіён (Сірыя, Ірак) і Турцыю, у якую ідзе асноўная маса іранскага газу. Акрамя іншага паміж Іранам і Турцыяй, якая пакуль яшчэ застаецца адным з нямногіх незачыненых для Расіі эканамічных «вокнаў у свет», дасягнуты дамоўленасці аб вытворчасці, экспарце і цане прыроднага газу найбуйнейшага ў свеце звышгіганцкага радовішча «Паўднёвы Парс», размешчанага на тэрыторыі Ірана. Запуск аднаго толькі гэтага праекту на поўную магутнасць здольны канчаткова пахаваць газавыя амбіцыі Крамля і Газпрома.

         Іран пачынае жорсткую канкурэнцыю з РФ на азіяцкіх нафтавых рынках. У другой палове жніўня 2023 года Іран дамовіўся з ЗША аб змякчэнні санкцый, што паводле інфармацыі, агучанай агенцтвам Bloomberg са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў Вашынгтона, дазволіць Тэгерану канкураваць з Масквой на нафтавых рынках азіяцкага рэгіёна. У выніку здабыча іранскай нафты ужо летам дасягнула 3 млн барэляў у суткі, а яе пастаўкі ў Кітай – рэкорднага аб’ёму як мінімум за апошняе дзесяцігоддзе – у цэлым у жніўні КНР імпартуе з Ірана каля 1,5 млн барэляў у суткі.

         Іран выцясняе расійскую нафту зніжкамі з Кітая і Індыі. Пекін рэзка нарасціў закупкі нафты ў Іране, замяняючы барэлі з Расіі, якія становяцца ўсё даражэй і перавышаюць устаноўленую Захадам столь коштаў. Пра гэта ў сярэдзіне жніўня 2023 года паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на дадзеныя Kpler. Іранская нафта па інфармацыі заходніх агенцтваў прапануецца са скідкай $10 за барэль да Brent і каштуе значна танней за расійскую, зменшыць дысконты на якую прэзідэнт РФ У.Пуцін запатрабаваў яшчэ ў снежні 2022 года.

         У жніўні 2023 года кошт Urals у заходніх партах РФ падняўся да $70. І хоць гэта на $15 ніжэй за бягучыя каціроўкі Brent, рэальная зніжка значна менш, паколькі ў канчатковы кошт нафты для пакупніка закладзены выдаткі на транспарціроўку і страхаванне. Адно са следстваў: новыя кошты на нафту з Расіі ўсё менш падабаюцца яе цяперашнім ключавым пакупнікам, у тым ліку не толькі Кітаю, але і Індыi. З сярэдзіны траўня нафтавы экспарт з РФ у Азію скараціўся на 25%, а яго аб’ёмы — 2,6 млн барэляў у суткі па стане на канец ліпеня – сталі самымі нізкімі з пачатку студзеня.

         У сферы палітыкі інтарэсы Расіі і Ірана ўваходзяць у супярэчнасць і сутыкаюцца ў кантэксце адносін з арабскімі краінамі. А таксама тэрытарыяльнае перафарматаванне некаторых з гэтых краін, у спробах якіх рэжым ІРІ, яго МЗС, спецслужбы і сілавікі Корпуса стражаў Ісламскай рэвалюцыі (КІР) прымаюць актыўны ўдзел. Найбольш яскрава гэта выказана на Блізкім Усходзе, дзе Расея спрабуе захаваць баланс сіл, у якім Масква здольна гуляць ролю ключавога пазарэгіянальнага пасярэдніка. Устаноўка Тэгерана шмат у чым супрацьлеглая – зрабіць Іран вядучай дзяржавай у рэгіёне. Адпаведна, з’яўленне любой дамінуючай сілы на Блізкім Усходзе не адпавядае інтарэсам Расіі і Іран, нягледзячы на ​​яго пазіцыю па Украіне, выключэннем тут не з’яўляецца.

         Іран выказаў пратэст Расіі з-за пазіцыі па спрэчных астравах. Гаворка ідзе пра астравы Вялікі і Малы Томб і Абу-Муса ў Персідскім заліве. У сярэдзіне ліпеня МЗС ІРІ ўручыў ноту пратэсту амбасадару РФ Аляксею Дзедаву пасля публікацыі сумеснай заявы Масквы і Рады супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. Падстава – у тэрытарыяльным канфлікце паміж Іранам і арабамі Расія фактычна стала на бок ААЭ, якія вядуць з іранцамі спрэчку з-за прыналежнасці гэтых тэрыторый з 1971 года, калі яны былі перададзены Тэгерану Лонданам. Пазіцыя Крамля абумоўлена ўзаемадзеяннем прадстаўнікоў рэжыму Пуціна з эмірацкімі шэйхамі ў сферах нерухомасці, банкаўскіх рахункаў у ААЭ і паветраных зносін. Выбар вярхушки расійскіх «сілавых эліт» у супрацьстаянні ААЭ і Ірана ўвасабляе ў т.л. зяць міністра абароны РФ С. Шайгу, які вядзе свае блогерскія стрымы з ААЭ.

