Цэнтр Палітычнага Аналізу і Прагнозу

Ідэолагі «Рускага свету»: вытокі

Метадалогі – гэта паслядоўнікі савецкага гуманітарыя Георгія Шчадравіцкага – выпускніка ключавога ў пасляваенным СССР «ідэалагічнага» факультэта МДУ (філасофскага). Пад іх уплывам з’явілася ў яе цяперашнім выглядзе расійская палітычная сістэма і актыўна выкарыстоўваемая ёю ідэалагічная канструкцыя «Рускі свет». Таксама пуцінскі рэжым вядзе, перш за ўсё ва Украіне, войны ў аснове якіх ляжаць іх ідэі і ідэалагічныя распрацоўкі. Упершыню метадолагі ўзніклі на аснове створанага ў 1952 годзе Маскоўскага лагічнага гуртка (МЛГ), пазней – Маскоўскага метадалагічнага гуртка (ММГ). У канцы 1960-х гг. галоўным іх гуру стаў вышэйзгаданы Г.П.Шчадравіцкі (1929-1994) або, як яго называлі, ГэПэ (абрэвіятура ад Георгій Пятровіч) – выхадзец з вярхоў бальшавіцкай наменклатуры: сын арганізатара авіяцыйнай прамысловасці СССР П.Г.Шчадравіцкага (1899-1972) і пляменнік А.А.Сольца (1872-1945) – вядучага ідэолага ЦКК РКП(б), вядомага ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады як «сумленне партыі«.

К гэтаму часу філосаф-логік А.А.Зіноўеў (1922-2006), які стаяў ля вытокаў МЛГ-ММГ, цалкам адмежаваўся ад гуртка, растлумачыўшы гэта так: «…адзін з заснавальнікаў руху метадолагаў па імені ГэПэ, які абвясціў сябе заснавальнікам (пасля таго, як рэальны заснавальнік, заснаваўшы рух і ўбачыўшы, якое з яго насамрэч дзярмо атрымліваецца, пакінуў рух), заявіў на пастаянна дзеючым семінары нявыяўленых шызафрэнікаў і стукачоў, што ўсё пачалося з яго ідэі даследавання мыслення як дзейнасці» (Зіноўеў А. Затея. — М .: Цэнтрпаліграф, 2000. — С. 77). У 1970-х гг. А.А.Зіноўеў быў звольнены з працы, пазбаўлены ўсіх узнагарод і званняў, абвешчаны «адшчапенцам» і высланы ўладамі СССР на Захад як «нядобранадзейны».

У сваю чаргу ГэПэ Шчадравіцкі са сваёй ранняй камандай у гэты ж самы час знайшоў падтрымку ва ўладных кабінетах КПСС. І стаў актыўна ездзіць па СССР, прапагандуючы і прапаведуючы свае вучэнне і ідэі. Шчадравіцкі, які пасля ВНУ працаваў школьным настаўнікам, а затым заняўся педагогікай і псіхалогіяй, ставіў перад адэптамі Маскоўскага метадалагічнага гуртка задачу больш чым амбіцыйную – стварыць «новыя тэхналогіі мыслення».

Так сама ГэПэ прапаноўваў сваім паслядоўнікам навучыцца «глядзець на рэчы па-новаму» — каб эфектыўна падбіраць хуткія і парадаксальныя рашэнні для самых разнастайных праблем навакольнай рэчаіснасці. Сёння падобнай «мыследзейнасцю» актыўна займаюцца т.зв. коучы, спецыялісты па тымбілдыгу і шматлікія інфацыгане, якія даюць праз юцюб і ў аўдыторыях адказы на ўсе/любыя пытанні.

https://gtmarket.ru/library/basis/5484/5493

У пачатку 1970-х метадолагі разам са сваім гуру часта прыязджалі ў Мінск (высокапастаўленыя родзічы Г.П.Шчадравіцкага з ВКП(б) мелі карані ў Заходняй Беларусі). Тут яны вялі «сеансы выкрыцця старога мыслення», а сам ГэПэ ў прыватных размовах быў часам шчыры. Схематычна галоўны стратэгічны стымул усяго яго жыцця выглядаў так (падрабязней тут): “Мы праз свае семінары рыхтуем кадры. Хаця гэта і такім тэрмінам нельга называць. Не кадры (цьфу, казённае партыйнае слова), але чальцоў таемнага ордэна, са сваім рытуалам, статутам і сакрэтнай звышзадачай. Ідэя ў тым, каб разабраць прыладу соцыўма на вузлы і дэталі, паглядзець, як яна ўладкованая, знайсці там блок кіравання, шляхі падыходу да яго, пракрасціся, узяцца за рычагі і кіраваць у патрэбны бок”.

