Кітайскія інвестыцыі і Беларусь

Кітай з’яўляецца галоўным для ўлад Беларусі партнёрам на азіяцкім кантыненце. Практыка дэманструемага імі «ўзаемаразумення» на міжнароднай арэне знаходзіць адабрэнне кітайскага боку. З боку афіцыйнага Менска гэта, у першую чаргу, падтрымка пазіцыі Пекіна па тайваньскім пытанні.

Упершыню ў гісторыі двухбаковыя адносіны былі кваліфікаваны ў Сумеснай дэкларацыі РБ і КНР, падпісанай 23 красавіка 2001 года Ц.Цзэмінем і А.Лукашэнкам у Пекіне, як «адносіны дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, заснаваныя на пяці прынцыпах мірнага суіснавання, высокім даверы». Кітай аб’ектыўна зацікаўлены ва ўзмацненні свайго ўплыву ў Еўропе, таму Беларусь з 2000-х гг. разглядаецца як своеасаблівы плацдарм для рэалізацыі кітайскіх інтарэсаў у гэтым рэгіёне.

Пасля візіту ў Пекін у кастрычніку 2010 года А.Лукашэнка прызнаў, што прапанаваў уладам КНР стварыць «кітайскі астравок у цэнтры Еўропы — у Беларусі», паколькі Кітай, паводле яго слоў, «можа разлічваць на Беларусь тут, у цэнтры Еўропы, па ўсіх напрамках». Сёння кітайскі вектар Менска – гэта не толькі ваенныя і гуманітарныя інтарэсы, але і эканамічныя, якія ахопліваюць каля сотні двухбаковых праектаў, уключаючы СВОП-пагадненне аб абмене нацыянальнымі валютамі (2009), звязаныя крэдыты і інвестыцыі.

Паводле даных МЗС РБ, за 30 гадоў дыпламатычных адносін Беларусі з Кітаем агульны аб’ём інвестыцый паступіўшых у РБ з КНР склаў больш за $2,6 млрд, уключаючы каля $1,1 млрд. прамых. Найбуйнейшыя ключавыя банкі партнёры ў Кітаі – Банк Кітая, Экспартна-імпартны банк (Эксімбанк), Банк развіцця Кітая (БРК).

У 2022 годзе валавыя кітайскія інвестыцыі ў Беларусь выраслі практычна на 80% і наблізіліся да адзнакі $200 млн. У першым квартале 2023 года тэндэнцыя павелічэння патоку капіталу з Кітая захавалася, валавыя інвестыцыі склалі каля $55 млн. Гэтыя звесткі агучыў у чэрвені ў інтэрв’ю часопісу «Эканоміка Беларусі» (выданне міністэрства эканомікі, міністэрства замежных спраў, міністэрства фінансаў РБ і БЕЛТА — РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва») першы намеснік міністра эканомікі РБ Юрый Чабатар. Па інфармацыі чыноўніка, па выніках 2022 года з удзелам кітайскіх кампаній рэалізавана больш за 40 праектаў. Цяпер прапрацоўваецца рэалізацыя «прыкладна 20 перспектыўных ідэй». На працу на кітайскім рынку акрэдытаваны і накіраваны больш за 160 беларускіх прадпрыемстваў.

Найвялiкшы аб’ём прамых кітайскіх інвестыцый прыцягваецца ў прамысловасць, будаўніцтва, транспартную дзейнасць і лагістыку. Пры гэтым у бравурных афіцыйных справаздачах беларускіх чыноўнікаў не рэдкія пасажы ў духу «прамыя інвестыцыі растуць апераджальнымі тэмпамі, аднак іх аб’ём на чыстай аснове зменшыўся больш як на 20%».

1 сакавіка прамысловымі ведамствамі КНР і РБ падпісана Комплексная стратэгія сумеснага прамысловага развіцця. Дакумент накіраваны на стварэнне механізмаў стымулявання беларускіх і кітайскіх прадпрыемстваў да супрацоўніцтва, а таксама актывізацыі і ўмацавання іх тэхналагічнага ўзаемадзеяння. Неад’емнай часткай стратэгіі з’яўляецца дарожная карта па яе рэалізацыі. У ёй змяшчаюцца канкрэтныя праекты і ініцыятывы па прыцягненню кітайскіх тэхналогій і кампетэнцый для мадэрнізацыі беларускіх вытворчасцей і рэалізацыі інвестпраектаў у Беларусі, а таксама стварэнню сумесных прадпрыемстваў.

У Беларусі адной з ключавых пляцовак – з пункту гледжання інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Кітаем – з’яўляецца т.зв. Індустрыяльны парк «Вялікі камень», які будаваўся кітайцамі за кітайскі крэдыт пад гарантыі беларускага ўрада. Па выніках 2021 года з больш за 50 інвестпраектаў з удзелам кітайскіх кампаній у парку «Вялікі камень» рэалізоўвалася 44. У сам парк ужо інвеставана звыш $830 млн (з іх у інфраструктуру парка – больш за $320 млн). Зарэгістравана 108 рэзідэнтаў з 15 краін, 11 рэзідэнтаў — у 2023 годзе.