         Інтарэсы Ірана і Расіі сутыкаюцца ў Сірыі. Да гэтага часу не толькі не пачата рэалізацыя, але і поўнасцю забыты амбіцыйныя планы Крамля адносна Ірана, якія агучваліся да пачатку вайны ў Сірыі. Сярод іх – стварэнне ваенных баз у Іране і атрыманне праз яго тэрыторыю выхаду да Індыйскага акіяна. Аб гатоўнасці да падпісання дакументаў аб стварэнні ваенна-эканамічнага саюза Расіі і Ірана (а таксама Кітая) з разгортваннем ваенных часцей РФ і КНР на тэрыторыі ІРІ рускамоўныя медыя паведамлялі ў жніўні 2012 года. Паводле іх інфармацыі, расейскія БДК з марпехамі і ўзбраеннем, якія на той момант знаходзіліся ў берагоў Сірыі «для нейтралізацыі планаў НАТА па нападзе на Сірыю» і рыхтаваліся накіравацца пасля вырашэння «сірыйскага крызісу» ў Персідскі заліў да Іранскіх берагоў. Тады ж частка ВПС Паўночнага флота Расіі была падрыхтавана да перакідкі на аэрадромы Ірана.

         Дзякуючы гэтаму Масква планавала атрымаць праз Іран выхад да Індыйскага акіяна. Тэгеран, у сваю чаргу, паводле заявы міністра энергетыкі ІРІ Маджыда Намджа, меў намер да канца 2012 года прыступіць да будаўніцтва суднаходнага канала працягласцю каля 600 км. Гэтая водная магістраль павінна была злучыць Каспійскае мора з Персідскім залівам і стварыць магчымасць выхаду з арктычных мораў і Балтыйскага рэгіёна па воднатранспартнай сістэме Расіі ў Персідскі заліў і Індыйскі акіян.

         Дадзеная спроба рэанімацыі праекту канала ад Каспійскага мора да Персідскага заліва, распрацаванага яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў, які тагачасныя ўлады Ірана планавалі рэалізаваць з дапамогай СССР, павінна была прывесці да таго, што ў РФ і шэрагу краін Усходняй Еўропы ўпершыню з’явілася б магчымасць абраць маршрут, альтэрнатыўны існуючаму шляху праз Басфор — Дарданэлы — Суэцкі канал і Чырвонае мора. Іранскі бок разлічваў як мінімум на тэхналагічнае садзейнічанне ажыццяўленню праекта з боку Расіі. Тым не менш, усе гэтыя планы былі сарваныя альбо аказаліся незаможнымі яшчэ да пачатку маштабных баявых дзеянняў на тэрыторыі Сірыі, у якіх адкрыта сутыкнуліся інтарэсы рэжыму Пуціна і Ірана, як асноўнага канкурэнта Расіі на газавым рынку.

       

  Прыведзеная карта дэманструе мэты і задачы, якія вырашаюцца ў Сірыі цяперашнімі рэжымамі Расіі і Ірана. Адкрытая барацьба ў рэгіёне пачалася за абазначаныя ключавыя пункты будучай энерга-транспартнай сістэмы. Кантроль над узбярэжжам дае Расіі кантроль над апошнім – самым важным – участкам іранскага газавага маршруту. Інтарэсы Газпрома – галоўная мэта, дзеля якой рэжым Пуціна пачаў сірыйскую вайну. Таму пад прыкрыццём слоў аб барацьбе з Ісламскай дзяржавай на справе бамбавалі, напрыклад, Ідліб у якім ІДІЛ ніколі не было. Вузлавыя кропкі маршруту — Алепа і Хомс. Цікавасць Ірана – у гэтых жа кропках. Менавіта там канцэнтраваліся і кіраваныя з Тэгерана атрады Хезбалы і «добраахвотнікі» іранскага КСІР і Басідж. Тут жа сканцэнтраваны і ключавыя супярэчнасці паміж Газпромам і Іранам у рэгіёне.