Спачатку тых, што прайшлі праз гурток Шчадравіцкага называлі сектантамі, а сам гурток сектай. Затым савецкія інтэлігенты, якія мелі да яго дачыненне, сталі называцца метадолагамі або шчодравіцянамі. З часам выпускнікоў гуртка стала так шмат, што яны ператварыліся ўжо ў сапраўдны рух. Ідэя стала сама сябе рэпліцыраваць. Кожны, хто апынуўся пад уплывам Шчадаровіцкага і меў дастаткова навыкаў, цяпер мог самастойна весці падобныя заняткі, дзе разбіраліся тэарэтычна і практычна розныя аспкты жыцця грамадства.

З лекцыі ўдзельнічаючага ў метадалагічным руху з 1988 года Ю.М.Бярозкіна (д.э.н., прафесара, заг. кафедры фінансаў Байкальскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі і права, сапраўднага члена РАЕН) з нагоды таго, што сабой уяўляе дзейнасная метадалогія, спароджаная ў Маскоўскім метадалагічным гуртку: «…Між іншым, усё тое, што даецца ў школах і ў ВНУ, насамрэч людзям не трэба, наогул, не трэба для жыцця. Проста не трэба! А тое, што трэба, нічога не даецца, проста, у прынцыпе, не даецца. І так ва ўсіх абласцях».

У канцы 1970-х, калі А.А.Зіноўева выслалі на Захад, ГэПэ Шчадравіцкі ўкараніў у СССР новы механізм для практычнага прымянення свайго вучэння і ідэй. Ён пачаў праводзіць т.зв. организационно-деятельностные игры (ОДИ або АДГ). У ходзе іх перад групай людзей ставілася рэальная ці выдуманая праблема, якую трэба было вырашыць у працэсе гульні. Яе мадэравалі спецыяльна навучаныя метадолагі (т.зв. гульнятэхнікі). Яны вялі гульню ў патрэбным напрамку, дапамагалі ўдзельнікам або, наадварот, ускладнялі працэс АДГ. Такі фармат хутка прыжыўся ў стаяўшым тады на парозе «перабудовы» СССР. Да метадолагаў сталі актыўна звяртацца дырэктары буйных прадпрыемстваў, гаспадарчых арганізацый, інстытутаў і нават сакратары мясцовых выканкамаў і парткамаў.

Амаль так, i па падобным нагодам, сёння звяртаюцца да абяцаючых лёгкі заробак, рэцэпты вырашэння ўсіх праблем і г.д. коучам, “экспертам па тымбілдынгу” і іншым інфацыганам. У Савецкім Саюзе такіх азначэнняў тады яшчэ не ведалі, аднак запыт на падобную дзейнасць, у тым ліку сярод «чырвоных дырэктароў», ужо быў. Больш за тое, у фармаце сваіх арганізацыйна-дзейнасных гульняў метадолагі сталі рыхтаваць прадстаўнікоў партгаснаменклатуры да пэўных выбарчых кампаній і выбараў у цэлым.

У гэтым кантэксце, як казаў сам Шчадравіцкі, пасля ім жудасна спатрэбіўся досвед выбараў у дэпутацкія рады дырэктараў буйных прадпрыемстваў. Праз АДГ, на думку метадолагаў, можна вырашыць самыя любыя пытанні ў тым ліку палітычныя, бо такія гульні, на думку Шчадравіцкага, дапамагаюць людзям «адрэфлексаваць рэальныя сітуацыі ў бяспечным становішчы», а таксама «схіляюць да максімальна глыбокага разгляду праблемы».

Сёння арганізацыю ГэПэ Шчадравіцкага і яго паслядоўнікаў «часам называюць блізкай саентолагам, але яна мае свой твар, а яе сябры называюць сябе метадолагамі. Гэта клуб закрытага, сектанцкага тыпу, які займаецца правядзеннем арганізацыйна-дзейнасных гульняў (АДГ). Сутнасць гэтых гульняў у тым, каб штучна стварыць крызіс, а потым з яго выйсці». Менавіта такія «гульнявыя» сцэнары маскоўскія метадолагі спрабуюць ужо шмат гадоў рэалізаваць у постсавецкіх дзяржавах і, перш за ўсё, ва Украіне (iх сутнасцi i мэтадам будзе прысвечан асобны артыкул).

На момант крушэння Савецкага Саюза метадолагі ўжо былі разгалінаванай, падрыхтаванай і досыць глыбока ўбудаванай ў грамадства каляінтэлектуальнай субкультурай. Таму, калі ў 1994 годзе сам ГэПэ Шчадравіцкі памёр, дзейнасць метадолагаў разам з ім не памерла. Наадварот, яе чакаў небывалы ўзлёт. Па сутнасці метадолагам прэдстаяла ўзрасціць ключавыя кіраўнічыя і ідэалагічныя кадры новай дзяржавы, якая ўзнікла на месцы самага вялікага аскепка СССР – Расійскай Федэрацыі. А таксама ідэалогію г.з. «Рускага свету»  і вяртання пад крыло Масквы “страчаных” у 1991 годзе зямель.

(с) ceapp.info