У Менску лічаць, што «Беларусь і Кітай [ужо] выбудавалі новую мадэль стратэгічнага партнёрства». 11 ліпеня аб гэтым заявіў падчас 5-га пасяджэння беларуска-кітайскай міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў Пекіне першы віцэ-прэм’ер-міністр РБ Мікалай Снапкоў. Тэзісна сутнасць заяў чыноўніка зводзіцца да наступнага:

▪️ Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з’яўляецца прыкладам новага тыпу міжнародных адносін.

▪️ Створаны ўнікальныя магчымасці і механізмы для паглыблення практычнага супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў.

▪️ У частцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, агульнай мэтай павінен стаць новы рубеж у росце тавараабароту — не менш чым на 20%.

▪️ Важна наладзіць закупачныя механізмы, павялічыць чыгуначныя перавозкі і забяспечыць эксплуатацыю зялёных калідораў.

▪️ Неабходна развіваць галіновае супрацоўніцтва з выкарыстаннем высокіх тэхналогій і кампетэнцый.

У ходзе сустрэчы бакі выказалі адабрэнне развіцця парку «Вялікі камень» як міжнароднага высокатэхналагічнага цэнтра для інвестыцый. Удзельнікі абмеркавалі прыярытэты ў паглыбленні навукова-гуманітарнага супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву. У якасці перспектыўных напрамкаў у адукацыі былі адзначаны пашырэнне сумесных адукацыйных праграм, павелічэнне колькасці сумесных праектаў у навуцы і тэхніцы і іх асваенне ў вытворчасці. Падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку план прыкладных мер па развіццю «ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва».

У канцы чэрвеня прэс-служба мінэканомікі РБ паведаміла, што Беларусь і Кітай рыхтуюцца падпісаць інвестыцыйна-паслужное Пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый паміж Беларуссю і Кітаем. У рамках падрыхтоўкі да заключнага раунда перагавораў па праекту гэтага Пагаднення ужо абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, які ўключае гандаль паслугамі, перамяшчэнне фізічных асоб і ажыццяўленне інвестыцый. Па найбольш вострых пытаннях знойдзены «прымальныя для бакоў развязкі». Таксама ўдалося “дасягнуць прагрэсу” ў абмеркаванні ўзаемных оффераў і запытаў па доступе на рынак паслуг і інвестыцый. Бакі маюць намер завяршыць перагаворы па праекту Пагаднення ў канцы ліпеня і забяспечыць праходжанне неабходных працэдур для яго падпісання да канца бягучага 2023 года.

У Пекіне да памкненняў афіцыйнага Менска і дэкларуемай апшнім «новай мадэлі стратэгічнага партнёрства» падыходзяць больш адэкватна i прагматычна. Аб гэтым сведчаць не падпісанні розных пагадненняў і дэкларацый аб намерах укупе з пустымі заявамі чыноўнікаў аб перспектывах і плянах на будучыню, а рэальныя эканамiчныя паказчыкі, згодна з якімі, напрыклад, ад усяго кітайскага экспарту Беларусь займае толькі 0,09 працэнта. Экспарт кітайскіх тавараў у Беларусь у 2022 годзе, паводле звестак Сусветнай гандлёвай арганізацыі і мытнага ўпраўлення Кітая, склаў няпоўныя $3,3 млрд. Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на 84 месцы з 221 краін і тэрыторый свету.

Інфаграфіка: Visualcapitalist.com
 

У палітычнай плоскасці прадстаўнікі МЗС Кітая адкрыта ставяць пад сумнеў суверэнітэт краін, якія выйшлі з Савецкага Саюза, адной з якіх з’яўляецца Беларусь. 21 красавіка пасол КНР у Францыі Лу Шай заявіў у эфіры французскага тэлеканала LCI, што краіны былога СССР «не маюць эфектыўнага статусу ў міжнародным праве, таму што няма міжнароднага пагаднення, якое надало б канкрэтную форму іх статусу суверэнных краін». Падобныя тэзісы агучваюцца нягледзячы на заявы высокапастаўленых беларускіх афіцыйных асоб (на ўзроўні кіраўніка Савета Рэспублікі РБ), што «асноўным прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі» з’яўляюцца адносіны не з Расіяй, а з Кітаем.

У эканамічнай плоскасці, па аб’ёме назапашаных прамых інвестыцый з Кітая ў эканоміцы Беларусі ад агульнай сумы, укладзенай Кітаем да сярэдзіны 2022 года ў постсавецкі рэгіён (ацэнка Еўразійскага банка развіцця), Беларусь займае толькі шостае месца сярод 12 былых рэспублік СССР (без краін Прыбалтыкі). Нягледзячы на значны рост у 2010–2020-х гг. колькасці кампаній з удзелам кітайскага капіталу, іх прысутнасць у беларускай эканоміцы і на сення (сярэдзіна 2023 г.) значна ніжэй, чым арганізацый з інвестыцыямі з Еўропы (Кіпра, Нідэрландаў і г. д.) і Расіі. Пры гэтым у адрозненне ад еўрапейскіх, кітайскія крэдыты і інвестыцыі нясуць Беларусі істотныя рызыкі і накладваюць на беларускі бок шэраг важкіх абавязацельстваў і абмежаванняў. Тэзісна сутнасць праблем, звязаных з рэалізацыяй інвестпраектаў з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый, зводзіцца да наступнага:

▪️ Кітайскія крэдыты давядзецца вяртаць, пры гэтым яны не вырашаюць галоўнай праблемы беларускіх прадпрыемстваў – загрузкі сыравінай. Эксперты Heritage Foundation адзначаюць, што кітайскія кампаніі, якія вельмі часта прадстаўляюць інтарэсы дзяржавы, інвестуюць за мяжой не дзеля атрымання прыбытку, а для трансферту на радзіму тэхналогій, атрымання кантролю над прыроднымі рэсурсамі або захопу рынкавай долі.

▪️ Большасць кітайскіх інвестыцый, якія накіроўваюцца ў Беларусь, гэта звязаныя крэдытныя лініі. Кітайскі бок фактычна не рэагуе на заклікі Менска перайсці ад звязанага крэдытавання беларускай эканомікі да незвязанага, а таксама да непасрэднага інвеставання, дзе кітайскі бок можа выступаць як стратэгічным партнёрам, так і партфельным інвестарам.

▪️ Нягледзячы на падрыхтоўку пілотных праектаў прыватызацыі шэрагу прадпрыемстваў яшчэ ў 2017 годзе, гэты механізм прыцягнення інвестыцый застаецца практычна незадзейнічаным. Пры гэтым умовы крэдытавання прадугледжваюць удзел кітайцаў у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, а набыццё кітайскім бокам беларускіх актываў непазбежна правакуе канфлікт інтарэсаў пакупніка і прадаўца, паколькі першы зацікаўлены ў нізкай цане, а другі — у высокай.

▪️ Кітайскія будаўнікі і іншыя задзейнічаныя ў РБ спецыялісты, праца якіх аплачваецца кітайскімі ж грашыма з іх жа крэдытаў, пакідаюць без працы беларускія будаўнічыя кампаніі і работнікаў. Адначасова беларускі рэжым пазбаўляе сябе магчымасці выбару альтэрнатыўных партнёраў у частцы паставак тэхналогій, абсталявання і т.п., пры гэтым танны кітайскі шырспажыў знішчае беларускую лёгкую прамысловасць.

▪ У Беларусі адсутнічае належная прафесiйная экспертыза дагавораў, якія заключаюцца ў рамках рэалізацыі праектаў з КНР. Пры гэтым узнікае мноства пытанняў не толькі да эканамічных складальнікаў, але і да экалагічнай ацэнкі інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца, як гэта мела месца, напрыклад з будаўніцтвам ГЭС, ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-картонны камбінат» і г.д.

▪ Пра няякаснае выкананне кітайскімі кампаніямі падрадных работ заяўляюць і пішуць нават праўладныя чыноўнікі і СМІ, называючы ў шэрагу праектаў комплекс па вытворчасці картону на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы», завод па вытворчасці сульфатнай бяленай цэлюлозы ААТ «Светлагорскі ЦКК», цэментныя вытворчасці (мадэрнізацыя якіх не дала чаканых вынікаў, а фінансавы стан застаецца няўстойлівым з-за высокага кошту абслугоўвання крэдытаў) і г.д.

▪ Праблемай з’яўляецца і тое, што сродкі прыцягваліся ў асноўным пад гарантыі ўрада РБ, а часта ўзнікаюць сітуацыі, калі абслугоўванне пазык і іх вяртанне ажыццяўляюцца за кошт бюджэтных рэсурсаў: прадпрыемствы толькі выплачваюць налічаныя працэнты па крэдытах, а асноўная сума доўгу рэструктурызуецца праз бюджэт.

▪ Рэалізацыя сумесных праектаў праз прамыя інвестыцыі малаэфектыўная без канкрэтных механізмаў і інструментаў развіцця фондавага рынку ў Беларусі –неразвіты фондавы рынак проста не дазваляе кітайскім інвестфондам актыўна працаваць у Беларусі.

▪ Сыход або занадта моцны крэн банкаўскай сферы РБ у крыптавалютныя схемы («будаваць фермы і кляпаць біткоін» як у Кіргізіі для якой Кітай у апошнія гады стаў найбуйнейшай крыніцай прамых замежных інвестыцый) не выйсце, бо вядзе да таго, што яе структуры могуць перастаць быць банкамі і страцяць усе сувязі з навакольным светам як удзельнікі незаконных фінансавых аперацый і адмывання грошай. Да таго ж Беларусь займае 94-е (сярод 198 краін) месца ў свеце па (не)выгоднасці майнінгу біткоіна.